Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што могуць даць Курапаты «Бульбаш-холу»?


У Курапатах — літаральна за сто мэтраў ад крыжоў — вось-вось адкрыецца забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол».

Калі даведалася, першай рэакцыяй было абурэньне. Чарговы вандалізм ля магілаў нявінна рэпрэсаваных. Танцы на касьцях. Амаральная ўлада, што дазваляе бізнэсоўцам ладзіць забавы ля нацыянальнага нэкропаля. Прыкладна ў гэткай жа танальнасьці прагучала большасьць камэнтароў гісторыкаў, абаронцаў Курапатаў, знакамітых археолягаў... Мы гадамі гаворым пра Курапаты і ўладу ў гэтай танальнасьці. І што мяняецца?

А калі паспрабаваць паглядзець на гэта крыху інакш.

У многіх эўрапейскіх гарадах могілкі знаходзяцца блізка ад жылых кварталаў. І гэта не засмучае жыхароў

Ля будынку штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе знаходзяцца габрэйскія могілкі. Са свайго акна я магу бачыць кавалак магілы Франца Кафкі. Тэрыторыя могілак мэтрах у дваццаці-трыццаці ад аўтастаянкі, тут жа аўтавакзал, цырк, станцыя мэтро і вялікі гатэль. Чамусьці такое суседзтва не падаецца абуральным. Погляд на могілкі часам супакойвае, застаўляе задумацца, паназіраць за эстэтыкай могілак, адчуць філязофіяю жыцьця і сьмерці.

У многіх эўрапейскіх гарадах могілкі знаходзяцца блізка ад жылых кварталаў. І гэта не засмучае жыхароў. Як дарэчы, і ў Менску вокны многіх кватэраў накіраваныя на вайсковыя могілкі. І гэта з большага не замінае жыхарам і не абражае мёртвых.

Я шмат разоў чула ад людзей, якія прыходзяць у Курапаты, што яны ў гэтым месцы адчуваюць сябе інакш, дастаткова проста прайсьціся ля крыжоў, падумаць ці папрацаваць у Курапатах і гэтае надае духоўнай моцы.

З задняга боку Курапатаў збудаваны шыкоўны жылы комплекс, «пасёлак Сонечны», як яго называюць, супраць узьвядзеньня якога вялося змаганьне і ладзіліся пратэсты ў сярэдзіне 2000 гадоў, і я сама пра гэта зрабіла шмат рэпартажаў.

І вось глядзяць жыхары гэтых дарагіх дамоў са сваіх вокнаў на крыжы, праходзяць часам курапацкім лесам, бачаць талокі ці акцыі памяці. Ці гэта дрэнна? Магчыма я памыляюся, але думаю, што многія зь іх пасьля гэтага задумваюцца, будуць лепш уяўляюць гісторыю рэпрэсій у Беларусі. Хаця б некаторыя зь іх, і гэта ўжо добра.

Чаму ўсё, што будуецца ля Курапатаў, павінна катэгарычна не прымацца грамадзкасьцю, якая апякуецца месцам гібелі сталінскіх ахвяраў?

А што можа даць будаўніцтва ля Курапатаў забаўляльнаму цэнтру?

«Бульбаш-хол» нічога ня можа забраць у Курапатаў. Гэтае месца крывёй ахвяраў ўпісанае ў сусьветную гісторыю рэпрэсій, у гісторыю Беларусі. Яго ўжо немагчыма зьнішчыць ані фізычна, ані маральна. Тым больш нейкаму «бульбаш-холу».

Ці было б гэта ўсё гэта, каб не будавалі дарогу праз Курапаты? Не ўпэўненая

Давайце паспрабуем прааналізаваць, а што дало будаўніцтва кальцавой дарогі для Курапатаў у 2001-2002 гадах? Дало тое, што пра Курапаты згадала ўся Беларусь і ўвесь сьвет, паўстала унікальная вахта памяці, васьмімесячны намётавы лягер, дзеля абароны Курапатаў усталявалі сотні крыжоў, больш людзей сталі наведваць урочышча, дзясяткі маладзёнаў, якія прайшлі праз Курапаты, ніколі ў жыцьці не забудуць гэтае месца і штогод прыходзяць у Курапаты на Дзяды ці іншыя жалобныя мерапрыемствы.

Ці было б гэта ўсё гэта, каб не будавалі дарогу праз Курапаты? Не ўпэўненая.

І вось цяпер мы бачым у СМІ дзясяткі фота- і відэарэпартажоў з Курапатаў. Мы чуем галасы абурэньня. Прыцягнутая ўвага да гэтага месца, тады як паўтара году ніхто не заўважаў, як будавалі гэты «Бульбаш-хол».

Дык што могуць даць Курапаты «Бульбаш-холу»?

Грошы, сапсаваную рэпутацыю, неспакойнае сумленьне ўладальнікаў(магчыма), пратэсты грамадзтва, непавагу часткі суайчыньнікаў, і кароткі ганебны радок у доўгай гісторыі Курапацкага мэмарыялу...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG