Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Троіцкі: Сумняюся, што расейскія ўлады выдадуць Міхалка на зьядзеньне лукашэнкаўскаму суду


Сяргей Міхалок
Сяргей Міхалок
Спроба перасьледу лідэра рок-гурту «Ляпіс Трубяцкой» Сяргея Міхалка выклікала шырокі розгалас ня толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. «Ляпісы» надзвычай папулярныя на постсавецкай прасторы, а іранічна-надзённыя тэксты іхніх песень прыйшліся даспадобы шырокаму колу слухачоў. Апошнім часам у творчасьці Міхалка і кампаніі яскрава прасочваецца грамадзкая пазыцыя: у арсэнале каманды зьявілася нямала песень на беларускай мове, а сам фронтмэн кожны канцэрт пачынае з воклічу «Жыве Беларусь».

13 кастрычніка Сяргей Міхалок мусіў зьявіцца на «гутарку» ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску. Але пракурорскія работнікі, відаць, ня ў курсе, што дома артыст практычна не бывае: дзякуючы намаганьням ідэолягаў, «Ляпіс Трубяцкой» занесены ў чорны сьпіс выканаўцаў, забароненых да ратацыі на беларускім радыё і тэлебачаньні; канцэртная дзейнасьць на радзіме таксама немагчымая. Затое іх выступы ў Расеі, Украіне, краінах Балтыі і г.д. праходзяць пры поўных залях. Сам Міхалок падчас канцэртаў шмат акцэнтуецца на палітычных падзеях, даючы ацэнкі стану рэчаў у Беларусі. Мабыць, некаторыя выказваньні на адрас вышэйшага кіраўніцтва вымусілі сілавікоў пачаць дзейнічаць.

Аляксандар Памідораў
Зрэшты, як кажа рок-выканаўца Аляксандар Памідораў, у такім разе трэба казаць пра спробу «наезду» не пэрсанальна на Сяргея Міхалка, а на ўсіх, хто мысьліць не ў фарватэры генэральнай лініі:

«Ад учора (гутарка 14 кастрычніка — аўт.) можна казаць адкрыта пра крымінальны перасьлед — альбо спробу крымінальнага перасьледу — усіх, хто думае крыху іначай, чым гэтага хоча нават не афіцыйная прапаганда, а тыя людзі, якія лічаць сябе афіцыйнай прапагандай. Пры тым, што яны нават ня могуць выкрышталізаваць якой-небудзь асноўнай рысы ідэалёгіі дзяржавы. А рэч якраз ідзе пра дзяржаву — не пра краіну, а менавіта пра дзяржаву… Я ня ведаю, можа, гэта нейкая правакацыя, можа, гэта такі „гумар“ спэцслужбоўскі ці міліцэйскі — вось вам, ведаеце, званочак.

Але мы ж з вамі не ў двары і мы з вамі не гуляем у крымінальныя аўтарытэты, каб чорныя метачкі прысылаць, званочкі рабіць. Гэта ўжо нават не маразм, гэта ўжо ідзе адкрытая агрэсія. І калі такія позвы высылаюцца на адрас майго калегі — не скажу, што мы сябруем дамамі, але мы ведаем адзін аднаго даволі даўно — то я гэта ўспрымаю як позву і мне. Давайце высылайце тады ўсім позвы: Вольскаму, Вайцюшкевічу, Варашкевічу, усім чальцам гуртоў запар, тым, хто мусіць ня тое каб граць музыку, займацца творчасьцю, а яшчэ падрабляць, працаваць на будоўлі, чыгунцы, таксістам, бо гэтая дзяржава не пакідае нам выйсьця».

Сам Сяргей Міхалок паабяцаў разабрацца ў сытуацыі, як толькі прыедзе ў Менск. Пакуль жа ламаць графік пад патрэбы пракуратуры ён не зьбіраецца. Цяпер «Ляпісы» гастралююць па Расеі і, як кажа папулярны расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі, прынамсі тут яны могуць адчуваць сябе ў бясьпецы:

Арцемій Троіцкі
«Паколькі Сяргей Міхалок у Расеі вельмі папулярны, я ўпэўнены, што ўвесь наш музычны асяродак будзе зь ім абсалютна салідарны. І думаю, што цяпер самы складаны выбар стаіць перад самім Сяргеем: альбо яму вярнуцца на радзіму ў Беларусь, альбо застацца ў Расеі. Калі ён застанецца ў Расеі, то, канечне, тут яму будзе ўвогуле досыць камфортна. То бок я сумняюся ў тым, што нашы ўлады пры ўсёй іхняй таксама значнай амаральнасьці і дзяржымордавасьці выдадуць Міхалка і вышлюць, экстрадзіруюць яго ў Беларусь — на зьядзеньне лукашэнкаўскаму суду.

Зь іншага боку, калі ён застанецца Расеі, гэта, канечне, будзе ў пэўнай ступені ягонай маральнай ня тое што паразай, але будзе азначаць, што ён не пайшоў да канца. У гэтым сэнсе, натуральна, быў бы адважны ўчынак з боку Міхалка, калі б ён вярнуўся ў Беларусь і даў бы бой Лукашэнку і ягоным сатрапам на беларускай тэрыторыі. Тады б насамрэч гэта было, напэўна, падобна да працэсу Георгія Дзімітрава ў фашысцкай Нямеччыне. Са свайго боку магу толькі дадаць: рукі прэч ад Сяргея Міхалка, рукі прэч ад артыстаў. Няма чаго лезьці сваімі бруднымі рыламі ў творчасьць таленавітых музыкаў».

«Ляпісаў» мэтанакіравана пачалі выціскаць зь беларускай музычнай прасторы неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі загадам зьверху быў фактычна сарваны іх тур па гарадах Беларусі. Паралельна пачалі прэсаваць FM-станцыі, каб тыя спынілі ратацыю «сумнеўнага» калектыву. Адзінай пляцоўкай, дзе «Ляпіс Трубяцкой» быў жаданым госьцем, заставалася «Аўтарадыё». Аднак у выніку калектыў радыё чакаў той жа лёс, што і музыкаў — пацярпелі нібыта за «палітычную актыўнасьць». Гаворыць праграмны дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан:

Юрый Базан
«Вядома, выказваньні Міхалка былі ад душы, і, як звычайна ў яго бывае, што накіпела — тое і выказаў. А як успрымаюць гэта нашы праваахоўныя органы, то зь іх боку можа быць усё што заўгодна. Пытаньне ў іншым: ці зможа зараз Міхалок сюды вярнуцца, а калі вернецца — то дзе ён апынецца? У нас дагэтуль артыстаў яшчэ не саджалі, за выключэньнем хіба Каліны, але там быў чысты крымінал. Так што мяне ў гэтым сэнсе, канечне, хутчэй турбуе ня тое, фальшыўка гэта нейкая ці не, а што будзе, калі ён прыедзе дадому.

А ўвогуле, калі меркаваць па нашай сыстэме, то можна было чакаць нават ня позвы, а паўнавартаснага захопу машынамі без нумароў. Толькі пакуль што туды, дзе цяпер Міхалок, машынамі без нумароў не даедзеш. Па Расеі так вольна пакуль не пакатаесься. А ўвогуле зараз з гэтымі папраўкамі, з усёй гэтай ерундой, якая адбываецца ў заканадаўстве, і пры агульным маўчаньні насельніцтва мы можам атрымаць шмат нечаканага. Але ўявіць сабе такія паводзіны ад улады, якая называе сябе народнай, народна абранай і ўсім астатнім — гэта проста ўжо не ўкладаецца ў галаве. Ні ў якім увогуле выглядзе».

Першы «палітычны» хіт «Ляпісаў» датаваны яшчэ сярэдзінай 1990-х, калі яны перайначылі на дарослы манер дзіцячую песеньку пра Бураціна. У прыпеве на пытаньне — як яго завуць — Міхалок прапанаваў свой адказ: «Лу-ка-шэн-ка!».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG