Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускіх вытворцаў малака прымусілі»


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заклікае не ўздымаць ажыятаж вакол паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расею. «Беларусь пераходзіць на вытворчасьць прадукцыі, якая доўга захоўваецца, дзеля закладкі яе на зіму, тым самы здымаецца напружаньне на рынку», — заявіў Сурыкаў.

За кошт чаго беларускія малочныя вытворцы пакуль перамагаюць расейскіх на іхнім рынку?

На чыю карысьць будуць заканчвацца малочныя войны ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы?

На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: «Расейскія вытворцы малака чарговы раз абураюцца дзеяньнямі беларускіх, якія ня толькі не спынілі пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею, але нават істотна павялічылі, напрыклад, пастаўкі масла. Ці можна пагадзіцца з Сурыкавым, які заяўляе, што ніякага канфлікту няма?»

Залескі: «Канфлікт існуе і будзе існаваць да таго часу, пакуль вытворцы малака ў Беларусі і Расеі будуць працаваць у розных умовах. А розныя ўмовы будуць захоўвацца, пакуль Беларусьсю будзе кіраваць Лукашэнка. Лукашэнка — прыхільнік буйной гаспадаркі, якая стала пераемніцай калгаснай сыстэмы. І яна трымаецца на істотных дзяржаўных датацыях. І таму ў кожным кілё масла, у кожным літры малака ў нас утрымліваецца доля дзяржаўных датацыяў, якіх расейскія вытворцы ня маюць.

І, адпаведна, цана, якую прапануюць беларусы на расейскім рынку, больш прывабная для расейскіх пакупнікоў. Таму беларускія вытворцы перамагаюць у канкурэнтнай барацьбе. У адказ тыя заяўляюць — „Гэта не сапраўдная, няшчырая канкурэнцыя“. І праз дамову аб адзінай эканамічнай прасторы беларусаў вельмі хутка прымусяць стаць на тыя самыя ногі, на якіх стаяць расейцы».

Цыганкоў: «Чаму расейскае кіраўніцтва ўжо зараз ня можа больш жорстка ставіцца да беларускіх малочных прадуктаў? Можа, з палітычных прычынаў — бо кіраўніцтва Расеі баіцца гэта рабіць, бо не жадае, каб гэта выклікала пэўны палітычны скандал?»

Залескі: «Так, Расеі не патрэбныя скандалы, але ёй патрэбныя інструмэнты ціску на Беларусь. Любыя дзяржавы ў меру сваёй здольнасьці выкарыстоўваюць ня толькі „пісаныя“, але і „нетарыфныя“ захады. Што і прадэманстравала заява Сурыкава. Беларусаў прымусілі вырабляць такую прадукцыю, якая трапіць на расейскі рынак тады, калі гэта трэба будзе расейскаму малочнаму саюзу».

Цыганкоў: «Вы лічыце, што беларускіх малочных вытворцаў прымусяць гуляць паводле расейскіх правілаў?»

Залескі: «Ад таго дня, калі будзе падпісаная дамова аб Адзінай эканамічнай прасторы, беларускіх вытворцаў малака, цукру, усяго іншага будуць прымушаць рабіць тое, што патрэбна ўраду РФ. Гэта будзе рабіцца самымі рознымі спосабамі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG