Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Джо Лібэрман: "Мы з вамі. Не губляйце надзеі!"


Сэнатар Джо Лібэрман даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода, у якім выказаў ацэнку сытуацыі ў Беларусі.

Лукашук: Сэнатар, празь некалькі гадзінаў вы адпраўляецеся на
авіябазу Эндрус пад Вашынгтонам, каб у складзе дэлегацыі ЗША вылецець у Эўропу, на мюнхэнскую канфэрэнцыю бясьпекі. Але ваш першы прыпынак – Вільня. Якая мэта вашага візыту?

Лібэрман: Ужо шмат гадоў сэнатар Джон Маккейн і я ўзначальваем дэлегацыю на Канфэрэнцыю ў справах бясьпекі ў Мюнхэне і заўсёды прыпыняемся яшчэ дзе-небудзь, каб уведаць нешта і, магчыма, унесьці канструктыўныя зьмены. Мы захацелі паляцець у Вільню сёлета, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. Мы сустрэнемся са студэнтамі ЭГУ, з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Таксама і з кіраўніцтвам Літвы.

Мы хочам пачуць напрасткі ад беларусаў у Вільні пра рэпрэсіі ў краіне пасьля 19 сьнежня. Шчыра кажучы, мы хочам сказаць беларускай
Мы з вамі дзеля свабоды. Мы з вамі. Не губляйце надзеі.
апазыцыі – мы з вамі. Мы з вамі дзеля свабоды. Мы з вамі. Не губляйце надзеі.

Лукашук: У артыкуле, які вы напісалі разам са старшынём сэнацкага Камітэту замежных сувязяў Джонам Кэры для The Washington Post, вы гаворыце аб патрэбе новага падыходу ў дачыненьнях з аўтакратычнай Беларусьсю. Што гэты новы падыход азначае?

Лібэрман: Я і сэнатар Кэры робім выснову, якой нельга не зрабіць, а менавіта: стратэгія ўцягваньня, якой прытрымліваліся Эўразьвяз і Злучаныя Штаты цягам двух апошніх гадоў, пацярпела паразу. Яна пацярпела цяжкую паразу, як цяпер відаць па тым, што робіць Лукашэнка. Па-першае, цяпер Эўразьвяз і ЗША павінны даць Лукашэнку ясна зразумець, што ягонае аўтакратычнае кіраваньне
Эўразьвяз і ЗША павінны даць Лукашэнку ясна зразумець, што ягонае аўтакратычнае кіраваньне непрымальнае.
непрымальнае. Па-другое, мы павінны зрабіць усё магчымае, уключна з увядзеньнем адрасных эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня, каб зьмяніць іх паводзіны. І яшчэ мы павінны павялічыць нашу матэрыяльную і тэхнічную падтрымку беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. У гэтым сэнсе мяне радуе, што ў панядзелак (31 студзеня – РС) Эўразьвяз і ЗША пачалі ажыцьцяўляць гэтую новую палітыку ў адносінах Беларусі, калі яны заявілі аб узмацненьні нашых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і павелічэньні дапамогі дэмакратычнай грамадзкасьці ў Беларусі.

Лукашук: Вы з сэнатарам Кэры заклікалі Эўразьвяз пайсьці за ЗША і заблякаваць гандаль зь беларускімі нафтавымі і нафтаперапрацоўчымі кампаніямі. Эўразьвяз увёў візавую забарону, але ўстрымаўся ад эканамічных санкцый. Гэта выклікала вялікае расчараваньне сярод беларускай апазыцыі. Некаторыя адчувалі сябе здраджанымі. Вы сустрэнецеся са шматлікімі эўрапейскімі лідэрамі ў Мюнхэне. Ці будзеце вы ўздымаць гэтае пытаньне ў размовах зь імі?

Лібэрман: Так, гэта, безумоўна, адно з пытаньняў, якое і я, і мае калегі з Кангрэсу ЗША будуць уздымаць перад калегамі з Эўразьвязу. Я быў задаволены, што Эўразьвяз увёў візавую забарону ў адносінах да афіцыйных асобаў Беларусі. Не скажу, што я быў зьдзіўлены, але быў расчараваны адсутнасьцю эканамічных санкцый у іхнім рашэньні. Я буду іх пераконваць, каб яны зьмянілі свой пункт погляду. Бо Лукашэнка і людзі зь ягонага атачэньня зарабляюць велізарныя грошы на
Лукашэнка і людзі зь ягонага атачэньня зарабляюць велізарныя грошы на зьдзелках нафтавых і нафтаперапрацоўчых кампаній.
зьдзелках нафтавых і нафтаперапрацоўчых кампаній, якія, як спадзяюся, падпадуць пад санкцыі. Гэтыя грошы падтрымліваюць дыктатарскі рэжым на плыву. Мы лічым, што трэба дабрацца да гэтых грошай і зрабіць цяжэйшым для Лукашэнкі ўзбагачэньне за кошт беларускага народу.

Лукашук: На гэтым тыдні прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсьлена пакрытыкавалі апошнія рэпрэсіі ў Беларусі, але таксама асуджалі заходнія санкцыі супраць Лукашэнкі. Шмат хто ў Беларусі не давярае Расеі з увагі на яе падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў мінулым. Яны таксама лічаць палітыку Крамля ў адносінах да Беларусі імпэрыялістычнай і лічаць, што яна пагражае яе незалежнасьці. Якую ролю, па-вашаму, Расея магла б адыграць у цяперашняй сытуацыі ў Беларусі?

Лібэрман: Па-першае, я цалкам разумею і пагаджаюся зь людзьмі ў Беларусі, якія не давяраюць Маскве з увагі на яе падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў мінулым ды з увагі на яе агрэсіўную прапаганду ў замежжы. Мы ведаем, што стратэгіяй Лукашэнкі зьяўляецца разыгрываньне Захаду і Расеі адно супраць аднаго. Я думаю, што ні Масква, ні Вашынгтон, ні Брусэль ня хочуць, каб такое Лукашэнку сыходзіла з рук. Я спадзяюся, што гэтыя тры цэнтры палітычнай улады – ЗША, ЭЗ і Расея – змогуць знайсьці лепшы сумесны падыход да Лукашэнкі. Але ў канчатковым выніку – і я перакананы, што ўрад ЗША думае таксама – будучыня Беларусі павінна быць вырашаная толькі беларускім народам у сумленным і свабодным дэмакратычным працэсе.

Лукашук: Цяперашні рэвалюцыйны крызіc на Блізкім Усходзе навёў некаторых у Беларусі на думку, што ЗША цяпер забудуцца пра Менск. У адных гэта выклікае заклапочанасьць, у іншых, наадварот, радасьць. Па-вашаму, ці застанецца Беларусь у полі зроку Вашынгтону?

Лібэрман: Так, безумоўна. Тут на кон пастаўленыя нашыя каштоўнасьці. Я заўсёды адчуваю тое, што Злучаныя Штаты нарадзіліся ў 1776 годзе ня дзякуючы сваім геаграфічным межам,
Мы ведаем імёны герояў змаганьня за свабоду, і мы ведаем імёны апрычнікаў гэтага народу, і мы пра іх таксама не забудзем.
а дзякуючы нашым каштоўнасьцям – яны нарадзіліся з Дэклярацыі незалежнасьці, зь відавочнай ісьціны, што ўсе мы былі створаныя роўнымі, і што наш створца надзяліў нас правамі на жыцьцё і свабоду. Гэтыя правы ў Беларусі знаходзяцца пад пагрозай. Сам факт, што я і сэнатар Маккейн едзем у Вільню на чале вялікай дэлегацыі ад дзьвюх партый, павінен даць зразумець людзям у Беларусі, што мы не выпускаем вас з-пад сваёй увагі і што мы пра вас не забудзем. Мы ведаем імёны герояў змаганьня за свабоду, і мы ведаем імёны апрычнікаў гэтага народу, і мы пра іх таксама не забудзем.

Лукашук: Вы заявілі ў мінулым месяцы, што больш ня будзеце балятавацца на выбарах у Сэнат. Які ўрок са свайго шматгадовага палітычнага жыцьця вы зараз маглі б узгадаць для тых людзей у Беларусі, хто шмат гадоў змагаецца за дэмакратыю, але яшчэ ня зьведаў смак перамогі?

Лібэрман: Дзякую за тое, як вы паставілі гэтае пытаньне – што я пакідаю Сэнат, але я не іду цалкам у адстаўку. Я спадзяюся, што пакуль я буду жыць, я буду падтрымліваць такіх людзей, як апазыцыя ў Беларусі,
Мы застанемся з вамі, пакуль беларускі народ не дасягне сапраўднай свабоды.
якая змагаецца за свабоду, бо гэта нашая місія. Які ўрок я мог бы прыгадаць? Я прыгадаў бы, што сказаў Чэрчыль: ніколі, ніколі, ніколі не паддавайцеся! Хоць супраціў магутнаму рэжыму – нялёгкая справа, крывая гісторыі заўсёды выгінаецца ў бок свабоды. Часам гэта патрабуе вельмі доўгага часу, але вы не паддавайцеся, не губляйце надзею. І ведайце, што народ Злучаных Штатаў з вамі, што мы застанемся з вамі, пакуль беларускі народ не дасягне сапраўднай свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG