Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ выдзеліць Кіеву ў сакавіку 3,5 мільярда эўра дапамогі і можа зафіксаваць дату эўраінтэграцыі Ўкраіны

абноўлена

Замежныя лідэры ўшаноўваюць памяць ахвяр расейскай агрэсіі супраць Украіны ў дзень трэціх угодкаў яе пачатку. Кіеў, 24 лютага 2025
Замежныя лідэры ўшаноўваюць памяць ахвяр расейскай агрэсіі супраць Украіны ў дзень трэціх угодкаў яе пачатку. Кіеў, 24 лютага 2025

У Кіеве з удзелам кіраўніцтва ЭЗ і краін – партнэраў Украіны праходзіць форум «Падтрымай Украіну». Ён пачаўся пад гукі паветранай трывогі.

Прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла, што ў сакавіку Ўкраіна атрымае 3,5 мільярда эўра з заплянаванай на 2025 год падтрымкі ў 35 мільярдаў эўра.

«Я магу абвясьціць, што новы плацеж у памеры 3,5 мільярда эўра для Ўкраіны адбудзецца ўжо ў сакавіку», — сказала Ўрзуля фон дэр Ляен.

Паводле яе, з пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны Эўразьвяз і дзяржавы – удзельніцы ЭЗ выдзелілі 134 мільярды эўра дапамогі. «Гэта больш, чым хто-небудзь іншы», — падкрэсьліла яна.

Урзуля фон дэр Ляен падкрэсьліла, што цяпер вырашаецца лёс ня толькі Ўкраіны, а і Эўропы, таму першачарговай задачай Эўропы застаецца ўзмацненьне супраціву Ўкраіны.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што краіны Балтыі прадоўжаць падтрымліваць Украіну і вайсковай тэхнікай, і правядзеньнем навучаньня для ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле яго, эўрапейцы павінны ўзяць на сябе лідэрства ў дапамозе Ўкраіны, а таксама адказнасьць. У гэтай сувязі ён прапанаваў зафіксаваць 1 студзеня 2030 году як дату ўступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз і ўжо цяпер пачаць перамовы аб першым кластэры.

«Бясьпека Эўропы залежыць ад бясьпекі Ўкраіны. Менавіта таму мусім прыскорыць уступ Украіны ў Эўразьвяз. Я прапаную зацьвердзіць 1 студзеня 2030 году як дату ўступленьня Ўкраіны», – сказаў Гітанас Наўседа.

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, які зьвяртаўся да ўдзельнікаў форуму па відэасувязі, заклікаў калег павялічыць аб’ём дапамогі Ўкраіны. Ён таксама заявіў пра недапушчальнасьць правядзеньня мірных перамоў без удзелу Ўкраіну.

«Мы ня можам дапусьціць, каб Украіна падпісала нявыгадныя ёй дамовы», — сказаў ён.

З аналягічнай заявай выступіў і прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл. Паводле яго, нельга дапусьціць дамоўленасьцяў на «прыніжэньні Ўкраіны».

«Дамоўленасьці павінны быць прымальныя для Ўкраіны, і яны мусяць быць на перамовах пры ўдзеле Ўкраіны. [...] Рух на ўступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз павінен прыскорыцца», — падкрэсьліў Пэтр Павэл.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонью Кошта заявіў, што Ўкраіна можа разьлічваць на дапамогу Эўразьвязу.

«Я склікаю на 6 сакавіка спэцыяльнае пасяджэньне Эўрапейскай рады для абмеркаваньня дапамогі Ўкраіны. [...] Украіна можа на нас разьлічваць», – заявіў Антонью Кошта.

Усе ўдзельнікі форуму заявілі аб падтрымцы пазыцыі ўкраінскіх уладаў аб тым, што справядлівы і працяглы мір магчымы толькі на аснове сілы і гарантый бясьпекі.

Шэраг краін, у тым ліку Данія, Канада, Фінляндыя і Гішпанія, заявілі аб дадатковых індывідуальных пакетах вайсковай дапамогі Ўкраіны, якія Кіеў атрымае неўзабаве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG