Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадач: «У Захаду проста вымантачваюць грошы»


Уладзімер Барадач
Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач апазнаў сярод зброі, якую летась дэманстравалі ў частцы ўнутраных войскаў Беларусі, нямецкі пісталет «Зіг Заўэр», які раней бачыў толькі ў Закаўказьзі. Былы палкоўнік спэцназу не выключае, што гэтую зброю беларускім міліцыянтам перадалі нямецкія паліцэйскія ў межах «дапамогі».

Былы палкоўнік вайсковага спэцназу на просьбу карэспандэнта «Свабоды» прагледзеў у інтэрнэце відэа экскурсіі беларускіх журналістаў у брыгаду спэцназу ўнутраных войскаў беларускай міліцыі. Экскурсія адбылася 14 сакавіка 2011 году. Тады журналістам паказалі зброю, якой карыстаюцца байцы 1-й роты спэцназу, у тым ліку аўтаматы і пісталеты. Ці ня гэтую зброю паставіла нямецкая паліцыя падчас нядаўніх кантактаў зь беларускай міліцыяй, з-за якіх цяпер у Нямеччыне разгарэўся палітычны скандал? Уладзімер Барадач пацьвердзіў, што на відэа бачны пісталет вядомай швайцарска-нямецкай фірмы «Зіг Заўэр»:

«Там сапраўды ёсьць пісталет „Зіг Заўэр“. Гэта нямецкі пісталет, які выкарыстоўваецца ў спэцчастках Нямеччыны ды іншых краін сьвету. Ён у кадры зьлева, большая частка яго бачная. Гэта вельмі эфэктыўная зброя. Такі пісталет я бачыў у адной з закаўкаскіх рэспублік. А ў беларускім спэцназе раней яго не было. Зараз тут у Нямеччыне разгарэўся скандал, „зялёныя“ і сацыял-дэмакраты асуджаюць нямецкую паліцыю за кантакты зь беларускімі сілавікамі, патрабуюць большага кантролю за замежнай дзейнасьцю нямецкай паліцыі».

Уладзімер Барадач з 2011 году жыве ў Нямеччыне, дзе атрымаў палітычны прытулак, і цяпер уважліва сочыць за скандалам вакол супрацоўніцтва нямецкай паліцыі і беларускага МУС. Ён скептычна ставіцца да заяваў высокапастаўленых паліцыянтаў, што зброя беларускім міліцыянтам нібыта не пастаўлялася, а перадалі толькі кампутары ды некалькі спэцаўтамабіляў «Фольксваген». Абурае палітычнага ўцекача, што нямецкія паліцэйскія працягвалі супрацоўнічаць з калегамі зь Беларусі і пасьля сьнежня 2010 году:

«Самае галоўнае, што і пасьля брутальнага разгону мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня выбараў, пасьля пасадкі больш як 600 удзельнікаў мітынгу, у тым ліку кандыдатаў на прэзыдэнта, некаторыя зь якіх дагэтуль сядзяць, гэтая падрыхтоўка нашых спэцназаўцаў працягвалася. Гэта немагчыма ўявіць!»

Нямецкія журналісты пішуць, што супрацоўніцтва зь беларускімі міліцыянтамі вялося праз паліцэйскія часткі розных фэдэральных земляў. Паводле тлумачэньняў кіраўніцтва дрэздэнскай паліцыі выданьню Sächsische Zeitung, іхная супраца зь беларускімі сілавікамі скончылася ў 2010 годзе, а фінансавалася яна за кошт фэдэральнага Міністэрства ўнутраных спраў у Бэрліне. Ніякім узбраеньнем кшталту дручкоў, бронекамізэлек і шчытоў, пра што пісала выданьне Bild, саксонская паліцыя беларусаў не забясьпечвала, сьцьвярджаюць дрэздэнскія паліцыянты.



Тым часам аглядальнікі інфармацыйнага агенцтва DPA і аднаго з самых аўтарытэтных нямецкіх выданьняў Frankfurter Allgemeine не выключаюць, што падобнае паліцэйскае ўзбраеньне магло накіроўвацца ў Менск празь іншыя зямельныя ведамствы або празь Зьвяз асобых атрадаў паліцыі.

Афіцэры брыгады беларускага спэцназу ўнутраных войскаў, зь якімі размаўлялі беларускія журналісты ў сакавіку 2011 году, казалі, што нямецкая зброя і рыштунак былі закупленыя для СОБРа: пісталеты паступілі на ўзбраеньне каля паўгода таму, шчыты — каля года таму. «Па часе гэта супадае з тым пэрыядам найбольш актыўнага супрацоўніцтва, які прызнаюць тутэйшыя паліцыянты», — заўважае Ўладзімер Барадач.
Ідзе запалохваньне Захаду, выбіваньне зь яго грошай. А Захад „вядзецца“ на гэтыя штучкі, элемэнтарна пападаецца

Зь якой мэтай нямецкія паліцэйскія супрацоўнічалі зь беларускімі сілавікамі? Уладзімер Барадач выключае пытаньні карупцыі. Паводле яго, з гэтай праблемай у Нямеччыне ўмеюць змагацца. «Проста беларускія спэцслужбы навучыліся выдатна падманваць сваіх замежных калегаў, „разводзіць“ іх на праблемах тэрарызму і незаконнай міграцыі», — кажа Ўладзімер Барадач:

«Праводзяць спэцапэрацыі. То правялі нібыта напад на райаддзел міліцыі недзе ў Жлобіне, які расьсьледуюць больш, чым тэракт у мэтро. Потым быў выбух у краме. Зараз вунь пад Гродна ў схроне на шляху нелегалаў нібыта знайшлі 95 кіляграмаў плястычнай выбухоўкі. Гэтак ідзе запалохваньне Захаду, выбіваньне зь яго грошай. А Захад „вядзецца“ на гэтыя штучкі, элемэнтарна пападаецца».

У МУС Беларусі паведамілі, па якіх кірунках ішло супрацоўніцтва зь нямецкай паліцыяй у 2008–2010 гадах. Гэта супрацьдзеяньне нелегальнаму аўтабізнэсу; барацьба зь нелегальнай міграцыяй; апэратыўны аналіз; ахова грамадзкага парадку пры правядзеньні футбольных і хакейных матчаў; вывучэньне асаблівасьцяў працы рэгіянальных аддзелаў; арганізацыя працы паліцэйскіх участкаў для часовага ўтрыманьня арыштаваных. Было праведзена каля 50 сумесных мерапрыемстваў, адзначае МУС Беларусі.

Апрача таго, згодна з паведамленьнем МУС, сумесная праца беларускіх і нямецкіх праваахоўнікаў па выкрыцьці міжнародных злачынных груп «мела месца і ў 2011 годзе». «Яркім прыкладам можа служыць выкрыцьцё банды, якая дзейнічала на тэрыторыі Нямеччыны, Літвы, Польшчы і Беларусі. Яе членамі былі ўчынены 34 збройныя разбойныя напады на банкі з выкраданьнем больш як 800 тыс. эўра», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG