Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наш народ ужо зусім ня той, якім быў яшчэ год таму..."


Значнае месца ў нашай пошце апошняга часу займае тэма цяперашняга стану дэмакратычнай апазыцыі. Ці ўлічвае яна тыя зьмены грамадзкіх настрояў, якія імкліва адбываюцца на тле жорсткага эканамічнага крызісу? Ці здольная арганізаваць сваіх прыхільнікаў і пераадолець супярэчнасьці ды сваркі ва ўласных шэрагах?

Адзін зь лістоў на гэтую тэму, зь якога пачну сёньняшнюю размову, даслаў нам Аляксей Кузьняцоў з Глыбокага. Разважаючы пра дзейнасьць апазыцыйных лідэраў і актывістаў, слухач піша:

"Як студэнты "ад сэсіі да сэсіі" жывуць весела і бесклапотна, так і наша апазыцыя – ад выбараў да выбараў. На жаль, танцы "на граблях" працягваюцца: жыцьцё ня вучыць іх быць згуртаванымі, наблізіцца да людзей, пераступіць праз уласнае самалюбства. Чаму за цэлы год нельга было сабрацца, аб'яднацца, наладзіць агульныя акцыі? Гэтага няма, затое ёсьць нізкапаклонства перад Захадам. Вось адзінае месца, дзе нашы апазыцыянэры могуць сабрацца і пагаварыць. Што іх так вабіць туды? Ці моцна падкасілі рэжым санкцыі Захаду? І ці адчуваў Саньнікаў падтрымку з-за мяжы, калі яго этапавалі з Наваполацку? Не, ня там вы шукаеце шчасьце, хлопцы. А што, калі прыйсьці да заводзкай прахадной і пагаварыць з рабочымі? Ці з урачамі ў бальніцы? Ці з настаўнікамі ў школе? Ці з калгасьнікамі ў полі? Але гэта – не пра нашу апазыцыю...

І не чакайце ў бліжэйшы час вызваленьня Саньнікава і Статкевіча – гэта ня тыя людзі, якія, выйшаўшы на волю пры такіх віраваньнях у грамадзтве, будуць займацца клаўнадай і пацяшэньнем улады.

Тысячу разоў ня маюць рацыі тыя, хто сьцьвярджае, што народ варты такога прэзыдэнта. Народ ёсьць люстраным адбіткам апазыцыі. Калі ёсьць лідэр, слова, справа – тады ёсьць і ўпэўненасьць, і адвага, і масавасьць. А калі чалавек толькі на месяц прызначаны кандыдатам у прэзыдэнты, а потым раптам вырашае прысьвяціць сябе аналізу эканомікі – то гэта хочацца назваць адным ёмістым нецэнзурным словам.

Так што павярніцеся, апазыцыянэры, тварам да людзей. Народ ужо зусім ня той, якім быў год таму. Але яго яшчэ трэба падтрымаць, даць магчымасьць паверыць у свае сілы і значнасьць. Людзям не хапае інфармацыі. У рэгіёнах многія ўвогуле мала ўяўляюць, што адбываецца. Яны кепска ведаюць свае правы, не ўяўляюць, якім чынам на законных падставах можна выставіць чыноўніку патрабаваньне. Не арыентуюцца, які чыноўнік за што адказвае... А пытаньняў назьбіралася нямала. Людзям ёсьць што расказаць пра свой узровень жыцьця, пра стан спраў на прадпрыемствах, пра карупцыю і хабарніцтва..."
.

Вось чытаў я, спадар Аляксей, ваш ліст – у прыватнасьці, пра тое, аб чым хацелі б расказаць простыя людзі апазыцыянэрам, – і нібы перачытваў пляны арганізатараў Народных сходаў. Якраз дзеля гэтага яны і клікалі людзей на плошчы, у двары, да прахадных – каб разам абмеркаваць нярадасную рэчаіснасьць і паспрабаваць супольна сфармуляваць агульныя патрабаваньні да ўлады. Чым скончыліся гэтыя кастрычніцкія ды лістападаўскія спробы Народных сходаў – вядома.

Папрокі на адрас апазыцыі за тое, што яна, маўляў, адарвалася ад народу, не ідзе да прахадных, у заводзкія цэхі, да мэдыкаў і настаўнікаў – гучаць, наколькі я памятаю, усе тыя дваццаць гадоў, што гэтая апазыцыя ў Беларусі існуе. Многія апазыцыйныя лідэры рэагавалі на такую крытыку і спрабавалі ісьці ў народ. Што з гэтага атрымалася? Валтузілі іх ля заводзкіх прахадных, выганялі са школ і бальніц, гвалтам цягнулі ў міліцэйскія "варанкі" з плошчаў і рынкаў. І ці можна згадаць хоць адзін выпадак, каб на такія сустрэчы ў рэгіёнах сабраліся калі не дзесяткі тысяч, то хоць бы тысячы тых, хто – як вы, спадар Аляксей, пішаце – прагне праўды, і абаранілі сваіх лідэраў?

Тут можна шмат казаць пра страх, запалоханасьць, апатыю, адміністратыўны ціск і гэтак далей. Усё гэта – праўда, але ня ўся. Немагчыма зрабіць шчасьлівым чалавека насуперак ягонай волі і безь ягонага ўдзелу. У большасьці беларускага грамадзтва, выглядае, свой асаблівы шлях да спасьціжэньня гэтай ісьціны.

Аўтар наступнага ліста Ганна Матусэвіч з Койданава (Дзяржынску) у сваім лісьце акцэнтуе ўвагу на праблеме сьмяротнага пакараньня. Слухачка піша:

"Рэвалюцыя суправаджаецца ахвярамі, але яна ж прыносіць жыцьцёвае абнаўленьне. Значыць, рэвалюцыі – апраўданыя. Няма апраўданьня толькі сьмяротнай кары. Бо калі гвалтам перапыняецца чалавечае жыцьцё, яшчэ поўнае зямных жарсьцяў, дзе віруюць злосьць, страх, нянавісьць – гэта не праходзіць бясьсьледна і для тых, хто застаецца на гэтай зямлі. Усё ў гэтым сьвеце ўзаемазьвязана, і нішто не мінае марна.

Калі мы дапусьцім цяпер сьмяротнае пакараньне (няхай сабе і дзеля пакараньня зла), дык змушаныя будзем несьці цяжкую карму – падобна тым, хто дапусьціў пакутніцкую сьмерць Пана Езуса на крыжы"
.

Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе сьмяротныя прысуды выносяцца і выконваюцца. Мяркуючы па апошніх камэнтарах Аляксандра Лукашэнкі да судовага працэсу ў справе тэракту ў менскім мэтро, пакараньне сьмерцю застанецца і надалей. Прынамсі, абвінавачаным у тэракце Канавалаву і Кавалёву, як вынікае з адказаў Лукашэнкі на пытаньні журналістаў, разьлічваць на паблажлівасьць суду не выпадае. Заўважу пры гэтым, што ў гісторыі Беларусі было мноства прыкладаў таго, калі пад расстрэл траплялі зусім невінаватыя людзі, якія падчас сьледзтва пад катаваньнямі прызналіся ў цяжкіх злачынствах, якіх не ўчынялі. Дастаткова ўспомніць гучную справу віцебскага маньяка Міхасевіча – трагічныя здарэньні 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Папрокі на адрас беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ў сувязі з новымі інтэграцыйнымі ініцыятывамі ўлады выказвае ў сваім лісьце на "Свабоду" Сяргей Петрушкевіч з Кобрына. Слухач піша:

"Нас зноў цягнуць у саюз – цяпер яго ўжо называюць эўразійскім. Пакуль гэта датычыць толькі беларусаў і казахаў, але хто ведае, што будзе далей. Мы ўжо былі ў саюзе з камуністычнай Расеяй – з 22-га па 91-ы гады. Што перажылі і атрымалі? Толькі вынішчэньне самых працавітых і сьвядомых.

Выбіраючы васямнаццаць год таму ў прэзыдэнты дырэктара саўгасу, народ разьлічваў, што гэтым адкіне камуністаў і пачне жыць па-людзку. А выявілася, што "ўсенароднаабраны" – гадаванец КДБ і рэзыдэнт маскоўскага Крамля. Амаль два дзесяцігодзьдзі мінула, а да нашай беларускамоўнай інтэлігенцыі ў поўнай меры так і не дайшло, што задача гэтага чалавека – завесьці Беларусь зноў у імпэрыю і зьнішчыць нашу мову. А няма мовы – няма і народу.

