Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая апазыцыя хоча «спусьціць штаны» з МУС за дапамогу беларускім сілавікам


Газэта Bild паведаміла, што ў Беларусь пастаўлялі шчыты, дубінкі і шлемы.
Газэта Bild паведаміла, што ў Беларусь пастаўлялі шчыты, дубінкі і шлемы.

"Ашуканствам" назвала нямецкая апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя тлумачэньні міністра ўнутраных спраў краіны Ганса-Пэтэра Фрыдрыха з нагоды супрацоўніцтва з беларускімі сілавікамі.

СДПГ заявіла пра намер як мага хутчэй запрасіць міністра на пасяджэньне парлямэнцкага камітэту па ўнутраных справах. Левая партыя і «зялёныя» падрыхтавалі сьпіс пытаньняў ўраду і будуць патрабаваць ад Фрыдрыха найперш тлумачэньняў адносна паставак рыштунку сілавым структурам Беларусі, паведамляе выданьне Der Tagesspiegel. Апазыцыя палічыла недастатковай інфармацыю МУС, якое 27 жніўня заявіла, што Мінску былі перададзены кампутары, праграмнае забесьпячэньне, відэакамэры і тры аўтамабілі «Фальксваген», а гумовыя дубінкі — прынамсі па лініі міністэрства — не пастаўляліся.

«Тлумачэньні фэдэральнага міністэрства расплывістыя і двухсэнсоўныя. Міністэрству час спусьціць штаны», — заявіў прадстаўнік фракцыі СДПГ па ўнутраных справах Міхаэль Хартман. Ён выказаўся ў падтрымку супрацоўніцтва паміж сілавымі ведамствамі, у тым ліку праблемных краін, «але ёсьць „чырвоныя лініі“, і ў выпадку з Беларусьсю яе перасеклі тады, калі стала ясна, што ў Лукашэнкі няма намеру праводзіць рэформы».

Паводле дэпутата ад левых Яна Кортэ, кіраўнік МУС паспрабаваў апраўдацца за пастаўку відэа- і кампутарнай тэхнікі, але гэта было ашуканствам, бо «кожны ведае, наколькі важная менавіта гэтая тэхніка для кіраваньня паліцэйскімі злучэньнямі».

Фракцыя «Зялёныя» ўспрыняла такі від дапамогі з боку Германіі «са зьдзіўленьнем». «Было б выдатна, калі б грамадзянская супольнасьць таксама атрымала падтрымку, — заявіў кіраўнік партыі Джэм Эздэмір. — Не маю нічога супраць навучаньня паліцыі, але гэта павінна праходзіць у прававых межах».

Раней газэта Bild паведаміла, што акрамя тэхнікі ў Беларусь было пастаўлена прыкладна 100 камплектаў рыштунку (шчыты, дубінкі, шлемы), а беларускім сілавікам у межах вучобы было дазволена прысутнічаць пры разгоне праціўнікаў транспарціроўкі ядзерных адкідаў. Акрамя таго, паводле зьвестак газэты, супрацоўніцтва працягвалася ў 2011 і 2012 гадах, хаця афіцыйныя асобы заяўлялі, што яно было спынена пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і здушэньня акцыі пратэсту ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG