Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія юрысты пачынаюць глябальны перасьлед Лукашэнкі


Брытанская юрыдычная фірма McCue and Partners падрыхтавала публічна даступны судовы пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі, абвінавачваючы яго ў катаваньнях і захопе закладнікаў.

На падставе матэрыялаў гэтага пазову, як паведамляецца ў сёньняшнім нумары газэты The Independent, любая прыватная асоба ці юрыдычная фірма ў любой краіне, якая ратыфікавала Канвэнцыю супраць катаваньняў, можа ўзбудзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі.

«Паколькі катаваньні і захоп закладнікаў зьяўляюцца агульнапрызнанымі злачынствамі ў сьвятле Канвэнцыі супраць катаваньняў, якую ратыфікавалі 146 дзяржаваў, у тым усе 47 сяброў Рады Эўропы, Лукашэнка цяпер застаецца фактычна зьняволеным у сваёй уласнай краіне», – напісаў Джон Кэмпфнэр у сёньняшнім The Independent.

Пра спробы ўзбудзіць справу супраць Лукашэнкі за межамі Беларусі мы ўжо паведамлялі ў сакавіку. Тады гэтым займалася брытанская юрыдычная фірма H2O Law, зь якой у міжчасе выдзялілася фірма McCue and Partners.

Фірма McCue and Partners прадстаўляе інтарэсы ахвяраў перасьледу з боку беларускага рэжыму, іх сем’і і грамадзянскую ініцыятыву Free Belarus Now ды займаецца, як сказала нам Ірына Багданава з Free Belarus Now, якраз такімі палітычнымі справамі.

“У Вялікабрытаніі будзе бліжэйшым часам узбуджаная крымінальная справа супраць Лукашэнкі ад імя людзей, якія пацярпелі ад яго рэжыму. Гэта будзе толькі першая частка судовага перасьледу, другая справа будзе цывільнай, ад імя ўсіх людзей, якіх зьбівалі і арыштоўвалі на Плошчы і ў дачыненьні да якіх выкарыстоўвалі рэпрэсіі», – сказала нашаму радыё спадарыня Багданава.

Ці Аляксандру Лукашэнку будзе дадзена магчымасьць удзельнічаць у судзе і абараняцца?

«Мы запрашаем Лукашэнку прыехаць у Вялікабрытанію на ягоную судовую справу. Дзеля гэтага мы вядзем перамовы зь Міністэрствам замежных спраў Вялікабрытаніі, каб яму дазволілі прыехаць у Вялікабрытанію, калі ён вырашыць зьявіцца ў судзе. Гэта ўсё можна вырашыць. А калі ён не прыедзе на суд, ён падасьць усім сыгнал, што ён вінаваты», – сказала Ірына Багданава.

Новае ў цяперашняй ініцыятыве брытанскіх юрыстаў, падкрэсьліла спадарыня Багданава, – гэта магчымасьць узбудзіць справу супраць Аляксандра Лукашэнкі ў любой краіне сьвету. Паводле матэрыялаў, якія сабрала і падрыхтавала фірма McCue and Partners, справу супраць Лукашэнкі можа пачаць нават юрыдычная фірма ў Вэнэсуэле. McCue and Partners і грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now, дадала Ірына Багданава, вядуць на гэты конт перамовы з вэнэсуэльскімі юрыстамі.

Вось якія тлумачэньні даў нашаму Радыё брытанскі юрыст Мэцью Джуры:

"Унівэрсальная юрысдыкцыя ў значнай ступені вызначаецца міжнародным правам. Пэўныя злачынствы падлягаюць унівэрсальнай юрысдыкцыі. Гэтыя злачынствы ўключаюць катаваньні, захоп закладнікаў, іншыя злачынствы супраць гуманнасьці, такія як рабства, ваенныя злачынствы і генацыд. Іншымі словамі , паводле Канвэнцыі супраць катаваньняў нацыянальныя ўрады маюць права распачаць крымінальны перасьлед супраць любога, хто падазраецца ў здзяйсненьні катаваньняў і хто прыбыў на тэрыторыю іх юрысдыкцыі ".

Скарочаны агляд абставінаў справы супраць Аляксандра Лукашэнкі, падрыхтаваны брытанскімі юрыстамі, знаходзіцца тут. Поўны матэрыял справы можна атрымаць, пішучы на адрас enquiries@mccue-law.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG