Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японія: змаганьне з атамнай небясьпекай


Як перадае BBC са спасылкай на ўрад Японіі, выкіды радыяцыі з атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1", якая пацярпела з-за землятрусу 11 сакавіка, дасягнулі ўзроўню, небясьпечнага для здароўя людзей.

На гэтай японскай АЭС у ноч на аўторак адбыўся трэці выбух, ад якога пацярпеў другі рэактар з шасьці.

Таксама ў аўторак адбыўся выкід радыяцыі ў атмасфэру падчас пажару ў басэйне для адпрацаваных паліўных стрыжняў пры чацьвёртым рэактары гэтай жа станцыі, паведаміла Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ). Зараз, паводле МАГАТЭ, пажар патушаны.

Сам рэактар быў спынены яшчэ да землятрусу. Паліўныя стрыжні настолькі гарачыя, што вада ў басэйне ўскіпаем, перадае агенцтва АР.

Сыстэма ахаладжэньня АЭС "Фукусіма-1" была пашкоджана 11 сакавіка землятрусам магнітудай 9,0. Прадстаўнік японскага ўраду паведаміў агенцтву France Press, што нязначнае павышэньне тэмпэратуры было зафіксаванае на яшчэ двух рэактарах.

Аварыя на АЭС, пабудаванай у 1970-я гады, выклікала трывогу за бясьпеку іншых ядзерных аб'ектаў у сьвеце. У Нямеччыне канцлер Ангела Мэркель аддала загад на тры месяцы заглушыць сем рэактараў АЭС, запушчаных да 1980 году.

Улады ўсталявалі зону адчужэньня ў радыюсе 20 км ад станцыі з эвакуацыяй усіх жыхароў. Тым, хто жыве на адлегласьці ад 20 да 30 км, рэкамэндавана не пакідаць свае дамы.

Як паведамляе МАГАТЭ, японскія ўлады абсьледавалі на прадмет апраменьваньня 150 чалавек; 23 зь іх спатрэбілася дэзактывацыя, перадае Reuters.

Па дадзеных кампаніі-апэратару АЭС Tokyo Electric Power Co (Tepco), радыяцыйны фон у зоне аварыі такі, што пры апраменьваньні за адну гадзіну чалавек атрымлівае дозу радыяцыі, у восем разоў перавышае гадавую норму. Раней быў зафіксаваны рэзкі скачок, але пазьней узровень радыяцыі зноў панізіўся, паведаміў прадстаўнік ураду Японіі.

Падвышаная радыяцыя зафіксаваная ў Токіо, што знаходзіцца ў 250 км ад станцыі, але пазьней і там яе ўзровень зьнізіўся, паведамляе France Press са спасылкай на мэрыю горада.

BBC так падае хроніку падзеяў на "Фукусіма-1":

  • 11 сакавіка: адмова сыстэмы ахаладжэньня аднаго з рэактараў пасьля землятрусу, пачата эвакуацыя
  • 12 сакавіка: радыёактыўны выцек, выбух вадароду і частковае разбурэньне першага энэргаблёку
  • 13 сакавіка: непаладкі ў сыстэме ахаладжэньня яшчэ аднаго рэактара
  • 14 сакавіка: выбух вадароду ў трэцім энэргаблёку АЭС, выхад са строю сыстэмы ахаладжэньня другога рэактара
  • 15 сакавіка: выбух у другім энэргаблёку, пажар у памяшканьні чацьвертага рэактара, істотнае павышэньне ўзроўню радыяцыі

Японскія адмыслоўцы спрабавалі стабілізаваць становішча ў другім рэактары на працягу ўсяго дня ў панядзелак 14 сакавіка. Непасрэдныя прычыны выбуху пакуль не ўстаноўлены.

У суботу 12 сакавіка на станцыі выбухнуў вадарод у першым энэргаблёку, у панядзелак – у трэцім. Паведамлялася, што рэактары ад гэтых выбухаў не пацярпелі.

На АЭС не спыняюцца спробы аднавіць сыстэму ахаладжэньня энэргаблёкаў: інжынэры запампоўваюць у рэактары марскую ваду, спрабуючы не дапусьціць перагрэву рэактараў, аднак, па некаторых дадзеных, чатыры з пяці вадзяных помпаў былі выведзены са строю выбухам у трэцім энэргаблёку.

Выбухам, які адбыўся ў аўторак, мог быць пашкоджаны вонкавы ахоўны корпус другога рэактара.

Агенцтва Кіода паведамляе, што прэм'ер-міністар Японіі Наота Кан незадаволены дзеяньнямі кіраўніцтва кампаніі Tepco.

"Па тэлебачаньні паведамілі аб выбуху. А апарату прэм'ера амаль гадзіну нічога не дакладвалі, – пачуў рэпартэр агенцтва словы прэм'ера на сустрэчы з мэнэджэрамі энэргетычнай кампаніі. – Што за чартаўня?!"

Раней японскія СМІ паведамлялі, што ўзровень вады ў другім рэактары электрастанцыі панізіўся настолькі, што часткова агаліліся паліўныя элемэнты.

У выніку выбуху 14 сакавіка на трэцім энэргаблёку пацярпелі 11 чалавек.

Зараз усё АЭС у Японіі спыненыя. Пры нармальных умовах яны генэруюць да траціны электраэнэргіі, якая спажываецца ў краіне, і ўлады ўвялі веерныя адключэньні і іншыя меры па абмежаваньні энэргаспажываньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG