У вёсцы Мікулічы ўсе вуліцы маюць падвоенныя назовы — афіцыйныя і, так бы мовіць, народныя. Першымі тут ніхто амаль не карыстаецца, нават у лістах чаcьцяком пазначаюць другі варыянт. Да таго ж неафіцыйныя вэрсіі значна прыгажэйшыя і больш мілагучныя. Параўнайце: завулак Моладзевы й вуліца Вітаўта.
Імём Вялікага князя Літоўскага названая самая маладая частка вёскі. 15 гадоў таму на ўскрайку паселішча пабудавалі зь дзясятак тыповых вясковых катэджаў. Тутэйшы настаўнік, кіраўнік Мікуліцкай суполкі Таварыства беларускай мовы Леанід Красоўскі, адразу ахрысьціў сваё новае месца жыхарства імем Вітаўта. Назва прыжылася.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Красоўскі, калі я шукаў ваш дом, я выпадкова сустрэўся і пазнаёміўся з вашай жонкай. Яна адкрыта прызналася, што ня вельмі задаволеная, што я прыехаў да вас у госьці й што я буду з вамі кантактаваць. Яна баіцца нейкіх наступстваў для сябе і для вас. Я паабяцаў не задаваць правакацыйных пытаньняў. Але тым ня менш... Як вашая жонка ставіцца да вашай грамадзкай дзейнасьці?”
(Красоўскі: ) “Яна ў мае справы наагул ня ўмешваецца. Яна баіцца аднаго толькі Фронту, вельмі незадаволеная Фронтам. Ну, яна можа забаялася “па працы”.
(Карэспандэнт: ) “А яна вас падтрымлівае ў вашых памкненьнях?”
(Красоўскі: ) “Ну, вядома што падтрымлівае. Яна ня ўмешваецца ў мае справы”.
(Карэспандэнт: ) “І гэта галоўная падтрымка?”
(Красоўскі: ) “Напэўна, што так”.
(Карэспандэнт: ) “Палітычныя настроі насельніцтва. Якімі словамі вы іх можаце апісаць?”
(Красоўскі: ) “Пэнсіянэры, калі ім плацяць своечасова пэнсію, падтрымліваюць прэзыдэнта. Ёсьць і іншыя настроі”.
(Карэспандэнт: ) “Людзі свае сымпатыі публічна выказваюць?”
(Красоўскі: ) “Бывае такое вельмі рэдка. Яны, вядома, баяцца”.
* * *
Цяпер я знаходжуся ў самым цэнтры вёскі Мікулічы, побач зь мясцовай адметнасьцю — гэта вясковы клюб. 10 гадоў ён быў зачынены, фактычна ніякага культурніцкага жыцьця ў вёсцы не было. Сёлета ж яго адчынілі. Праўда, гляджу я на яго — і ўзьнікае такое ўражаньне, што яго не давялі да ладу: ён часткова пафарбаваны, а часткова не, на вокнах яшчэ сям-там бачныя сьляды вапны й фарбы. Паглядзеў расклад. У гэты час клюб мусіць працаваць, але ўсе дзьверы зачыненыя. Мясцовыя жыхары тлумачаць гэта тым, што супрацоўнікі культурніцкай установы зьехалі ў раённы цэнтар Бярэзіну. Кажуць, што сёньня ім там выдадуць заробак.
Самымі шчасьлівымі ў вёсцы лічацца тыя жыхары, якія працуюць у клюбе, школе, краме, на пошце — карацей кажучы, дзе заўгодна, але толькі ня ў тутэйшай калектыўнай гаспадарцы. Я растлумачу чаму.
Памятаеце жартаўлівае выказваньнье пра тое, што бясконца можна глядзець на тры рэчы: на ваду, на агонь і на тое, як вам выдаюць заробак? Прамовіш такое ў Мікулічах, вяскоўцы за зьдзек гэта прымуць. Не, з вадой і агнём тут поўны парадак. А вось заробку людзі ня бачылі ажно з сакавіка. Прысядзібная гаспадарка з голаду памерці ня дасьць. Але бульбай ды цыбуляй за сьвятло не заплаціш. Таму, калі на двор прыходзіць сутоньне, а затым і ноч, Іван Красоўскі запальвае сьвечку.
(Красоўскі: ) “Я ў полі быў на працы. Зь Бярозаўскіх энэргасетак прыехалі. У мяне не аплачана было. Яна абрэзалі сьвятло ў мяне, у суседа — шмат у каго на нашай вуліцы”.
(Карэспандэнт: ) “Калі вы ім зможаце заплаціць?”
(Красоўскі: ) “Калі заробак аддадуць. Да канца тыдня абяцаюць за сакавік і красавік. Адразу і выплачу”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, аддадуць?”
(Красоўскі: ) “Надзея ёсьць, але ня вельмі”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі вашае жыцьцё перамянілася, калі абрэзалі сьвятло?”
(Красоўскі: ) “Восем гадзінаў — ужо цёмна. Дзьве дачкі закрываюцца й кладуцца спаць. Безь сьвятла ўвогуле жыві як хочаш”.
(Карэспандэнт: ) “А колькі ў вас цяпер грошай у кішэні? Наяўныя беларускія грошы ёсьць?”
(Красоўскі: ) “Зусім няма”.
(Карэспандэнт: ) “Нават тысячы няма?”
(Красоўскі: ) “Няма! Апошняя была, дык учора дачка набыла два боханы хлеба. І ўсё”.
Іван Красоўскі прызнаецца, што выжывае з дапамогай каровы. Грошы за здадзенае малако “пераводзяць” на краму. Там вяскоўцы й атаварваюцца. Ня тое каб Іван быў вельмі задаволены такой формай разьлікаў, але філязафічна заўважае, што магло б быць і горш.
Галіне Дзенісенцы наадварот — схема “малако — тавары ў краме” абсалютна не падабаецца. Тлумачэньне сваёй пазыцыі спадарыня пачынае са згадкі пра самае набалелае, пра адсутнасьць наяўных грошай.
(Дзенісенка: ) “Жыцьцё ў нас добрае. Але ў той жа час і ня вельмі добрае. На сёньняшні дзень у нас ліпень месяц. Мы яшчэ за сакавік не атрымалі ні капейкі”.
(Карэспандэнт: ) “А хто вынаваты ў тым, што склалася такая сытуацыя?”
(Дзенісенка: ) “Раённае начальства вінаватае. Мы тэлефануем старшыні райвыканкаму Карпейчыку. Карпейчык нам: “Дзяўчаты, не падымайце бунт. На гэтым тыдні мы разьлічымся”. У пятніцы тэлефануем ізноў. Ён гаворыць: “На наступным тыдні дакладна разьлічымся”.
(Карэспандэнт: ) “Грошы за малако…”
(Дзенісенка: ) “...пераводзяць на краму. А гэта нязручна. Чаму нам не даюць тыя грошы гатоўкай? Мы бы купілі на рынку танную макарону. Я не хачу набываць на рынку дарагую каўбасу. Я бы набыла сабе два кіляграмы фаршу. Я таньней пракармлю сям’ю. Мы ня можам набыць кавалка мыла, зубную пасту — самае элемэнтарнае, што неабходна ў наш час. Прабачце, але хай ведаюць усе людзі, хутка мікульцаў будуць заядаць вошы. Ну, вось гэта і церпім. Не бунтуем і не страйкуем”.
(Карэспандэнт: ) “А можа варта было б забунтаваць?”
(Дзенісенка: ) “Не, ня варта! Гэта ж ня выйсьце з сытуацыі”.
У Мікулічах жартуюць, што хутка кароваў можна будзе пабачыць толькі ў Чырвонай кнізе. Шмат хто з састарэлых вяскоўцаў адмаўляецца трымаць быдла, бо няма як даглядаць жывёліну належным чынам. Апроч гэтага, штогоду падвышаецца падатак на пашу. Ды й каб калектыўная гаспадарка выпісала сена, вясковец мусіць адпрацаваць яго.
(Спадарыня: ) “Баюся гаварыць, бо ня правільна людзі зразумеюць”.
(Карэспандэнт: ) “Ведаеце, людзі не зразумеюць, калі няпраўду. А калі праўду — мяркую, ніякіх праблемаў ня будзе”.
(Спадарыня: ) “Тут куды ні паглядзі, усюль праўда. Гэта вы ўсё запісваеце?”
(Карэспандэнт: ) “Так. Я ж не пытаюся, як вас клічуць. Што вы хвалюецеся?”
(Спадарыня: ) “Буракі бяром палоць, каб далі нам сена, каб утрымаць карову. Вы бы прыехалі й паглядзелі ў першыя дні, як падзялілі, колькі тут людзей увіхалася”.
(Карэспандэнт: ) “Колькі трэба прапалоць гектараў буракоў, каб атрымаць сена?”
(Спадарыня: ) “Ня так ужо й моцна нас тут няволяць. Вы ўжо ня думайце! Па тры рыскі, па чатыры — хто колькі возьме, у каго на колькі сілаў ёсьць, хто колькі можа зрабіць... Я ўжо на беларускую мову перайшла, як і вы. Гавару!”
(Карэспандэнт: ) “Выдатна! Вы прапалолі — і гэта гарантавана, што вам дадуць сена?”
(Спадарыня: ) “Гарантавана”.
83-гадовую Вольгу Гусак ні карова, ні сена з праполкаю буракоў даўно не турбуюць. Пры доме яна садзіць сабе бульбу — вось і гаспадарка. А хатніх клопатаў — усяго толькі прыгатаваць ежу на аднаго чалавека. Бывае, яшчэ трэба вады прынесьці. Раней гэта рабіў сацыяльны работнік. Цяпер ягоныя паслугі прыйшліся бабе Вользе не па кішэні.
(Гусак: ) “Далі нам дапамогу — мужчына, малады яшчэ такі. Сказалі, што будзе хадзіць і даглядаць. Добра глядзеў, дзякуй яму за гэта. А тады кажа, што за гэта трэба даплачваць. А я кажу яму: “Не крыўдуй, але я дакласьці не магу, мне і сабе мала будзе”. І я яшчэ буду гаротную пэнсію табе даваць?! Не хадзі!”
(Карэспандэнт: ) “І ён больш ня ходзіць?”
(Гусак: ) “Мы падалі заяву, што ён нам не патрэбны. Безь яго вады прынясу, мне дзеці вады прынясуць!”
(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што лепш за іншых жывуць пэнсіянэры. Добра жыць?”
(Гусак: ) “Не. Дзе ж яно добра? Хаця б з хлебам пражыць”.
(Карэспандэнт: ) “А хапае на хлеб?”
(Гусак: ) “На хлеб хапае. Толькі яго й купіш, а болей нічога”.
Памятаю, пасьля вясновых выбараў у мясцовыя саветы дэмакратычная грамадзкасьць падлічвала свае перамогі. У газэце надрукавалі плян Беларусі, дзе адмысловымі сымбалямі пазначалі месцы, дзе “прайшлі” сябры апазыцыйных партыяў, актывісты недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў і дэмакратычна зарыентаваныя незалежныя дэпутаты.
У той кропцы, дзе на мапе знаходзяцца Мікулічы, ніякіх пазнакаў я тады не знайшоў. Але часам дасьледаваньня жыцьця ў вёсцы пазнаёміўся з Васілём Шалупенкам.
(Карэспандэнт: ) “Вы зьяўляецеся старастам вёскі й вы зьяўляецеся дэпутатам, прадстаўніком улады тут на месцы, у вёсцы Мікулічы. Ці мае мясцовая ўлада аўтарытэт?”
(Шалупенка: ) “Яшчэ ня страчаная ў людзей надзея на мясцовую уладу. У тым сэнсе, што мы вырашаем пытаньні, якія мы можам вырашыць: адкрылі фэльчарска-акушэрскі пункт у вёсцы Мікулічы, які не працаваў доўгі час”.
(Карэспандэнт: ) “Выпадала чуць такое выказваньне, што мясцовай уладзе не хапае паўнамоцтваў, праз гэта ў яе часам зьвязаныя рукі. Ці пагаджаецеся вы?”
(Шалупенка: ) “Я бы сказаў, што не хапае ня толькі паўнамоцтваў, але часам і ініцыятывы. Ініцыятыўная ўлада на ўсіх узроўнях здольная нешта зрабіць. Павінны быць шчыльныя кантакты выканаўчай улады і саветаў дэпутатаў. Не заўсёды ёсьць паразуменьне. І ня наша гэта віна”.
(Карэспандэнт: ) “Якімі словамі можаце апісаць палітычныя сымпатыі, палітычныя погляды аднавяскоўцаў?”
(Шалупенка: ) “Калі разглядаць стаўленьне людзей да ўлады, яна не выклікае нейкага такога незадавальненьня. Асаблівага. Да вышэйшай улады ў людзей пытаньняў няма, бо вёска жыве сваімі праблемамі”.
Тут я паўтару словы Васіля Шалупенкі: “Вёска жыве сваім жыцьцём”. І на грунце калярыту Мікулічаў працягну фразу: “Вёска жыве сваім жыцьцём, а ўлады — сваім”.