Сёньня мы апынуліся на дне, без эканамічнага дабрабыту, без навукова-тэхнічнага прагрэсу... Мы сталі на тую ж прыступку, на якой былі афрыканскія дзяржавы 50 год таму, адразу пасьля краху каляніяльнай сыстэмы. Наш этнас сёньня – на парозе зьнішчэньня. Беларуская інтэлігенцыя павінна ўсьвядоміць, наколькі катастрафічная такая сытуацыя, і не сядзець як мыш пад венікам. Пад ляжачы камень вада не бяжыць"
.

Ня думаю, спадар Сяргей, што ў нацыянальна сьвядомай беларускай інтэлігенцыі ёсьць нейкія ілюзіі наконт той палітыкі, якую ажыцьцяўляе рэжым Лукашэнкі. Асаблівых спадзяваньняў ды чаканьняў, зрэшты, не было і ў 94-м годзе, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў. Аляксандар Лукашэнка ішоў да ўлады зусім не пад лёзунгамі нацыянальнага адраджэньня альбо падтрымкі беларускай мовы. Іншая справа, ці пачула тады большасьць беларускага грамадзтва галасы сваёй інтэлігенцыі, яе засьцярогі і заклікі? І ці чуе грамадзтва гэтыя галасы зараз?

І апошні ў сёньняшнім аглядзе ліст – ад Віталя Макаловіча зь вёскі Няловы Валожынскага раёну, у якім слухач разважае пра беларускія суды, пра тое, ці можна знайсьці ў іх справядлівасьць. Спадар Віталь піша:

"Нядаўна слухаў вашу перадачу пра нашу судова-прававую сыстэму. Усё, што прагучала, вядома ж, слушна: незалежнага суду ў нас няма – аж да Вярхоўнага суду Беларусі. Сам я ўжо 25 год дамагаюся прызнаньня мяне беспадстаўна пацярпелым ад злоўжываньня псыхіятрыяй – і безвынікова. Колькі інстанцый за гэты час прайшоў, колькі абяцаньняў выслухаў – і ўсё засталося бязь зьменаў.

Калі нашы судзьдзі так нахабна і цынічна зацьвярджаюць яўную хлусьню – значыць, яны маюць спрыяньне і абарону таго, хто іх прызначае на гэтыя пасады…Пра што яшчэ тут можна гаварыць? Я і раней у сваіх лістах на "Свабоду" апісваў сваю гісторыю. Дзіўна, чаму ніякія міжнародныя інстанцыі не кантралююць гэтую праблему.

Вельмі шкада, што народ наш такі аморфны, паслухмяны, што ён зьмірыўся са злом, што людзі эгаістычныя і абыякавыя…

Тут неяк у званках на "Свабоду" прагучала, што ўся справа нібыта ў тым, што няма дастойнага альтэрнатыўнага лідэра. Глупства! Усе дзевяць кандыдатаў у прэзыдэнты – дастойныя лідэры. Вось толькі тых людзей, якія гэтага ня бачаць і не разумеюць, у нас надта многа. Дый КДБ разам з усёй рэпрэсіўнай машынай робяць усё дзеля таго, каб такіх было як мага больш. А праўда, сумленьне і гонар у нас не ў пашане – яны занядбаныя і растаптаныя"
.

Наўрад ці абгрунтаваныя вашы, спадар Віталь, папрокі на адрас міжнародных інстытуцыяў – за тое, што яны не зацікавіліся вашай справай і не кантралююць праблему зь беларускай судовай сыстэмай. Ніякая замежная арганізацыя ня можа выконваць тое, што павінны рабіць беларускія дзяржаўныя органы. На тое ў замежных структураў няма ні паўнамоцтваў, ні магчымасьцяў. Гэта, зрэшты, датычыць і шмат якіх іншых грамадзкіх праблемаў, у вырашэньні якіх значная частка беларусаў спадзяецца галоўным чынам не на сябе, а на спрыяньне, ціск альбо іншыя дзеяньні з боку Захаду. Але тое, што могуць і павінны зрабіць самі беларусы, ніхто іншы зрабіць за іх ня здолее.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG