Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеву паведамяць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі


Андрэй Юраў і Сяргей Крывенка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.
Андрэй Юраў і Сяргей Крывенка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.
Інфармацыя пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў студзені стане вядомай асабіста прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву. Пра гэта сёньня заявіў сябра Рады пры прэзыдэнце Расеі па садзейнічаньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Сяргей Крывенка. Ён 4 студзеня правёў прэсавую канфэрэнцыю ў Менску.

Сяргей Крывенка прыехаў у Менск на запрашэньне Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Яго стварылі больш за 20 няўрадавых арганізацыяў краін АБСЭ 27 сьнежня 2010 году.

Расейскі праваабаронца сказаў, што інфармацыя пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі стане вядомай Дзьмітрыю Мядзьведзеву менш як за месяц. Ён патлумачыў, што чальцы прэзыдэнцкай Рады зьбяруцца ў студзені, але дакладны дзень паседжаньня пакуль невядомы:

«Я пастараюся ўсю інфармацыю, якую ўжо сабралі і якая яшчэ будзе паступаць, перадаць. І праінфармаваць Раду пры прэзыдэнце. Паспрабуем зрабіць заяву ўпаўнаважанага па правах чалавека, данесьці інфармацыю да праваабарончай супольнасьці Расеі. Заўтра ў Маскве адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя, дзе тыя факты, што ўжо нам перададзеныя, я выкладу расейскім журналістам».

Камітэт міжнароднага кантролю для працы на тэрыторыі Беларусі стварыў спэцыяльную назіральную місію. На чале яе стаў праваабаронца з Расеі Андрэй Юраў:

«Наш мандат вызначае два асноўныя кірункі. Першы — гэта парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, найперш з моманту пачатку працы місіі і трохі раней. Другі — усе выпадкі перасьледу праваабаронцаў, то бок перашкода іх непасрэднай прафэсійнай дзейнасьці».
Мы засталіся амаль адзінай крыніцай інфармацыі для міжнароднай супольнасьці.

Не пакінулі па-за ўвагай праваабаронцы і закрыцьцё офісу АБСЭ ў Менску. Мы прапануем запусьціць у дзеяньне так званы «маскоўскі мэханізм», кажа Андрэй Юраў:

«Павінна быць накіраваная сюды афіцыйная назіральная місія АБСЭ. Для таго, каб была сталая і праўдзівая інфармацыя. Бо дагэтуль быў офіс, які мог выконваць нейкую маніторынгавую функцыю. Цяпер ён ня можа гэтага рабіць. І мы засталіся амаль адзінай крыніцай інфармацыі для міжнароднай супольнасьці».

Беларуская праваабаронца Алена Танкачова лічыць:

«Нас, беларускіх праваабаронцаў, ня так шмат. І калі гэтая рэпрэсіўная машына будзе і далей разварочвацца, каб зачысьціць нашу прастору, то яна будзе зачышчаная. І тое, што ствараюцца групы нашых калег зь іншых краін, якія прыехалі сюды на першую нашу просьбу, гэта надзвычай важна. І ня толькі з пункту гледжаньня салідарнасьці. У нашай супольнасьці такія паводзіны — норма. Але яны пры неабходнасьці абсалютна дакладна выканаюць і нашы функцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG