Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар IBB: «Абмену вопытам „як дубасіць дэманстрантаў“ дакладна не было»


Віктар Балакіраў, выканаўчы дырэктар IBB
Віктар Балакіраў, выканаўчы дырэктар IBB
З 2008 па 2011 гады каля 500 беларускіх міліцыянтаў і памежнікаў прайшлі ў Нямеччыне і ў самой Беларусі навучаньне і трэнінгі, арганізаваныя нямецкай паліцыяй. Улады Нямеччыны падкрэсьліваюць, што мэтай было знаёмства беларусаў з працай паліцыі ва ўмовах прававой дзяржавы. Пра гэта 24 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі казалі афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайбэрт (Steffen Seibert) і прэсавы сакратар МУС Філіп Шпаўшус (Philipp Spauschus). Але супрацоўніцтва беларускіх міліцыянтаў і нямецкіх паліцыянтаў пачалося значна раней, яшчэ ў 1990-я гады. Тады Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар (IBB) разам з Дортмундзкім адукацыйным цэнтрам зладзілі некалькі паездак беларускіх міліцыянтаў у Нямеччыну, а немцаў — у Беларусь. Але, як сьцьвярджае беларускі дырэктар Міжнароднага адукацыйнага цэнтру Віктар Балакіраў, тыя паездкі мелі выключна інфармацыйна-адукацыйны характар:

«Дзесьці ў 1995–96 гадах, калі толькі адчыніўся наш цэнтар, былі наладжаныя кантакты паміж Міністэрствам унутраных спраў зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія і Міністэрствам унутраных спраў Беларусі. Гэта было толькі ў 1990-я гады, а потым усё сышло на няма нішто. Было некалькі такіх паездак: немцы прыяжджалі сюды, а беларускія міліцыянты езьдзілі туды. Тут немцы жылі ў беларускіх сем’ях, потым выяжджалі ў Міністэрства ўнутраных спраў, у раённыя аддзелы ўнутраных спраў. Гэта выключна інфармацыйна-адукацыйныя паездкі. Сэмінараў тэматычных дакладна не было, і абмену вопытам — як дубасіць дэманстрантаў — дакладна не было».

Журналістка Тацяна, якая працавала тады ў адным зь дзяржаўных беларускіх СМІ, таксама ўзгадвае адну з такіх паездак:

«Тады мы на такім старэнькім „пазіку“ яшчэ з тагачасным кіраўніком Дзяржпагранкамітэту Генадзем Бачаровым перасякалі мяжу. Нашы міністры там былі самыя розныя, і міністар унутраных спраў таксама. Мы былі і ў парлямэнце, і ў Патсдаме абмяркоўвалі шмат чаго, сустракаліся і з дыпляматамі, і з паліцыянтамі. Але мэта гэтай паездкі такая: розным людзям, сілавікам і не сілавікам, прапаноўвалася паўдзельнічаць у абмеркаваньні, як лепей уладкаваць грамадзтва, як працуюць дэмакратычныя законы. У опэру хадзілі. Але на палігонах трэніровачных не былі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG