Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Другі дзень

абноўлена

12 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць удзельнікаў Плошчы Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

17.45 У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 13 траўня.

17.43 З матэрыялаў, якія агучваюцца ў судзе, вынікае, што 19 сьнежня Палац культуры прафсаюзаў працаваў у звычайным рэжыме. Рэстарацыя "Макдональдз" паведамляе, што 19-га зачынілася на гадзіну раней. Судзьдзя цікавіцца, што яшчэ зь першага тому справы трэба агалосіць?

Статкевіч: Я пераканаўся, што, як і зразумеў: капітан нічога не знайшоў, а маёр знайшоў усё.

Вус: А гэта афіцыйны дакумэнт ад "Макдональдза" ці гэта ад КДБ?

16.55 Працягваецца зачытваньне дакумэнтаў, але ў залі голасу судзьдзі амаль не чуваць. Пры гэтым насупраць судзьдзя, пракурора, адвакатаў і падсудных стаяць мікрафоны, але яны не працуюць.

16.30 Пратакол агляду месца здарэньня ад 20 сьнежня.
Судзьдзя чытае прозьвішчы і пасады сьледчых, якія рабілі агляд, гэтак хутка і ціха, што нічога не разабраць.

У падножжа помніка Леніну знайшлі бутэльку з вадкасьцю. У цэнтры пляцоўкі — газавы балёнчык, рыдлёўку, мэталічныя пруты, вялікая колькасьць мэталічных прутоў каля ўваходу ў Дом ураду, вуда з тканінай белага колеру, бутэлька з гаручай вадкасьцю, каністра на 4 літры з вадкасьцю, гаручай і надпісамі на замежнай мове, дымавая шашка, каністра на 6 літраў, плястыкавая бутэлька з вадкасьцю, мяркуецца, гаручай …

Непадалёк ад бутэлькі — газавы балёнчык. Транспарант «За Някляева», пакет з надпісам «сода пищевая», бутэлька з надпісам «перекись».

Ідзе пералічэньне з пратаколу…

16.22
Аднавілі паседжаньне. Паколькі відэаапаратура занятая на іншых працэсах, вырашылі перайсьці да вывучэньня матэрыялаў справы. Том першы.

16.15 Абвешчаны перапынак на 15 хвілінаў.

Судзьдзя сказала, што паспрабуюць усталяваць відэаапаратуру, каб прагледзець відэа.

Прысутныя засталіся ў залі.

Абвінавачаны Пазьняк падняўся і хацеў пастаяць, але канвой абвясьціў яму папярэджаньне і прымусіў сесьці. Перапынак.

15.41 Пытаньні ад абвінавачаных.

Дзьмітрый Буланаў: Ці добра было чуваць на Кастрычніцкай плошчы?

Статкевіч:
Не, я выступіў і разумеў, што мэтраў за 70 мяне ўжо не чуваць. Насупраць гучала музыка і яна заглушала выступы.

Пытаньне: А як атрымалася, што людзі пайшлі ў іншы бок, на плошчу Незалежнасьці?

Статкевіч:
На жаль, не кантралявалася сытуацыя намі. Я спрабаваў забегчы наперад і павярнуць, але не ўдалося, бо міліцыянты з ДАІ нас спынілі. Пакуль здагадаўся абыйсьці… Але я здымаю капялюш перад тымі людзьмі, якія прайшлі па праспэкце і нічога не зламалі, не парушылі.

Судзьдзя Грачова:
Але я ўсё ж не зразумела, чаму людзі пайшлі на плошчу Незалежнасьці? Як так? Стаялі, выступалі, слухалі і раптам пайшлі ў другі бок?

Статкевіч:
Ня ведаю дакладна. Мяне там не было, у галаве калёны, на жаль, паўтараю, мы не дамовіліся і не змаглі ўзначаліць калёну. А мусілі. Пра гэта трэба было думаць найперш, а не пра тое, пакараюць цябе ці не. У мяне ўражаньне, што супрацоўнікі ДАІ выйшлі адмыслова перад кандыдатамі і спынілі нас.

Судзьдзя: За што вы гатовы несьці адказнасьць?

Статкевіч: За тое, што заклікаў людзей на мірную акцыю, што прывёў на плошчу. Але за правакацыю, якая адбылася каля Дома ўраду, — не. За гэта хай адкажуць тыя, хто гэта арганізаваў.

Абвінавачаных, якія разам з ім сядзяць, Статкевіч лічыць ахвярамі правакацыі, якія на яе паддаліся. «А тыя, хто рабіў правакацыю, зараз ня тут».

Допыт Статкевіча скончыўся.


15.24 Пачалі задаваць пытаньні адвакаты.

Тацяна Станкевіч: Гэта была ваша асабістая рашэньне склікаць людзей на плошчу ці дамоўленасьць з іншымі кандыдатамі?

Статкевіч:
Маё асабістае рашэньне было такое, а іншыя кандыдаты таксама заклікалі паводле сваіх меркаваньняў. Увогуле былі сумневы, ці будзе плошча вольная, ці дайду я да плошчы. Някляеў увогуле не дайшоў. Дамовіцца паміж кандыдатамі было цяжка, усё ж яны ўспрымалі адзін другога як канкурэнтаў. І для мяне было дзіва, што столькі людзей усё ж прыйшлі на плошчу.

Адвакат: Ці паўплывалі на вас зьвесткі пра тое, дзе і колькі аўтамабіляў міліцыі было каля плошчы?

Статкевіч: Абсалютна не. Гэта заўсёды так. Стаяць аўтазакі за Палацам Рэспублікі і вакол таксама. Разумею Вуса, у якога сын распавёў і ён пасьпяшыў падзяліцца навіной, але для мяне гэта не была навіна.

Статкевіч шкадуе, што каля Дому ўраду не здолелі эфэктыўна супрацьстаяць біцьцю вокнаў і дзьвярэй — «гэта з-за таго, што не ўдалося дамовіцца напярэдадні і ўсё разьвівалася спантанна».

Адвакат: Плянавалі заход у Дом ураду?

Статкевіч: Не, які сэнс?!

Адвакат: А групы ў вас для гэтага былі падрыхтаваныя?

Стакевіч: Не, увесь магутны апарат КДБ не знайшоў у мяне гэтых групаў, як і грошай. Што дала Ярмошына на выбары, з тымі грашыма і пайшоў.

Не сакрэт для Статкевіча было тое, што ягоныя тэлефонныя размовы праслухоўваюцца.

Нагадаў, што калі ў ЗША стала вядома пра праслухоўваньне кандыдатаў, Ніксану быў абвешчаны імпічмэнт. «Але мы не ў ЗША жывем…»

Яшчэ ён зразумеў, што яму адпомсьцяць за тую крытыку, якую ён выказваў на бок Лукашэнкі. Казулін яму званіў і казаў пра гэта ж.

«Ну што рабіць?» — рытарычна запытаўся Статкевіч. Ён паўтарыў, што крытыкаваў сьвядома.

Адвакат: Ці вядома вам, каб абвінавачаны Аляксандар Класкоўскі выказваў намер кіраваць дзеяньнямі на плошчы?

Статкевіч: Не.

Сказаў, што гэтае імя ён ведае толькі як імя вядомага журналіста.

Статкевіч:
Мяне пыталіся, чаму я не вазьму ахову? Я адказваў, што быў па такім шчыльным наглядам КДБ, што гэта было б бессэнсоўна, а людзей, які б на гэта пагадзіліся, потым бы арыштавалі.

Адвакат: Ці заклікалі вы менавіта да штурму Дому ураду?

Статкевіч: Не, пра штурм гаворкі не было, казалі пра перамовы. Слова «штурм» ніколі ня чуў, ведаючы тых людзей, якія там сабраліся, гэта было немагчыма. Мы дэманстравалі намер для перамоваў, намер чакаць, калі да нас прыслухаюцца.


14.34 — 15.20 Пытаньні задае пракурор.


Статкевіч распавёў пра знаёмства з Вусам, якое адбылося яшчэ у 1996 годзе, іх пазнаёміў Георгі Таразевіч. Праводзіць сустрэчы з выбарцамі вырашылі разам, бо так зручней. Было недзе 15 такіх сустрэчаў.

Статкевіч: На сустрэчах я заклікаў людзей прыйсьці на плошчу 19 сьнежня.

Абвінаваўца: А як Вус да гэтага ставіўся?

Статкевіч: Скептычна. Мы абодва разумелі, што адбываецца на выбарах, хацелі зьмяніць сытуацыю. Але ён скептычна ставіўся да таго, што можна праз плошчу нечага дамагчыся. Ён прапановаў сабраць 50 тысяч подпісаў за зьмены ў Выбарчым кодэксе. А я да гэтага ставіўся скептычна, бо ведаў, што ўлада гэтага не дазволіць. Нагадаю пра групу Рэспубліка, кіраўнік якой Сяргей Скрабец дамагаўся зьменаў і апынуўся у калёніі.

Фінансавыя сродкі Вуса я не выкарыстоўваў. Час ад часу ён даваў мне магчымасьці карыстацца інтэрнэтам — гэта было, калі я яго чакаў.

Нагадаў, што была забароненая ягоная партыя Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада», яны зноў і зноў спрабуюць яе зарэгістраваць, але марна.

Паўтарыў зноў, што выбары у Беларусі былі сфальшаваныя. Ён не сустракаў людзей, якія б верылі ў тое, што Лукашэнка набраў 80% галасоў.

Абвінаваўца: А чаму вы сышлі з сустрэчы кандыдатаў?

Статкевіч нагадаў пра сустрэчу кандыдатаў у верасьні, на якой былі журналісты, а кандыдаты не дамовіліся. «І я раззлаваўся і сышоў, бо было сорамна. І больш на такія сустрэчы я не хадзіў, акрамя яшчэ адной. Усе не маглі дамовіцца пра тое, хто бярэ адказнасьць за тую ж Плошчу».

Абвінаваўца: А як мусілі разьвівацца падзеі 19 сьнежня?

Статкевіч: Думаў, зьбярэмся. Калі будзе шмат, улада б пайшла на перамовы. Прабачце, перад афрыканцамі сорамна. Сам бачыў па тэлевізары. як там лічаць галасы, а ў нас усіх назіральнікаў адганяюць. Мы мусілі паказаць, што гэтак далей нельга. Сам факт прысутнасьці людзей на плошчы гэта б паказаў. Дзень, другі і далей. Магчыма, улада б сама дазволіла палічыць галасы сумленна, як гэта робіцца у той жа Ўкраіне, Расеі.

Абвінаваўца: Ці замаўлялі вы, каб Вус зьбіраў дадзеныя пра міліцыю?

Статкевіч: Не, пазваніў чалавек, распавёў тое, што яму сын сказаў. Найперш ён пазваніў паведаміць, што ён прыйдзе, бо раней не зьбіраўся. Калі ён мне патэлефанаваў, я і не зьдзівіўся, бо ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты ў той ці іншай форме на плошчу прыйшлі.

Абвінаваўца: А дзе быў Вус, калі вы выступалі на Кастрычніцкай плошчы?

Статкевіч: Спачатку я яго не бачыў, а потым убачыў, што ён выступае. Была ягоная звычайная праграма выкладзеная: пра выбары сумленныя, пра падлік галасоў пад наглядам незалежных назіральнікаў.

Абвінаваўца: Што падштурхнула людзей на Кастрычніцкай плошчы выйсьці на дарогу?

Статкевіч:
Людзі зразумелі, што доўга на катку не выстаяць. Я хацеў узначаліць, але дамаўляцца не давялося. Каманды я ня чуў, чакаў размовы з кандыдатамі, бачу, што людзі пачалі выходзіць на дарогу. Калі я выйшаў на дарогу, людзі ўжо ішлі наперадзе. А пакуль мы палемізавалі з супрацоўнікамі ДАІ, натоўп ужо ішоў наперадзе па дарозе. Тады я таксама абышоў супрацоўнікаў ДАІ і пайшоў наперад. Але, на жаль, не дагнаў галаву калёны.

Абвінаваўца: Ці чулі вы, што казаў Вус супрацоўнікам ДАІ?

Статкевіч: Не, не прыслухоўваўся. Я не думаў пра гэта, а толькі пра тое, каб не было ніякіх пагромаў на праспэкце. Паўтараю, на жаль, было шмат кандыдатаў і дамовіцца не ўдалося, каб нехта адзін кіраваў гэтым шэсьцем.

Абвінаваўца: А дзе быў Вус на плошчы Незалежнасьці?


Статкевіч: Я даведаўся пра тое, што ён там, калі ён ужо падышоў разьвітвацца.

Абвінаваўца: А як ён патлумачыў, чаму сыходзіць?

Статкевіч:
Сказаў, што ня вельмі тут падабаецца, пайшлі разам. Я сказаў, што нясу адказнасьць за людзей, якія прышлі на мой заклік. Было ж вельмі шмат людзей — увесь праспэкт. На маю думку, тысяч 40 увогуле. Праўда, у той момант некаторыя людзі ўжо сышлі.

Абвінаваўца: Як вы ўяўлялі пра перамовы, да якіх заклікалі?

Статкевіч:
Я разумеў, што будзе рэакцыя ў адказ, што зараз да вас прыйдуць, ці пачакайце. Але гэтага нічога не было. Потым я пра гэта думаў і зразумеў. Быў адзін чалавек у нашай камэры. Новік, які біў шкло і ён распавядаў, як амапаўцы пачалі іх біць а некаторыя ім крычалі: «Хлопцы, ня біце нас, мы свае». Такім чынам, гэта была правакацыя спэцслужбаў і таго, хто ўсім гэтым кіраваў. А да правакатараў далучыліся некалькі чалавек, якіх сапраўды «дасталі» гэтыя фальшаваньні выбраў.

Абвінаваўца: Ці былі ў вас дакладныя дадзеныя, што нехта з Дому ўрада да вас пойдзе на перамовы?

Статкевіч: Я спадзяваўся, што прыедуць. Мы спадзяваліся на гэта і не наша віна, што на гэта адказалі правакацыямі.

Абвінаваўца: А як вы адрэагавалі на тое, што б’юць вокны?

Статкевіч: Хацеў падыйсьці разабрацца, заклікаць спыніцца, але прайсьці туды не было як. Я зразумеў, што на гэтых людзей не падзейнічаюць нашы словы і адышоў. Людзі пачалі рабіць калідор, я пайшоў па ім, там спытаўся, хто тут хоча перамоваў, а там нікога. Я зразумеў, што гета пастка. І хутка пачаўся разгон.

Абвінаваўца: А пасьля таго, як білі шкло і дзьверы, вы выступілі перад мітынгоўцамі?

Статкевіч: Я вырашыў, што ёсьць каму выступаць. Да таго ж у мяне разбалеліся ногі, і падымацца на трыбуну мне было цяжка.

Абвінаваўца: Распавядзіце пра свае тэлефонныя размовы на плошчы са спадаром Сманцарам.

Статкевіч згадаў, што гэта было ўжо, калі пачаўся разгон: Чалавек, відаць, сядзеў каля кампутара ў інтэрнэце і званіў: ідзіце ў Дом ураду. Я сказаў, што нас туды ня пусьцяць, перамовы не адбыліся. Чалавеку груба адказваць не хацелася, і я згарнуў размову. А што ён там казаў, ужо ня памятаю.

Абвінаваўца: Вы бачылі ўжываньне гвалту?

Бачыў, як білі мітынгоўцаў масава, натуральнае зьбіцьцё ўсіх запар, гэта было каля 10-й вечара. Дапускаю, што маглі быць і факты, калі мітынгоўцы адбіваліся, але я такога ня бачыў. А вось зьбіцьцё людзей было масавым.

Абвінаваўца: Адкуль на плошчы ўзяліся жалезныя палкі, бутэлькі?

Статкевіч: На маю думку, фальшаваньне доказаў адбылося. Бо ў адным пратаколе нічога не было, а ў другім ужо ўсё зьявілася.


14.30 Статкевіч: Не магу не пакаяцца ў тым, што не дамовіліся пра аднаго кандыдата. Калі б быў адзін — прадухілілі б і біцьцё дзьвярэй. Непараўнальна тое, каго трэба тут судзіць. Ён захапіў уладу, і яму, аказваецца, дзьверы пабілі…

14.20 Статкевіч нагадаў, што спачатку на сьледзтве адмовіўся даваць паказаньні, бо не хацеў «упрыгожваць ёлку», якую самі спэцслужбы і прыдумалі. Але потым, калі азнаёміўся з матэрыяламі справы, убачыў у ёй 2 пратаколы агляду месца здарэньня. У першым аглядальнік знайшоў адзін прадмет — пустую бутэльку. Але ў другім пратаколе, які складаў ужо маёр, за 24 хвіліны было знойдзена некалькі дзясяткаў мэталічных рэчаў, бутэлек з гаручай вадкасьцю і гэтак далей.

Мяркую, адбылося відавочнае фальшаваньне рэчавых доказаў.

Згадаў пра галадоўку ў СІЗА КДБ, бо пачаўся «шабаш арыштаў, а сустрэцца з адвакатам не дазволілі».

Да мяне прыйшоў начальнік ізалятара і сказаў, што паказалі фільм пра вас, што вы заказалі прадпрымальніку Пінчуку 2 тыс. штыроў для вас. Вось ваша размова зь ім. Гэта была цалкам хлусьня. Дарэчы, у матэрыялах справы гэтага і не зьявілася. Мяркую, аднак, што такі заказ быў сапраўды з мэтай правакацыі, каб нас пасадзіць. Кажуць, што Пінчук казаў, што я яму нейкія грошы заплаціў. Хай хоць грошы верне. (Усьміхнуўся.)

Пра тое, што некага заклікаў на штурм: Хлусьня. Дзе і з кім я рыхтаваў захоп і масавыя беспарадкі? Нідзе. Была адна сустрэча з кандыдатамі і ўсё, на якой нічога такога не было. Дзе мае баявікі, дзе мае «верныя нукеры», як казаў Бэндэр?

Захапілі маладых людзей выпадковых, якія я ня ведаю. Таму я лічу, што масавых беспарадкаў не было, а была спроба іх справакаваць. Каб схаваць сапраўднае злачынства — а менавіта, захаваньне незаконна захопленай улады.

Другая мэта — дыскрэдытацыя апазыцыі, замена яе на паслухмяную. І запалохаць грамадзкасьць.

14.15 Разам з кандыдатамі Статкевіч рушыў да Дома ўраду. Справа ад іх раздаліся моцныя ўдары. Вярнуўся да таго, чаму падтрымаў ідэю перамоваў. У тым ліку гэта было, каб зарыентаваць людзей у канструктыўнае рэчышча. «А тут удары. Я спрабаваў высьветліць, хто там б’е ў дзьверы. Там прайсьці было немагчыма ад журналістаў. Адсунуць іх было немагчыма, бо ў яго была пашкоджаная рука і нага. Ён адышоў. Потым зьявіліся амапаўцы і сталі ланцугом насупраць Дома ўраду».

А другая калёна спэцназу прайшла з тылу і адрэзала людзей, што былі перад Домам ураду. Потым спэцназ сышоў. Гэта яго зьдзівіла, бо можна было пакінуць амапаўцаў перад Домам ураду, каб прадухіліць біцьцё шыбаў. Мэта гэтага адступленьня была ў тым, каб выманіць кандыдатаў зноў пайсьці ў Дом ураду. Людзі зрабілі калідор.

Я падышоў зноў да дзьвярэй з пытаньнем, дзе і хто тут хоча перамоваў, але нікога там не было. Тады і пачаўся разгон. Я спрабаваў спыніць, дамовіцца, каб людзей ня білі. Потым пачаўся сыход з плошчы, я аказаўся каля гарвыканкаму, а потым быў затрыманы.

14.10 На плошчы Незалежнасьці спачатку быў кароткі мітынг каля Чырвонага касьцёлу, там Статкевіч выступіў. Пазьней перамясьціліся да помніку Леніна. Там зьявілася гукаўзмацняльная апаратура.

Але што яго зьдзівіла? Чаму не было ніводнага міліцыянта каля Дома ўраду?

Статкевіч згадаў, як падчас сустрэчы з выбарцамі за месяц да таго ён адносіў пэтыцыю ў Цэнтрвыбаркам, і там былі міліцыянты. А тут нікога.

Ён ужо прадчуваў правакацыю. Потым быў мітынг і ён падтрымаў прапанову аб перамовах з прадстаўнікамі ўлады і прасілі людзей гэта падтрымаць.

14.06 Працэс аднавіўся. Статкевіч сумняецца ў заяўленай у справе колькасьці мітынгоўцаў у некалькі тысяч. Паводле Статкевіча, было болей за 20 тысяч, і разьмясьціць іх на ходніках было немагчыма.

13.00 Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.38 — 12.55 Допыт Міколы Статкевіча.

Ён адпачатку ўдзельнічаў у выбарах, разумеючы, што перамагчы немагчыма. Але ўдзельнічаў, каб дамагчыся справядлівых выбараў.

Праз мэдыі ён кожны раз паказваў, як «нас дураць», у тым ліку, каб кожная бабуля гэта разумела.

Статкевіч: Акрамя гэтага, я наўпрост зьвяртаўся да Лукашэнкі праз БТ і прапаноўваў разам палічыць бюлетэні. Але ў адказ было маўчаньне.

Зразумеўшы, што гэта не дапамагае, я вырашыў ужыць сродак эўрапейскі — ціск на ўлады празь мірныя акцыі. Прыклад апошні — майдан ва Ўкраіне. Не захоп улады, а ціск, калі кожны дзень шмат людзей зьбіраецца і дэманструе сваю пазыцыю.

Ва ўчастковыя камісіі ўвайшлі 0,25% прадстаўнікоў альтэрнатыўных кандыдатаў.

Адразу было зразумела, што рыхтуецца фальшаваньне выбараў.

І апошне — датэрміновае галасаваньне. Навошта людей на яго гоняць? 30% гэта дае . Таму я разумею, што фальшаваньне непазбежнае, і я заклікаў на плошчу людзей, каб паказаць, што людзі супраць.

Чаму несанкцыянаваная акцыя? Я заставаўся кандыдатам да афіцыйнага зацьверджаньня вынікаў выбараў. Да таго ж закон аб масавых акцыях супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе свабодныя сходы грамадзянаў.

У Менску дайшло да таго, што на 25-годзьдзе Чарнобыля не дазволілі шэсьце!

Таму я і не прасіў дазволу, бо ўсё роўна не дазволілі б на плошчы, а Бангалор была непрымальна.

Акцыя адразу плянавалася як выключна мірная. На партале tut.by я заклікаў людзей прыходзіць. Але казаў, каб ня бралі нічога колючага і рэжучага — гэта дакладна памятаю.

Статкевіч згадаў, што вырашыў пайсьці на плошчу са штабам Някляева і распавёў пра напад, які адбыўся, як толькі калёна вышла на вуліцу Калектарную. Някляева зьбілі да непрытомнасьці. Яму таксама дасталося, пабілі па нагах і руках. Адтуль ён вырашыў усё ж прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Мяркуе, што той напад арганізавала ўлада.

Зьбілі ж кандыдатаў, калі яшчэ ішлі выбары — у 19 гадзінаў.

Яго меркаваньне: улада хацела справакаваць у людзях на мітынгу пачуцьцё помсты, каб былі масавыя беспарадкі.

Я агучыў лічбы незалежнага экзыт-полу пра 37% Лукашэнкі, бо верыў, што так і ёсьць. Праз пэўны час людзі пачалі выходзіць на дарогу, я пайшоў разам зь імі.

Я спрабаваў выйсьці наперад, каб узначаліць дэманстрацыю, але чамусьці невялікі ланцуг супрацоўнікаў ДАІ перакрыў нам рух. І ніколі не было выпадку, каб міліцыя спрабавала затрымаць кіраўнікоў дэмантрацыі. Але я зразумеў, што такі быў плян і таму вы проста абышлі ланцуг і ўжо даганялі дэманстрантаў. Разьлікі на масавыя беспарадкі ня спраўдзіліся. Потым я даведаўся, што пра масавыя дэманстрацыю міліцыянты папярэджвалі ўсе ўстановы.

12.35 Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы заяву Вуса перад выбарамі пра зьмены ў Выбарчы кодэкс, у якой сцвярджаецца, што ўсе камісіі створаныя фактычна з прыхільнікаў і падначаленых Лукашэнкі і ягонай вертыкалі.

У заяве — прапанова прыняць дэкрэт, якім дазваляецца накіраваньне ў камісіі прадстаўнікоў іншых кандыдатаў.

Заяву падпісалі Вус, Статкевіч, Міхалевіч,Цярешчанка, Раманчук. Гэта заява накіроўвалася Лукашэнку.

Зараз ён просіць далучыць гэтую справу, каб даказаць, навошта ён прыйшоў на плошчу.

Абарона падтрымлівае. Статкевіч таксама: гэта падкрэсьлівае, што кандыдаты спрабавалі прававым шляхам вырашыць праблему.

Абвінаваўца — супраць

Суд адхіліў хадайніцтва, маўляў, гэта ня мае дачыненьня да справы, а ліставаньне Вуса не ўваходзіць у прадмет разбору.

12.15 Пытаньні Вусу пачалі задаваць адвакаты.

Ці былі ў вас яшчэ сустрэчы з кандыдатамі? Вус згадаў, што да яго прыяжджаў Някляеў, а больш ён не памятае, акрамя адной сустрэчы ў кватэры каля чыгуначнага вакзалу.

Ці абмяркоўвалі там ролі падчас падзей 19 сьнежня і нейкія пляны захопу ўлады? Не.

Пытаньні пра сустрэчы з выбарцамі разам з Статкевічам. Вы хоць на адной зь іх заклікалі зьбірацца пасьля выбараў на мітынг? Не.

У мэдыях? Не.

Вам даручалі зьбіраць зьвесткі пра дысьлякацыю міліцыі каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта?

Гэта проста сын прыйшоў і падзяліўся тым, што бачыў. Мне ніхто такога не даручаў, я сам нічога не зьбіраў. Іван падлічыў, колькі аўтамабіляў было каля Кастрычніцкай і адміністрацыі і назваў. Ня ведаю, ці гэта дакладна. Гэта чыста хлапчуковае, яму толькі 14 гадоў. Сказаў, там стаіць столькі, там — столькі.

А вы гэта дакладна перадалі Статкевічу? Сказаў, што ведаў.

Ці плянавалі вы нешта, каб распаліць натоўп? Не.

Статкевіч заклікаў да захопу ўстаноў?

Ня чуў.

Ці было вам загадзя вядома, што будзе шэсьце ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці?

Не. Ніхто зь іншых кандыдатаў да гвалтоўных дзеяньняў не заклікаў.

Адвакат: Ці кіравалі вы «бесчинствующей толпой»?

Па-першае, такой «бесчинствующей толпы» не было і нікім я не кіраваў.

Ці не ўзгадняў са Статкевічам ніякіх дзеяньняў па захопу Дома ўраду?

Не, маё меркаваньне — гэта самы незалежны будынак у Беларусі: ад яго нічога не залежыць.

Пытаньне адваката: Як пачаўся рух з Кастрычніцкай плошчы? Нейкае было сумеснае рашэньне?

Вус: Ня ведаю, сумеснага рашэньня не было дакладна.

У абвінавачаных пытаньняў да Вуса не аказалася.

Допыт Вуса закончыўся.



10.54 — 12.25 Пачаўся допыт Вуса.

Кажа, што нікога ня ведае з абвінавачаных, акрамя Мікалая Статкевіча, зь якім знаёмы з 1995 году. Вус быў даверанай асобай палітыка Таразевіча і тады пазнаёміўся са Статкевічам.

Чаму ён прыйшоў на плошчу. Згадаў, як выбіраўся дэпутатам у гарсавет, яго вылучалі людзі, але не зарэгістравалі. Апошнім разам на мясцовых выбарах у 2010 годзе гэта паўтарылася…

Тут судзьдзя перапыніла Вуса, што гэта не мае дачыненьня да справы. Вус настаяў, што скончыць гэты расповед, бо гэта мае дачыненьня да матыву, з-за якога ён прыйшоў на плошчу. Згадаў, як 6 тысяч выбарцаў накіравалі ліст на імя Лукашэнкі, што сфальшавалі мясцовыя выбары. Але нічога не падзейнічала. Зноў пералічыў, што мусіць быць у Выбарчым кодэксе па-новаму, каб прызналі выбары.

Ён гэта выклаў у лісьце да Лукашэнкі, але дагэтуль адказу няма. Тады ён пачаў выбарчую кампанію ў прэзыдэнты.

«Мая асноўная мэта была сфармаваць грамадзкую думку, што трэба рэфармаваць Выбарчы кодэкс. Каб бюлетэні лічыліся не адной камісіяй, а незалежнымі людзьмі ды іншыя зьмены. Зноў адказу няма».

Вус: Я прыйшоў каля 20.00 на Кастрычніцкую плошчу і выступіў са сваёй праграмай: што трэба зрабіць, каб выбары былі сумленнымі. Трэба сабраць 50 тысяч подпісаў за зьмены, бо інакш не ініцыяваць зьмены, паколькі гэта могуць зрабіць акрамя прэзыдэнта толькі дэпутаты, яны ў нас прызначаюцца.

Потым сышоў з плошчы. А ў 2 гадзіны начы мяне арыштаваў КДБ. На допыце запатрабавалі даць паказаньні супраць Статкевіча. Я адмовіўся. І тады мне сказалі, каб разьвітваўся зь бізнэсам, і выставілі абвінавачаньне. А ў тым абвінавачаньін нічога няма праўдзівага. Мой сын прыйшоў з крамы і сказаў, што за міліцыянты ў дварах. А мне прыпісалі нейкую разьведку — гэта ў галаве не ўкладваецца. Я толькі прайшоў да плошчы Незалежнасьці з усімі і сышоў, нават пагромаў ніякіх ня бачыў. Гэта ўсё. Абвінавачаньне — лухта, я ў шоку натуральна.

Абвінаваўца: Ці карыстаўся Статкевіч ягоным офісам падчас выбараў?

Адказ: Прыходзіў, карыстаўся інтэрнэтам.

Абвінаваўца: А чаму вы дазвалялі?

Адказ: Бо даўно знаёмы. Нас пазнаёміў яшчэ Георгі Таразевіч.

Адвакат Станкевіч кажа, што гэта ня мае дачыненьня да справы, пракурор настойвае.

Абвінаваўца: Вы заклікалі праз мэдыі прыйсьці на плошчу?

Адказ: Не. Я і на радыё не заклікаў, хаця Сукала казаў наадварот. Таму я напісаў у пракуратуры, каб яго прыцягнулі да адказнасьці.

Абвінаваўца: Але вы выказваліся за непрызнаньне выбараў?

Вус: Я сказаў, што трэба, каб камісіі прызначалі не з Адміністрацыі, таму што прызначаныя людзі ня лічаць галасоў. У мяне такія прыклады ёсьць, у школе адмаўляліся лічыць галасы людзі, якія прызначаныя, а яны ўсе прызначаныя ў камісіі зьверху.

Абвінаваўца: Вы ўдзельнічалі ў сустрэчах з выбарцамі разам са Статкевічам?

Вус: Так.

Абвінаваўца: Навошта?

Вус: Мая задача была сфармаваць грамадзкую думку. Бо правы беларусаў не абароненыя. У Афрыцы лічаць галасы, але ня ў нас. У выніку я далучыў да гэтай пазыцыі ўсіх кандыдатаў, акрамя, магчыма, Саньнікава.

Абвінаваўца: А як вы ставіліся да яго поглядаў?

Вус: Нармальна. Я быў за тое, што трэба даводзіць сваю пазыцыю прававым спосабам.

Абвінаваўца: Вы падзялялі яго погляды?


Вус: А якія погляды? Што трэба мяняць выбарчы кодэкс? Так. Што трэба ісьці пад Расею? Не. І пры чым тут Статкевіч? Вось ён сядзіць, і спытайце яго пра ягоныя погляды.

Абвінаваўца: Ці ўдзельнічалі вы зь іншымі кандыдатамі ў сустрэчах?

Вус: Мая мэта была, каб у нас былі дэмакратычныя законы. І таму ішоў на кантакт з усімі палітыкамі. Я чаму і па БТ казаў толькі 7 хвілінаў? Я разумеў, што калі выбарчых зьменаў не адбудзецца, усе гэтыя праграмы пра мільён працоўных месцаў ня маюць сэнсу. І мяне ў выніку амаль усе падтрымалі.

Абвінаваўца: А пра што вы размаўлялі з Рымашэўскім?


Вус зноў пра падзеі 19 сьнежня: не меркаваў ісьці на плошчу, бо думаў, што Аляксандр Рыгоравіч зьменіць сваю пазыцыю. Так бы была зараз іншая эканамічная сытуацыя — а то зараз долар будзе хутка 8 тысячаў.

Абвінаваўца просіць зноў распавесьці пра 19 сьнежня.


Вус: На выбары я не пайшоў. Зразумеў, што Лукашэнка сваю пазыцыю не зьмяніў, што выбараў нармальных у нас ня будзе. Пазваніў Статкевічу ўвечары, распавёў, што мне казаў сын, што ў двары міліцыянты. І сказаў, што прыйду на плошчу. Да апошняга моманту я спадзяваўся, што ў нас будзе розум дамінаваць, а не маразм. Бо маладое пакаленьне трымаюць за дурняў, водзяць за нос. Сказаў Статкевічу, што выступлю перад выбарцамі, распавяду пра патрэбы выбарчай рэформы. Прыйсьці на плошчу было маім правам грамадзяніна.

Абвінаваўца: Што яшчэ вы паведамілі Статкевічу? Што казалі пра сілы і сродкі міліцыі?

Вус: Асабліва ня памятаю, я не зьвяртаю ўвагу на тэлефонныя размовы. Проста распавёў пра тое, што мне сказаў сын Іван.

«Я выступіў са сваёй праграмай. Што ў нас старшыні камісіяў прызначаюцца адміністрацыяй і ўсё астатняе. Скончыў словамі „Жыве Беларусь!“. Усім спадабалася».

Абвінаваўца: А вынікі выбраў агучваліся і кім?

Вус: Саньнікаў агучыў вынікі экзыт-полаў, што Лукашэнка сабраў 37 %, гэта прыкладна так і было. Чаму так мяркую? Мая ініцыятыўная група абыходзіла кватэры, і так было па апытаньні людзей, гэта ў цэнтры гораду сярод пэнсіянэраў, а на ўскрайку і болей было супраць Лукашэнкі.

Абвінаваўца: І як адрэагавалі мітынгоўцы на гэта?


Вус: Мяркую, ім было крыўдна, што людзей за людзей ня лічаць.

Абвінаваўца: А ці чулі вы ад міліцыянтаў заклікі пакінуць плошчу, бо мітынг несанкцыянаваны?

Вус: Ня чуў і ўвогуле ніякіх міліцыянтаў ня бачыў. Натоўп пайшоў у бок плошчы Незалежнасьці. Чаму? Ня ведаю.

Абвінаваўца: Якія былі вашыя дзеяньні?

Вус: І я пайшоў.

Абвінаваўца: Навошта?

Вус: Пратэст трэба было выказаць! Чаму ў нас ня лічаць людзей за людзей? І вас ня лічаць. Бюлетэні вашы ня лічаць. Вось для чаго я пайшоў. А там разьвітаўся зь Мікалаем Віктаравічам і сышоў.

Абвінаваўца: А вам былі вядомыя вынікі афіцыйныя? Чаму вы пратэставалі, калі ня ведалі?

Вус: Я ведаў. Мне знаёмы чалавек з адміністрацыі сказаў, што ўжо пратаколы былі намаляваныя. Яны проста баяцца аднаго чалавека, таму і маўчаць.

Абвінаваўца: Хто гэты чалавек?

Вус: Вы хочаце, каб яго з працы выгналі? Я ў КДБ не назваў гэтага чалавека, а вы хочаце, каб вам сказаў?

Абвінаваўца: А што вы казалі супрацоўніку ДАІ, калі выходзілі з плошчы Кастрычніцкай?

Вус: Гэта было рытарычнае пытаньне, не хачу пра гэта казаць, каб не падводзіць чалавека.

Абвінаваўца: Ці працавалі ўстановы, крамы?

Вус: «Макдональдз» быў закрыты, чаму яны намалявалі 8 мільёнаў стратаў, а не 400 — ня ведаю.

Абвінаваўца: А транспарт?

Вус: У нас транспарт напалову датаваны, што ён гадзіну не працаваў, то нават эканомія.

Абвінаваўца: Што было на плошчы Незалежнасьці?

Вус: Выступалі кандыдаты. Я не выступаў, я ўжо выступіў. Там быў хвілінаў 15-20, быў лёгка апрануты і сышоў. Прыйшоў дамоў, а там па БТ паказалі, як ужо са шчытамі бегаюць. Паўтараю: я прайшоў па праспэкце, каб выказаць пратэст і свайго дамогся. А ніякіх масавых беспарадкаў не было. Трэба напісаць хадайніцтва, чаму праслухвалі кандыдатаў. Яшчэ невядома, хто тут будзе праз два гады сядзець.

Судзьдзя: Вы каго маеце на ўвазе? Ці ня суд?


Вус: Я пра сьледчага.

Абвінаваўца просіць агучыць паказаньні Вуса, бо нібыта там ёсьць супярэчнасьці.

Адвакаты ня супраць, хаця і заўважалі, што супярэчнасьцяў у яго няма, але нешта мог забыць.

Абвінаваўца зачытвае: «Я выступіў каля 5 хвілінаў і сказаў пра зьмены ў выбарчым кодэксе. Потым я сышоў з плошчы дамоў. Пра падзеі на плошчы Незалежнасьці даведаўся ад жонкі, якая бачыла па тэлевізары. На плошчы Незалежнасьці ня быў.»

Чаму такое разыходжаньне?


Вус: Даваў такія паказаньні, але яны не разыходзяцца. Мяне б ня выпусьцілі з КДБ, калі б іншае сказаў.

Яшчэ пытаньне пра тое, ці на запрашэньне Статкевіча ён быў на нарадзе напярэдадні выбараў, дзе абмяркоўвалі дзеяньні апазыцыі. Вус пацьвердзіў, што даваў такія паказаньні.

Зачытваюць пытаньні з допыту пра тое, ці сустракаўся ён з замежнікамі адносна выбараў у гатэлі «Беларусь» і «Эўропа»? Вус тады адказваў, што сустракаўся ў «Беларусі», а з кім яшчэ сустракаўся Статкевіч, ня ведае.

Што яму вядома пра фінансаваньне кампаніі Статкевіча?

Адказ быў — ня ведаю.

Ці абмяркоўвалі дзеяньні падчас масавай акцыі на Кастрычніцкай плошчы?

Ня памятаю.

Ці заклікалі вы да мітынгу?

Не.

Ці стэлефаноўваліся вы з кімсьці 19 сьнежня адносна мітынгу?

Зараз ня памятаю, каб з кімсьці стэлефаноўваўся. Я прыняў рашэньне самастойна.

Таксама зачытаныя паказаньні Вуса, што ён ня памятае, каб нехта папярэджваў не ісьці на плошчу Незалежнасьці.

Абвінаваўца: Давалі такія паказаньні?

Вус: Даваў. Паўтараю, калі б я сказаў, што вёў размовы па тэлефоне і хадзіў на плошчу, мяне б закрылі ў турме. Калі сьледчы ідзе і адразу дакладае, хто быў на плошчы… А потым я пра гэта сказаў.

Абвінаваўца: А чаму вы адмаўлялі факт тэлефоннай размовы са Статкевічам?

Вус: Тады ня памятаў, пасьля таго як у 2 гадзіны ўначы забралі ў КДБ. Як абухом ударылі.

Абвінаваўца: Вам паказвалі відэа падзеяў 19 сьнежня?

Вус: Так.

Абвінаваўца: Як гэта паўплывала на вашы паказаньні?


Вус: Ніяк.



10.23 — 10.53 Працягваецца допыт Аляксандра Класкоўскага. Пытаньні яму задаюць адвакаты.

Пытаньне: Ці вядомая вам была мэта збору людзей на плошчы?

Адказ: Мне вядома было, што хацелі абмеркаваць вынікі выбараў мірным чынам. Ні пра якія захопы не было гаворкі.

Ён асабіста ні з кім не дамаўляўся, каб ісьці на плошчу, ніякіх парушэньняў рабіць не зьбіраўся.

Класкоўскі: Міліцэйскі кіцель пад куртку апрануў «імпульсіўна». Мяркую, мае паводзіны не правакавалі мітынгоўцаў, да іх я не зьвяртаўся. Магчыма, некалькі дзясяткаў чалавек адчулі эмацыйны пад’ём, калі ўбачылі мяне ў форме, але на ўсю сытуацыю гэта не паўплывала. Мэты каардынаваць дзеяньні мітынгоўцаў у мяне не было.

Адвакат: Вы ўчора казалі, што апранулі міліцэйскі кіцель, баючыся, што будуць затрыманьні. Чаму вы так думалі?

Адказ: Бо не выключаў, што людзі будуць стаяць на плошчы працяглы час, да панядзелка, а Лукашэнка раней казаў, што не дапусьціць доўгага мітынгу.

Адвакат: Каля якога ўваходу ў Дом ураду вы ўдзельнічалі ў падзеях?

Адказ: Каля цэнтральнага.

Адвакат: А была магчымасьць у міліцыянтаў спыніць незаконныя дзеяньні на ганку Дома ўраду?

Адказ: Так. Бо выйшлі спэцназаўцы міліцыі, а потым была каманда і яны адышлі. Мяркую, камусьці было выгадна, каб страты былі нанесеныя большыя і каб потым сказаць пра агрэсію мітынгоўцаў.

Адвакат: А як звычайна ахоўваюць дзяржаўныя ўстановы падчас мітынгаў?

Адказ: Калі завязьлі столькі амапаўцаў са шчытамі і дручкамі, калі зрабілі такую падрыхтоўку, то гэта была незвычайная ахова. Бо яна была правезеная задоўга да мерапрыемства.

Удакладніў пра сябе, што ў палітычных партыях ня быў. Вырашыў ісьці на мітынг увечары 19-га сьнежня. Абмяркоўваў палітычныя падзеі апошняга часу толькі з жонкай.

Пытаньні Класкоўскаму задаюць абвінавачаныя.

Буланаў: Колькі было парушальнікаў парадку ля ўваходу і колькі ўсяго мітынгоўцаў?

Адказ: Першых было чалавек 20, а мітынгоўцаў болей за 20 тысяч. Было бачна, што дзеяньні тых, хто біў шкло, не былі арганізаваныя, хаця магчыма, спачатку іх нехта справакаваў, але ён гэтага ня бачыў. Але дакладна, што паблізу Дома ўраду супрацоўнікаў міліцыі ў той момант ён ня бачыў.

Буланаў: Супраць каго ўжылі сілу амапаўцы?

Адказ: Супраць шараговых мітынгоўцаў найперш.

Судзьдзя: Ці чуў на Кастрычніцкай плошчы папярэджаньні міліцыі аб недазволенай акцыі?

Адказ: Ён ня чуў. На Кастрычніцкай чуў, каб людзі не выходзілі на дарогу. А на плошчы Незалежнасьці ня чуў, бо ў асноўным знаходзіўся каля помніка, дзе было вельмі шумна. Пакінуў плошчу каля 11 вечара. Ён бачыў, як падагналі аўтобусы і туды загружалі затрыманых мітынгоўцаў.

На відэа чуецца голас, што Някляеў моцна зьбіты і мы пойдзем патрабаваць ад улады выкананьня Канстытуцыі Беларусі, патрабаваць выбараў без Лукашэнкі.

Голас Саньнікава: Мы вялікі народ, і мы заслужылі гэту свабоду, і мы пераможам.

Голас Кастусёва: Мы не ідзем з растапыранымі пальцамі, а адным кулаком. Разам і бацьку біць прасьцей.

Гучаць іншыя выступы на Кастрычніцкай плошчы: Мы патрабуем выйсьці сюды Лукашэнку, каб сюды прыйшлі кіраўнік МУС, генпракурор.

Распавядаецца пра стварэньне альтэрнатыўнага ўраду.

Статкевіч: Трэба пачакаць вынікі экзыт-полаў, Лукашэнка атрымаў каля 35% галасоў.

Галасуюць за ўтварэньне руху «свабодныя выбары без Лукашэнкі». Удзельнікі мітынгу абіраюць раду.

Судзьдзя: Якія рэчы вы выкарыстоўвалі падчас біцьця шкла і шчытоў?

Адказ: Нічога ў руках ня меў, біў у шчыты нагамі. На міліцыянтаў узьдзейнічаў тым, што на ім міліцэйскі кіцель, ён не зьбіраўся.

Судзьдзя: Вы, відаць, прайшлі ўсе кардоны на плошчы дзякуючы таму, што на вас была форма, так?

Адказ: Магчыма, гэта садзейнічала таму, што я прайшоў з плошчы.

Судзьдзя: Вы казалі, што ішлі на мірную акцыю. А чаму вашыя намеры зьмяніліся і вы ў нейкай ступені пачалі арганізоўваць людзей на біцьцё дзьвярэй?

Адказ: Прычына была ў дзеяньнях міліцыі, якія беспадстаўна пачалі біць людзей.

Судзьдзя: Я аднаго не магу зразумець, а які сэнс быў ламацца ў гэты Дом ураду? Вы вось навошта туды імкнуліся?

Адказ: Эмоцыі людзей спрычыніліся да гэтага. Эфэкт натоўпу.

Судзьдзя: Незразумела. Вось вы асабіста чаму туды лезьлі?

Адказ: Я туды і не імкнуўся, але нешта ж трэба было рабіць.

Допыт Класкоўскага скончыўся.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус

10.18 Заля ўжо поўная, рассаджваюцца адвакаты. У залі большасьць сваякі і сябры, але ёсьць і студэнты юрфаку. З дыпляматаў — прадстаўнік Нямеччыны. Працэс пачынаецца.

10.00 Прысутных запускаюць у залю.

Судзьдзя Людміла Грачова. Абвінаваўца Чумукавец.

Суды за Плошчу

Суд над Статкевічам, Вусам, Пазьняком, Класкоўскім, Квяткевічам, Грыбковым, Буланавым. Першы дзень

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Аляксандар Квяткевіч

Аляксандар Квяткевіч
Нарадзіўся 4 лютага 1987 году.

Скончыў базавую 168-ю менскую школу, затым прафэсійна-тэхнічную вучэльню па спэцыяльнасьці "сталяр-станочнік". Працаваў на вытворчасьці — вырабляў кампрэсары для машын.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі.

Быў затрыманы, адбыў 12-суткавы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня.

4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаньне выстаўленае паводле крымінальнага артыкула "масавыя беспарадкі".

Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Дзьмітры Буланаў

Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG