Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Рымашэўскі – пра Плошчу, СМІ, пакаяньне і “непажаданых жывёлаў”


Былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, вызвалены днямі пад падпіску аб нявыезьдзе, зрабіў некалькі заяваў, якія мелі шырокі грамадзкі розгалас. У сваю чаргу, сам палітык скардзіўся на тое, што яго словы былі скажона пададзеныя і няправільна інтэрпрэтаваныя. Мы зьвярнуліся да яго з просьбай выкласьці ягоную пазыцыю.

Дракахруст:
Віталь, як вы мяркуеце, чаму вам зьмянілі меру стрыманьня, а іншым фігурантам справы аб масавых беспарадках – не?

Рымашэўскі:
На сёньняшні момант я магу толькі здагадвацца пра гэта. Па шчырасьці, я чакаў, што мяне вызваляць раней, што мне нават ня будзе прад'яўлянае абвінавачваньне. Я добра ведаў, што ўсе мае дзеяньні зафіксаваныя на відэакамэры незалежных журналістаў, замежных журналістаў і спэцслужбаў. Калі мне было прад'яўленае абвінавачваньне, я зразумеў, што ня ўсё так проста з маёй справай і, магчыма, ня гледзячы на відавочнасьць маіх дзеяньняў, я буду пакараны.

Дракахруст: Вы трактуеце ступень вашай віны праз вашы дзеяньні на плошчы. Але, скажам, сп. сп. Лябедзька і Фядута наагул фізычна адсутнічалі там, а тым ня менш былі прыцягнутыя да адказнасьці. Магчыма, адказнасьць тлумачыцца ня толькі дзеяньнямі на плошчы?

Я баюся, што сытуацыя можа скончыцца пагаршэньнем працы дэмакратычных сілаў і незалежных журналістаў. Можа скончыцца катастрафічна і для Беларусі, і для ўсяго дэмакратычнага руху.
Рымашэўскі:
Магчыма. Працягваюцца ператрусы сярод нашых актывістаў, ведаю, што ў Гомелі ломяцца ў дзьверы да Кастуся Жукоўскага. Я ведаю, што дзеяньні гэтых людзей на плошчы не былі агрэсіўнымі. Тут можна толькі рабіць нейкія меркаваньні. Я баюся, што сытуацыя можа скончыцца пагаршэньнем працы дэмакратычных сілаў і незалежных журналістаў. Можа скончыцца катастрафічна і для Беларусі, і для ўсяго дэмакратычнага руху.

Дракахруст: Вы напісалі зь вязьніцы ліст Аляксандру Лукашэнку. На вас рабілі нейкі ціск, каб вы яго напісалі?

Рымашэўскі:
На ўсе пытаньні, што зьвязаныя з гэтай акалічнасьцю, я, на жаль, зараз не магу адказваць. Я не хацеў даваць ніякіх камэнтароў да прэсавай канфэрэнцыі. Але журналісты "Нашай нівы" угаварылі пад'ехаць і сказаць некалькі словаў для анонса новага нумару. Я даў ім некалькі вельмі стрыманых камэнтароў. Пасьля гэтага я быў выкліканы ў КДБ, нібыта для таго, каб мне ўручылі копію пастановы аб зьмене меры стрыманьня. І там са мной была досыць канкрэтная размова: мне сказалі, што я магу ня выйсьці ў гэты момант, і што мне не дадуць правесьці прэсавую канфэрэнцыю.

Калі б я лічыў, што прэсавая канфэрэнцыя магла істотна паўплываць на сытуацыю, я б яе правёў, ня гледзячы на забарону. Я шкадую аб тым, што даваў камэнтары да прэсавай канфэрэнцыі. Я бачу, што мае словы вырываюцца з кантэксту, пішуцца "смажаныя" загалоўкі. Журналісты, той жа Панкавец з "Нашай нівы", не дае сабе клопату патэлефанаваць і узяць камэнтар у мяне, калі піша пра мае выказваньні, а проста робіць перадрук. Я б хацеў заклікаць журналістаў да адказнасьці ў гэтай сытуацыі і папрасіў бы не вырываць фразы з кантэксту.

Пытаньне наконт ліста я пакіну без камэнтароў
Дракахруст:
Віталь, я ўсё ж хачу вярнуцца да ліста Лукашэнку. Вы яго пісалі. Магчыма, яго зьмест – гэта таямніца сьледзтва і вы сядзеце, калі пра яго раскажаце. Але пытаньне – на вас рабілі ціск, каб вы яго напісалі, ці вы яго напісалі добраахвотна?

Рымашэўскі: Пытаньне наконт ліста я пакіну без камэнтароў.

Дракахруст:
Як вы ацэньваеце заявы Яраслава Раманчука і Рыгора Кастусёва, якія прагучалі па БТ?

Рымашэўскі: Я пачуў заявы Раманчука і Кастусёва ў камэры, на той момант яшчэ працаваў тэлевізар, перад тым, як мяне выклікалі на допыт. Гэта было моцным ударам для ўсіх, хто знаходзіцца ў зьняволеньні. Я лічу, што калі нехта нават сказаў, што яго прымусілі зрабіць гэтую заяву пад ціскам, то лягічна было б папрасіць прабачэньня ва ўсіх тых, чые прозьвішчы былі агучаныя, ва ўсіх тых людзей, якія сядзяць у вязьніцы і чулі гэтыя заявы.

Дракахруст: Віталь, у вас асабіста быў нейкі плян дзеяньняў на Плошчы, якім шляхам вы зьбіраліся “вярнуць беларусам права на свабодныя выбары”? У якой ступені вашы пляны стасаваліся з плянамі іншых кандыдатаў?

І зараз можа адбыцца так, што лёс Беларусі будуць вырашаць Эўропа разам з Расеяй бяз нас.
Рымашэўскі:
Я хачу сказаць пра вынікі Плошчы. Наконт вяртаньня права на свабодныя выбары – адным з важных крокаў павінна было стаць непрызнаньне выбараў. Тыя мэты, якія ставілі – яны дасягнутыя. Але мы ніколі ня ставілі на мэце ізаляцыю Беларусі ад Эўропы. Такой мэты не было ні да 19-га, ні 19-га. Гэта былі мэты іншых людзей. І мы вельмі жорстка да выбараў спрачаліся з гэтымі людзьмі. І зараз можа адбыцца так, што лёс Беларусі будуць вырашаць Эўропа разам з Расеяй бяз нас. Гэта можа скончыцца больш катастрафічнымі наступствамі, чым вынікі падзеяў 19-га сьнежня. Гэтага нельга дапусьціць. Калі я выйшаў на свабоду, мяне ўразілі дзьве рэчы. Узровень самаарганізацыі людзей, узровень салідарнасьці і сьмеласьці людзей. У гэтым надзея для Беларусі. Я гэта казаў падчас выбарчай кампаніі. На жаль, можа ў мяне было мала веры ў гэтых людзей, я не чакаў, што салідарнасьць стала яшчэ большай, чым у 2006 годзе. У гэтым – шлях ня толькі ў змаганьні за свабодныя выбары, але і да лепшага жыцьця для беларускага народу. Гэтым шляхам мы і зьбіраліся ісьці.

Дракахруст: Вы сказалі, што мэта Плошчы была дасягнутая ў выглядзе непрызнаньня....

Рымашэўскі: Не. Гэта не была мэта Плошчы. Гэта была адна з мэтаў, якія ставіліся ў змаганьні за свабодныя выбары. Ці была дасягнутая мэта Плошчы – гэта пакажа час. Мэта Плошчы – гэта ўзмацненьне салідарнасьці, духа змаганьня за Беларусь. Я хачу паўтарыць тое, што казаў на Плошчы з трыбуны: "Мы – адзін народ". Можа зараз, для кагосьці мае словы будуць гучаць радыкальнымі і здрадніцкімі. Змаганьне за Беларусь – гэта змаганьне любоўю і салідарнасьцю, а не нянавісьцю.

Дракахруст: Мэты Плошчы, якія былі дасягнутыя, – ці не занадта высокая цана была заплачаная за іх?

Рымашэўскі: Абсалютна завышаная цана. Калі я падыходзіў да дзьвярэй Дому ўраду, каб бараніць гэтыя няшчасныя дзьверы ад пагромшчыкаў, у мяне было адно пачуцьцё – што заўтра мяне будуць абліваць брудам ва ўсіх незалежных СМІ, а нейкага, хто адсядзіць 15 сутак, будуць услаўляць як героя. Але я лічыў, што нельга плаціць такім коштам нават за высокія мэты – зьбіцьцём людзей. Я ня мог сабе на Плошчы ўявіць, што гэта скончыцца СІЗО КДБ і такімі жорсткімі дзеяньнямі.

Дракахруст: Гэтага вы не чакалі. А чаго чакалі – што АМАП разьбяжыцца, а яго кіраўнік прызнае ўрад нацыянальнага выратаваньня?

Рымашэўскі: Вы лічыце мяне дурнем? Я чакаў, што будзе разгон тых людзей, якія сабраліся ля дзьвярэй, што будуць арыштаваныя на 10-15 сутак. А такой рэакцыі, якая была, я думаю, не чакаў ніхто. Інакш бы па іншаму дзейнічалі.

Дракахруст: А зараз – пра невядомых “непажаданых для гаспадароў жывёлаў”, не названых вамі новых і “стара-новых” лідэраў апазыцыі. Вы сказалі:

“Дома, у кватэры, часам жывуць ня вельмі пажаданыя для гаспадароў жывёлы. Звычайна калі гаспадары дома, яны хаваюцца. А калі гаспадары сыходзяць з памяшканьня, яны вылазяць з усіх шчылін, пачынаюць гаспадарыць на сталах, на кухні, весьці сябе як гаспадары. І я цяпер назіраю, на жаль, гэта. У шэрагах беларускай апазыцыі знаходзяцца новыя лідэры або «новыя-старыя» лідэры, якія так сябе вядуць. Нельга прыкрывацца словамі салідарнасьці і дапускаць паскудзтва. Таму што гэта нават ніжэй, чым палітычная прастытуцыя".

Якія і чые заклікі да салідарнасьці вы мелі на ўвазе, пад якімі хаваецца нешта “горшае за палітычную прастытуцыю”?

Я перакананы, што ўсе лідэры, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, былі б супраць таго, каб іх ці беларускую апазыцыю прадстаўлялі людзі, якія зараз імкнуцца яе прадстаўляць. Вы паглядзіце, якія заявы былі зробленыя ў панядзелак, 20 сьнежня. Вы казалі толькі пра Раманчука. Але давайце будзем сумленнымі, паглядзіце, хто яшчэ рабіў падобныя заявы.
Рымашэўскі:
Пра першую рэч, якая мяне ўразіла, калі я выйшаў на свабоду, я ўжо сказаў – гэта годныя паводзіны людзей. А другая рэч, якая мяне ўразіла – гэта сытуацыя ў апазыцыі. І ў мяне ўзьнік такі вобраз – часам у кватэры жывуць непажаданыя жывёлы. Калі гаспадары выходзяць з пакоя, з кватэры, а зараз многія лідэры выйшлі з гэтага "пакою", які называецца палітычнай прасторай не па сваёй ахвоце, гэтыя жывёлы пачынаюць вылазіць з усіх кутоў і гаспадарыць, пачуваючы сябе гаспадарамі. Гэты вобраз у мяне ўзьнік, калі я ўбачыў паводзіны старых-новых лідэраў апазыцыі. Я казаў, што ніякія заклікі да адзінства і салідарнасьці не павінны хаваць паскудзтва, якое адбываецца. Я перакананы, што ўсе лідэры, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, былі б супраць таго, каб іх ці беларускую апазыцыю прадстаўлялі людзі, якія зараз імкнуцца яе прадстаўляць. Вы паглядзіце, якія заявы былі зробленыя ў панядзелак, 20 сьнежня. Вы казалі толькі пра Раманчука. Але давайце будзем сумленнымі, паглядзіце, хто яшчэ рабіў падобныя заявы.

Дракахруст: Вы маеце на ўвазе Аляксандра Мілінкевіча?

Рымашэўскі: Я ня буду назваць прозьвішчы, вы самі іх усе добра ведаеце і разумееце. Зьмяніць сытуацыю ў краіне можна толькі тады, калі мы станем іншымі, калі мы будзем дзейнічаць па-іншаму. А калі мы будзем проста прыкрывацца прыгожымі словамі, гэта нічога ня зьменіць. Калі за гэтымі словамі будзе хавацца жаданьне быць першым, хай сабе і на касьцях іншых людзей, то нічога з гэтага ня зьменіцца. Так, трэба быць салідарнымі, але трэба, каб кожны ведаў сваё месца і нёс адказнасьць за свае дзеяньні, якія ён рабіў задоўга да 19-га, 19-га і пасьля 19-га. Калі ў нас ня будзе пакаяньня, нічога не будзе. Я гатовы несьці адказнасьць за свае дзеяньні. Я бачу, што шмат у чым мая віна.

Дракахруст: Віталь, вы ўжываеце моцныя выразы, параўноўваеце хаця можа і кепскіх, але ўсё ж такі людзей з жывёламі. І не кажаце, каго ж маеце на ўвазе.

Рымашэўскі: Гэта вобраз такі. Нам, лідэрам, трэба яшчэ быць вартымі таго народу, які мы імкнёмся прадстаўляць. Гэта тычыцца лідэраў і ва ўладзе, і ў апазыцыі. Патрэбныя салідарнасьць і пакаяньне. Але яны павінны грунтавацца на сумленнасьці. Вось вынесьлі ў загаловак мае словы аб сустрэчы з Лукашэнкам. Важна ня тое, з кім ты сустракаесься, важна тое, што пры гэтым адбываецца. Калі мы кажам пра абарону людзей, пра салідарнасьць, дык давайце праяўляць салідарнасьць і абараняць, а не піярыцца і карыстацца сытуацыяй, каб вылезьці наверх.

Дракахруст: Мне проста для свайго разуменьня: вось гэтыя “непажаданыя для гаспадароў жывёлы” – яны належаць да адзінага народу, пра які вы казалі?

Рымашэўскі: Зразумела, належаць. Людзей з жывёламі я не параўноўваў. А гэта проста вобраз таго, што адбываецца, а ня тое, што я называю кагосьці тым ці іншым жывёльным іменем. Я вам распавяду пра падпалкоўніка Яўсеева. На Плошчы я заклікаў з трыбуны, каб кіраўніцтва міліцыі падышло і спыніла зьбіцьцё нявінных людзей. Гэты падпалкоўнік Яўсееў падышоў і рэальна дапамагаў зьвесьці людзей з трыбуны. Ён і мне прапанаваў, але я адказаў, што трэба спачатку іншых зьвесьці. Ён сачыў за тым, каб гэтых людзей не зьбівалі. І той самы падпалкоўнік Яўсееў на наступны дзень асабіста зьбіваў нагамі журналіста. У кожным з нас, у тым ліку і ўва мне, могуць быць і добрыя, і кепскія рэчы. І калі я кажу нешта, можа, і непрыемнае, гэта жаданьне не абразіць, а заклікаць да пакаяньня. Шлях да пакаяньня – гэта ня крыж на чалавеку, а магчымасьць дзейнічаць па-іншаму.


Спампаваць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG