Стан здароўя экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, які, паводле слоў прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, быў дастаўлены зь менскага шпіталя хуткай дапамогі ў СІЗА, хвалюе ня толькі яго прыхільнікаў, але і лекараў.
На падставе зьмешчаных у інтэрнэце фотаздымкаў, у тым ліку — буйных плянаў твару і галавы, сьведчаньняў жонкі, паказаньняў сьведкаў пра тое, што Някляеў пасьля ўдару страціў прытомнасьць, а таксама дадзеных ягонай мэдычнай карты (гіпэртанія), знаныя менскія мэдыкі на ананімных умовах зрабілі наступныя прагнозы.
Калі ён траціў прытомнасьць, то гэта сама меней страсеньне галаўнога мозгу
Нават калі ў чалавека няма аніякіх праблем, зьвязаных з гіпэртаніяй, нават калі б на месцы Някляева быў малады і здаровы хлопец, які атрымаў у голаў, тут абавязкова трэба лячыць такую траўму. Сама меней правесьці ў стацыянары 10—14 дзён
Калі як мэдыку падыходзіць да сытуацыі сумленна, то за такім пацыентам неабходна назіраць ва ўмовах стацыянару. Асабліва з улікам яго гіпэртаніі, узросту, атэрасклератычных зьменаў сасудаў, якія маюць месца ва ўсіх пасьля 45—50 гадоў. На фоне ЧМТ такія захворваньні могуць пагаршацца. Трэба глядзець гэтых пацыентаў, вывучаць іхнія скаргі, пэрыядычна рабіць кардыяграмы, вымяраць і рэгуляваць ціск у сувязі з гіпэртаніяй, кантраляваць пульс. Трэба таксама, сярод іншага, даваць заспакаяльныя і мачагонныя прэпараты. Інакш можна чакаць самых розных другасных наступстваў".
Шэраг менскіх лекараў выказалі гатоўнасьць дапамагаць паэту і палітыку рэкамэндацыямі, як толькі ягоныя блізкія ўсталююць зь ім сувязь.