Раніцай ва ўрочышчы ля намёту валанцёраў стаялі тры міліцэйскія машыны. Кожная зь іх цягам дня па некалькі разоў заяжджае на Курапацкі пагорак — гэткім чынам міліцыянты сьцерагуць адноўленую лаву Клінтана. Абаронцы Курапатаў ужо неаднойчы спрабавалі пераканаць міліцыянтаў хадзіць да мэмарыяльнага знаку пешкі, але пакуль безвынікова.
Сёньня ў Курапатах валанцёры актыўна абмяркоўвалі ўчорашнія падзеі, калі прадстаўнікі лясной гаспадаркі Менскага раёну склалі пратакол на Алеся Гетмана за тое, што нібыта валанцёры валяць лес.
(Гетман: ) "Учора дзесьці аб 11-й гадзіне ў Курапаты завіталі прадстаўнікі ахоўнага лясьніцтва. Адзін зь іх — спадар Макавей са Ждановіцкага лясьніцтва. Яны пастанавілі, што ў квадраце 83 Ждановіцкага лясьніцтва незаконна ўсталяваны намёт і тэрыторыя вакол яго забруджаная рэшткамі дроваў".
Алесю Гетману належыць цяпер у аўторак наведаць кантору Ждановіцкага лясьніцтва, каб, як гаворыцца ў пратаколе, "узгадніць магчымасьць знаходжаньня на тэрыторыі лясьніцтва". Алесь Гетман мяркуе, што такім чынам улады хочуць прымусіць валанцёраў пакінуць Курапаты.
Дарэчы, некалькі месяцаў таму ў Курапаты ўжо наведваліся лесьнкі, але тады яны пагадзіліся з тым, каб валанцёры валілі сухастой. З чым зьвязаная гэткая перамена ў стаўленьні лясьнічых да валанцёраў? Алесь Гетман працягвае:
(Гетман: ) “Яны адказалі, што ім патэлефанавалі зь Міністэрства ўнутраных справаў і прапанавалі падысьці разабрацца з тым, што тут валанцёры валяць лес і робяць крыжы. А крыжы мы рабілі з таго лесу, які валілі самі будаўнікі".
Да таго, распавёў Алесь Гетман, цяпер валанцёры топяць буржуйку збольшага вуглём, які надоечы прывезьлі ў лягер іхныя прыхільнікі.
Сёньня, як і звычайна ў выходныя дні, у Курапаты прыходзілі людзі. Сьвятлана Данілава прыехала з Барысава. Яна прывезла валанцёрам юшку, яшчэ цёплую бульбу з грыбамі, а таксама халадзец. Бацька спадарыні Сьвятланы Іван Хрып быў расстраляны карнікамі НКВД, і дагэтуль невядома, дзе ён пахаваны. Спадарыня Сьвятлана, мяркуе, што найхутчэй у Курапатах.
(Данілава: ) "Калі я пачула, што тут пачалі будаваць дарогу на касьцях, я ня здолела да гэтага паставіцца абыякава, і таму ўвесь час цяпер сюды ежджу".
Апошнім часам да валанцёраў далучыўся 25-гадовы Антон Шкурынскі з расейскага гораду Мур, што ва Ўладзімерскай вобласьці. Летась ён прыехаў у Менск у госьці да свайго сябра, а калі даведаўся пра падзеі ў Курапатах, вырашыў узяць удзел у вахце памяці.
(Шкурынскі: ) "Тут мусіць быць мэмарыял. Насамрэч цяперашняя вахта — гэта таксама супрацьстаяньне цяперашняму рэжыму й напамін аб мінулым, аб сталінскіх рэпрэсіях, і напамін пра тое, што мінулае можа вярнуцца".
Род Антона Шкурынскага паходзіць з Заходняй Украіны, за савецкім часам шмат ягоных родных пацярпелі ад масавых рэпрэсіяў і цяпер ляжаць у брацкіх магілах ў Сыбіру, Казахстане, на Калыме ды ў Салаўках.
Ужо некалькі тыдняў Антон Шкурынскі вывучае ў Курапатах беларускую мову, і на мае пытаньне, як доўга ён зьбіраецца знаходзіцца ў Курапатах, адказаў:
(Антон: ) "Да перамогі".