Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні дня без ператрусаў і допытаў


У панядзелак у розных рэгіёнах Беларусі міліцыянты і супрацоўнікі КДБ працягвалі ператрусы й допыты грамадзкіх актывістаў і супрацоўнікаў незалежных медыяў. Фармальнай падставай лічыцца крымінальная справа аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня.


БАРЫСАЎ


У рэдакцыі недзяржаўнага выданьня арыштавалі кампутары

Анатоль Букас
У панядзелак а 10-й гадзіне пачаўся ператрус у рэдакцыі незалежнай газэты «Борисовские новости». Галоўны рэдактар Анатоль Букас паведаміў «Свабодзе», што прыйшлі 6 міліцыянтаў і прад’явілі ордэр на вобшук.

Пра асаблівасьці ператрусу «Свабоду» інфармаваў журналіст выданьня Алесь Мікалайчанка.

«Яны тут пачалі выкручваць і даставаць вінчэстэры з кампутараў. Гэтым самым сарвуць чарговы нумар газэты. Акрамя таго, яны не зважаюць, што ў нас на агульным вінчэстэры захоўваюцца журналісцкія нарыхтоўкі для матэрыялаў альбо дакумэнт, які пераведзены ў электронны выгляд — яны не зважаюць. Я не магу зразумець, чым правінілася рэдакцыя. Не разумею. Я ўжо чалавек сталага ўзросту, і мяне ад такога дзікунства, даруйце, ванітуе».

На гэты час вядома, што ў выніку ператрусу з рэдакцыі забралі ўсю тэхніку: кампутары, факсы, фотаапараты. Пасьля гэтага ператрус адбыўся таксама на кватэры рэдактара газэты «Борисовские новости» Анатоля Букаса.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Ператрусы па пяці адрасах адначасова

У панядзелак раніцай у Берасьці ператрусы прайшлі па месцы жыхарства пяці апазыцыйных актывістаў. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк. Паводле суразмоўцы, ва ўсіх пяці выпадках супрацоўнікі КДБ прад’яўлялі пастанову на ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску.

«На жаль, улады спрабуюць чыніць ціск на актывістаў пры дапамозе такіх вось вобшукаў. Так было ў 2007 годзе, калі ператрусы праводзіліся ў шэрагу берасьцейскіх журналістаў. Так і цяпер. Нечаканы ператрус — гэта магчымасьць для спэцслужбаў застрашыць людзей».

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісьляка, ператрусы ў панядзелак былі праведзеныя па месцы жыхарства Дзьмітрыя Шурхая, Андрэя Шарэнды, Уладзімера Вуека, Юркі Бакура, Арцёма Церашонка.

Арцём Церашонак быў сябрам ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука і Ўладзімера Някляева. Па словах Арцёма, у яго нічога не канфіскавалі. Але ўручылі позву зьявіцца ва ўпраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці 11 студзеня а 14-й гадзіне. Пытаюся ў юнака: ці запалохвае яго гэты ціск?

«Кожны чалавек здольны думаць. І думкі чалавека зьмяніць цяжка. І гэтымі ператрусамі ці допытамі КДБ ня зьменіць ход маіх думак. Іншая справа, што, можа, хваля вобшукаў крыху прыб’е жаданьне людзей быць далучанымі да актыўных дзеяньняў апазыцыі. Магчыма. Але на ход маіх думак гэта не паўплывае».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Хто ідзе да канца, той перамагае…»

Увесь мінулы тыдзень і ўжо ад сёньняшняга дня актывістаў Гарадзеншчыны працягваюць выклікаць у КДБ, дзе дапытваюць пра падрабязнасьці Плошчы і зачытваюць шаблённае папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці.

Слонімскага актывіста Івана Бедку выклікалі сёньня ў КДБ позвай. Ён быў удзельнікам Плошчы і адседзеў 15 сутак на Акрэсьціна. Зь яго слоў, задавалі стандартныя пытаньні: з кім быў на Плошчы, што там рабіў і г.д., а потым зачыталі папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці.

Пасьля гэтага супрацоўнік КДБ запытаўся ў Івана Бедкі, зь яго слоў: ці пайшоў бы той ізноў на Плошчу, каб падзеі паўтарыліся? І вось што адказаў ім Іван Бедка:

«Яны запыталіся: а ты пайшоў бы ізноў на Плошчу? Я ім адказаў: канечне, пайшоў бы!». «Чаму? Таму што ніколі нельга кідаць на паўшляху сваю справу, трэба заўсёды ісьці да канца. Хто ідзе да канца, той перамагае…».

Яшчэ адзін слонімскі актывіст, Барыс Кучынскі, які таксама адбыў за Плошчу 15 сутак і якога на мінулым тыдні пад прымусам завезьлі ў КДБ, сёньня піша скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў дзяржбясьпекі. Яго папросту схапілі на вуліцы каля дома і пад прымусам завезьлі ва Ўпраўленьне раённага КДБ.

Ён кажа, што гэтым яго не запалохалі і ён надалей зьбіраецца адстойваць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і законамі Беларусі. Зь яго слоў, арышт і КДБ не паўплываюць на яго далейшую палітычную актыўнасьць:

«Я ж гэтай справай заняўся ня дзеля грошай, а таму што бачу — мы павінны жыць больш варта, з годна паднятай галавой, а не хадзіць і не прасіць нечага ў кагосьці. Таму я не зьбіраюся сваю дзейнасьць згортваць, бо гэта было б нядобра».

Юры Істомін
Лідэр Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП, Юры Істомін, таксама быў вязьнем Акрэсьціна, яго таксама на мінулым тыдні выклікалі ў КДБ. Ён кажа, што ціск КДБ уплывае на людзей, і праз гэта шэрагі апазыцыі ачысьцяцца ад выпадковых сябраў:

«Калі адна палітычная адседка можа паўплываць на тваю кар’еру і ты перастанеш ёй займацца, то, думаю, ня варта было за гэта брацца адпачатку. Але мне здаецца, што большасьць з тых, хто прыйшоў у гэтую палітыку, добра разумеў, куды ён прыйшоў. На маю думку, тое, што адбываецца, надасьць нам новых сілаў. Мы будзем ісьці да сваёй мэты, можа, іншымі шляхамі, але ня сыдзем з дарогі».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Праз допыты ў КДБ прайшлі больш як дзясятак апазыцыянэраў

Сярод дапытаных — актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды партыі БНФ.

Васьмёра актывістаў «Гавары праўду» наведалі КДБ у Магілёве й Бабруйску. Трое зь іх сустракаліся са сьледчым двойчы. Актывіст з райцэнтру Кіраўск застаўся бяз працы праз свой удзел у выбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева. Як сьцьвярджае рэгіянальная каардынатарка Аксана Самуйлава, ціск улады паўплываў на актывістаў кампаніі нязначна:

«Мы, вядома, здагадваліся, што будуць такія наступствы, аднак ніхто не падазраваў, што яны будуць такога маштабу й такой сілы. Маральна мы сябе да гэтага рыхтавалі. Той актыў, які працаваў, ён застаўся. Можа, некаторыя людзі ня хочуць свае прозьвішчы агучваць. Яны хочуць захаваць сваё працоўнае месца, бо ў асноўным гэта працоўныя людзі».

У Бабруйскай управе КДБ дапыталі як сьведку кіраўніка гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева. Сёньня яго выклікаюць туды зноў.

«Нават тыя людзі, якія рэдка хадзілі на сходы, нават тыя, хто практычна толькі ўступіў й не пасьпеў пахадзіць, цікавяцца, што адбываецца й як. У нас жа ў партыі асаблівая праблема. Хаця палітрада зрабіла заяву і дыстанцыявалася ад заявы Яраслава. Гэтую ж інфармацыю немагчыма паглядзець па афіцыйных каналах».

Калі ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі праблемаў з офісамі для структураў у рэгіёне няма, як сьцьвярджае кіраўніцтва абласной арганізацыі, то Партыя БНФ наагул ня мае сядзібы. Знайсьці памяшканьне не ўдаецца ані ў дзяржаўных арандатараў, ані ў прыватных, заяўляе кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Зьміцер Салаўёў. Няма зарэгістраваных партыйных суполак і ў райцэнтрах.

«Партыйныя структуры — гэта ж ня ёсьць офіс, гэта ж людзі. Людзі ёсьць, і іх колькасьць павялічваецца. Людзі самі прыходзяць, нават без шырокай рэклямы партыі. А офіс — будуць магчымасьці, будзем рабіць, але ж для нас галоўнае — людзі, а ня нейкія памяшканьні».

Між тым на выходных шклоўскі міжраённы аддзел КДБ наведаў сябра партыі БНФ Андрэй Кастусёў — сын кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва. Хлопец адседзеў у Жодзіна пятнаццаць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі салідарнасьці 20 сьнежня. Падрабязнасьці гэтай акцыі й цікавілі сьледчага. Па-за ягонай увагай не засталося й навучаньне Кастусёва-малодшага за мяжой.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Цяпер спыніцца — гэта акунуцца ў цемру»

На Гомельшчыне падчас прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Менску на плошчы Незалежнасьці спэцслужбы й міліцыя праз суды пакаралі арыштамі шасьцёх грамадзкіх актывістаў, у тым ліку Юры Клімовіча, Валера Сьляпухіна, Юрася Захаранку, журналістку Тацяну Бублікаву.

Маштабныя ператрусы й запалохваньні, аднак, не нагналі страху на актывістаў.

Гаворыць гомельскі прадстаўнік стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўген Якавенка — у яго чэкісты падчас ператрусу забралі ноўтбук, сыстэмны блёк кампутара, дыктафон, фотаапарат, 2 мабільныя тэлефоны, відэакасэты, дыскі і нават бел-чырвона-белыя сьцягі:

«Нікуды адыходзіць ад спраў я не зьбіраюся. Апроч страху, ёсьць яшчэ й вера ў сваю рацыю — праўда за намі. І яна, як бы гэта патасна ні гучала, насамрэч мацнейшая за ўвесь гэты страх, усе гэтыя запалохваньні. Мы разумеем, што толькі мы гэтую справу можам зрабіць і больш ніхто яе ня зробіць. Гэта — наш маральны абавязак перад сабой, перад нашчадкамі, перад тымі, хто быў да нас, — перад Беларусьсю».

Жлобінскі кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка мяркуе, што масавы пратэст выкліканы нежаданьнем улады праводзіць справядлівыя выбары. І адступаць актывістам ад сваіх прынцыпаў, ад грамадзкай дзейнасьці зараз ніяк не выпадае:

«Вядома, спыняцца я не зьбіраюся, паколькі ўжо добрая частка жыцьця пакладзена на разьвіцьцё й станаўленьне дэмакратыі ў Беларусі. Гэта й звальненьне маё з працы, і перасьледы ўсялякія. Што гэта — адным махам перакрэсьліць? Сябры і нават мае дзеці разумеюць, што цяпер спыніцца — гэта акунуцца ў цемру. Калі нехта нават папакутуе ад гэтага — ну, што ж зробіш, давядзецца і праз гэта прайсьці. Мы маглі б адступіць, калі б нешта парушалі. А калі мы нічога не парушаем, тады навошта адступаць і дзеля каго?»

Падчас ператрусу ў офісе АГП гомельскія чэкісты забралі прыватны ноўтбук у юрыста, старшыні мясцовай грамадзкай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Леаніда Судаленкі. Сядзець склаўшы рукі той таксама не зьбіраецца:

«Я падаю скаргу на імя начальніка ЎКДБ й пракурора Гомельскай вобласьці. Калі атрымаю адмоўныя адказы, зьвярнуся з пазовам у суд, каб вярнуць сваю маёмасьць зь незаконнага чужога карыстаньня».

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што маштабныя ператрусы й беспадстаўная канфіскацыя носьбітаў інфармацыі патрэбныя найперш дзеля заспакаеньня галоўнай асобы ў краіне:

«На маю думку, усё гэта робіцца з адной мэтай — заспакоіць аднаго чалавека ў Беларусі, які вельмі спалохаўся, што можа страціць уладу, ня спаў тры ночы. І зараз усе службы займаюцца тым, каб яго супакоіць.Таму й вядуцца ўсе гэтыя ператрусы, робяцца адпаведныя справаздачы. І скіравана ўсё на тое, каб гэты чалавек добра спаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG