Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды ўмоўныя і з адтэрміноўкай: мякка сьцеле, ды мулка спаць


20 траўня экс-кандыдаты ў прэзыдэнты: Уладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі, а таксама Аляксандар Фядута, Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк — атрымалі даволі мяккія прысуды ў параўнаньні зь іншымі фігурантамі справы за 19 сьнежня. Някляеў і Дзьмітрыеў — па 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады, Рымашэўскі, Фядута, Вазьняк — па 2 гады ўмоўна, а Наста Палажанка —1 год умоўна. Зь якімі абмежаваньнямі пасьля мяккіх прысудаў сутыкнуцца фігуранты працэсаў?

Адразу ж пасьля агалошваньня прысуду судзьдзя Жана Жукоўская папярэдзіла усіх асуджаных:

«У выпадку невыкананьня вамі ўскладзеных на вас судом абавязаньняў можа паўстаць пытаньне аб зьмяненьні гэтага пакараньня, у прыватнасьці, аб адмене адтэрміноўкі альбо аб адмене ўмоўнага непрымяненьня пакараньня, і вы будзеце накіраваныя ў месцы пазбаўленьня волі. Разумееце, так?»

Падчас і адтэрміноўкі, і ўмоўнага выкананьня пакараньня за асуджаным ажыцьцяўляецца прафіляктычнае назіраньне, і на яго накладаюцца пэўныя абавязкі. У канкрэтным выпадку, больш жорсткі рэжым у Някляева і Дзьмітрыева, якія атрымалі па 2 гады з адтэрміноўкай, тлумачыць судзьдзя:

«Не мяняць месца жыхарства бяз згоды органа, што ажыцьцяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, не выяжджаць па асабістых справах на тэрмін больш за 1 месяц за межы раёну, гораду, пэрыядычна зьяўляцца ў гэты орган для рэгістрацыі, знаходзіцца з 22 гадзін вечара да 6-й раніцы па месцы жыхарства, не наведваць пэўныя месцы».

Асуджаныя ўмоўна таксама знаходзяцца пад наглядам міліцыі, але на іх распаўсюджваецца паведамляльны прынцып. Яны абавязаныя, паводле тлумачэньня судзьдзі:

«Папярэдне паведамляць у орган унутраных спраў пра зьмену месца жыхарства; пра выезд па асабістых справах у іншую мясцовасьць на тэрмін больш за месяц; зьяўляцца ў дадзены орган па ягоным выкліку і пры неабходнасьці даваць тлумачэньні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцьця. Усё. Больш ускласьці на яго нельга».

Што тычыцца выезду за межы краіны, гэта забаронена і пры ўмоўным пакараньні, і з адтэрміноўкай, тлумачыць намесьнік старшыні праваабарончай арганізацыі Беларускі хэльсынскі камітэт Гары Паганяйла:
Асобы, што адбываюць пакараньні па крымінальных справах, ня могуць выяжджаць за мяжу.

«Асобы, што адбываюць пакараньні па крымінальных справах, ня могуць выяжджаць за мяжу. Толькі калі неабходна тэрміновае лячэньне, з дазволу органаў можна выехаць за мяжу, але гэта выключны выпадак, і вельмі рэдка бывае».

Такім чынам, больш строгае пакараньне — з адтэрміноўкай выкананьня прысуду, тлумачыць сядзьдзя:

«Можна працягнуць яшчэ адтэрміноўку ад 6 месяцаў да 1 году. Больш жорсткія кантрольныя меры. Па прадстаўленьні органа ўнутраных спраў асуджаны судом вызваляецца па сканчэньні гэтых двух гадоў. А калі ўмоўна — то два гады прайшло, і ў суд ужо ня трэба пісаць прадстаўленьне, аўтаматычна чалавек вызваляецца».

На думку юрыста Гары Паганяйлы, у абодвух выпадках ёсьць свае, так бы мовіць, падводныя камяні:

«Любыя паводзіны той ці іншай асобы могуць быць паднесеныя як невыкананьне ўмоваў, і па прадстаўленьні органа, што адказвае за выкананьне прысуду, умоўна асуджаныя, асуджаныя з адтэрміноўкай — могуць ператварыцца ў рэальна адбываючых пакараньне. Вось у чым небясьпека такіх прысудаў».
Любыя паводзіны той ці іншай асобы могуць быць паднесеныя як невыкананьне ўмоваў.

Але гэта не азначае, што пры мінімальным непадпарадкаваньні ці адміністрацыйным парушэньні (кшталту пераходу вуліцы на «чырвонае сьвятло»), асуджаных адразу ж пасадзяць за краты:

«Калі пасьля афіцыйнага папярэджаньня двойчы былі накладзеныя адміністратыўныя спагнаньні, то тады пры прадстаўленьні органа міліцыі суд можа адмяніць адтэрміноўку выкананьня пакараньня. І накіраваць асуджанага для адбываньня пакараньня, прызначанага прысудам».

Дарэчы, Уладзімер Някляеў наконт парушэньня правілаў дарожнага руху пажартаваў:

«Я ня буду на „чырвонае сьвятло“ хадзіць. Адразу ж папярэджваю: калі мяне затрымаюць за пераход на чырвонае сьвятло, ведайце, што гэта няпраўда».

А вось што тычыцца, так бы мовіць, заліку таму ж Някляеву пяці месяцаў, якія фактычна ён ужо адседзеў у ізалятары КДБ альбо пад хатнім арыштам, ніхто ня будзе нічога залічваць і скасоўваць. Толькі калі па прадстаўленьні органа ўнутраных спраў суд накіруе яго ў месцы пазбаўленьні волі, вось тады яму залічаць тэрмін знаходжаньня пад вартай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG