Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найменшы працэнт падтрымкі Лукашэнкі на ўчастку ў Магілёве


У Магілёве на 41 выбарчым участку за кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку афіцыйна прагаласавала меней за 52 працэнты выбарцаў. З усіх 818 участкаў рэгіёну – гэта найменшы працэнт падтрымкі дзейнага прэзыдэнта.

У назіральнікаў ад недзяржаўных арганізацыяў прэтэнзіяў да працы ўчастковай камісіі няма. Розьніца між іх падлікамі і афіцыйна агучаным працэнтам тых, хто прагаласаваў, мінімальная. Лічылі бюлетэні на нашых вачах, зазначае назіральніца ад “Руху “За свабоду” Сьвятлана Шывырова. За дзейнага прэзыдэнта аддалі галасы 52,6 працэнты выбарцаў:

“І нам нават дазволілі ў канцы паглядзець і праверыць усё, што мы захочам. Мы не заставаліся на ноч, але мы не сыходзілі з участка. Усе дні мы там былі. І мы пакідалі свае подпісы, калі заклейвалі ўрны. Нам дазвалялі”.

Найбольшую колькасьць галасоў з канкурэнтаў Лукашэнкі выбарцы аддалі Андрэю Саньнікаву – 162. Найменшую падтрымку на ўчастку атрымаў Вус – усяго два галасы. 93 галасы аддалі выбарцы Ўладзімеру Някляеву.

Колькі галасоў выбарцы аддалі дзейнаму прэзыдэнту падчас датэрміновага галасаваньня і непасрэдна ў дзень выбараў, пытаю ў Сьвятланы Шывыровай:

“Датэрмінова было 508 з 869. А за сёньняшні дзень галасаваньня – 444 за Лукашэнку, а ўсяго 941”.

Карэспандэнт: “Што з назіральнікамі, колькі іх было акрэдытавана на ўчастку”:

Шывырова: “Зарэгістравана было чалавек сямнаццаць, ці дзевятнаццаць. Чалавек чатырнаццаць, можа, сёньня й было”.

Карэспандэнт: “А вас, незалежных назіральнікаў”

Шывырова: “Пяцёра – ад свабодна прафсаюзу мэталістаў, жаночай партыі “Надзея” і “Руху “За свабоду”.

Сябрамі выбарчай камісіі на 41 участку для галасаваньня былі выкладчыкі Беларускага інстытуту правазнаўства, а таксама супрацоўнікі таварыства “Магілёўсаюздрук” і будаўнічага трэста №12.

Што да афіцыйных вынікаў галасаваньня на іншых выбарчых участках рэгіёну, то падтрымка дзейнага прэзыдэнта сягае васьмідзесяці працэнтаў. У штабах апазыцыйных кандыдатаў гэтай лічбе веры не даюць. Заяўляюць, што яна падтасаваная. Назіральнікі сьцьвярджаюць, што былі пазбаўленыя магчымасьці пільнаваць працэс падліку галасоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG