Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выступу Віталя Рымашэўскага жыхары Гомеля запісваліся ў назіральнікі й БХД



11 сьнежня кандыдат у прэзыдэнты ад беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі правёў дзьве сустрэчы з выбарцамі Гомелю — у ДК «Фэстывальны» й вучэбна-метадычным цэнтры аб’яднаньня прафсаюзаў.

Грамадзкасьць у Беларусі, на думку кандыдата Рымашэўскага, павінна быць заснавана на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Яны вядомыя: не забівай, не крадзі, паважай сваіх бацькоў, паважай маёмасьць і жыцьцё іншага чалавека.

А паказьнікамі ўзроўню жыцьця людзей будзе «ня колькасьць вырабленых трактароў, вырашчанай альбо згноенай бульбы. Паказьнікамі эканомікі будзе нават ня ўнутраны валавы прадукт, ня ўзровень інфляцыі, а тое, як жыве простая беларуская сям’я, просты чалавек. Колькі машын можа набыць сям’я? Якую яна можа даць адукацыю дзецям? Якая працягласьць жыцьця чалавека?».

Гэта паказьнікі сацыяльна-арыентаванай эканомікі. А каб яна была яшчэ й рынкавай, трэба даць максымальную свабоду малому, сярэдняму, сямейнаму бізнэсу.

Паводле кандыдата, беларусы — працавіты народ. Яны шмат працуюць, але часьцяком за бясцэнак. Ім цяжка сябе рэалізаваць у сілках бюракратычнай улады.

Хрысьціянская дэмакратыя, перакананы Рымашэўскі, разгроміць бюракратыю. Ва ўладзе мусяць працаваць сумленныя людзі. Хрысьціянская дэмакратыя верне законнасьць у суды, пракуратуру, міліцыю. Спэцслужбы й начальнікі ня будуць умешвацца ў іх дзейнасьць.

Рымашэўскі выступае за бясплатную адукацыю (яна ў некаторых сталічных ВНУ стала ўжо на 70 адсоткаў платнай), за прызнаньне беларускіх дыплёмаў у Эўропе, за годныя заробкі настаўнікам і выкладчыкам. Ён — за вяртаньне льготау судэнтам, школьнікам, чарнобыльцам.

На заражаных радыяцыяй землях наагул павінна быць спынена вытворчасьць прадуктаў харчаваньня.

У мэдыцыне, як лічыць Рымашэўскі, трэба перастаць фінансаваць бюракратаў. Грошы за лячэньне будуць пералічвацца непасрэдна дактарам, а не праз сыстэму аховы здароўя, дзе на дадзены момант ільвіная доля сродкаў раскрадаецца.

Да эўрапейскага ўзроўню мусяць быць падвышаны й пенсіі беларускім пэнсіянэрам. Дзеля гэтага дастаткова аддаць у пэнсійны фонд 20 адсоткаў акцыяў вядучых прадпрыемстваў Беларусі — такіх, напрыклад, як «Беларуськалій», нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры й Наваполацку.
Каб правесьці рэформы, трэба пазбавіцца ад дыктатуры, карупуцыі, рэпрэсіўнай падатковай інспэкцыі, скараціць дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманьне рознага чынавенства, укараніць самакіраваньне.

Шчырая, эмацыйная прамова Віталя Рымашэшскага на выдатнай беларускай мове многіх закранула, што называецца, за жывое. Дзесяткі людзей падыходзілі да мікрафону, каб выказаць падтрымку кандыдату і задаць пытанні.

Як змагацца з фальшаваньнем выбараў? Ці панясуць адказнасьць чыноўнікі, якія прымушаюць камісіі фальшаваць вынікі галасаваньня? Дзе ўзяць грошы на рэформы? Як завабіць у краіну інвестараў? Дзе багаслужэньні вядуцца на беларускай мове? Чаму старшыня Гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, маючы 4-пакаёвую кватэру, будуе ў прыпаркавай зоне шыкоўны катэдж? Што будзе зь беларускай гістарычнай сымболікай? Як стаць сябрам БХД?

Было два пытаньні «на засыпку» ад актывістак БРСМ. Але кандыдат, будучы выдатным прамоўцам і палемістам, хутка зь імі разабраўся. І нават папярэдзіў, калі ў такім духу будуць «штатныя выступоўцы» дзейнічаць, не паважаць іншых прысутных, то ён пачне расказваць пра замежныя рахункі чыноўнікаў, іхніх каханак, і пра тое, колькі каштуе гадзіньнік на руцэ ў Лукашэнкі.

Рымашэўскі заклікаў людзей перастаць баяцца, ня быць пасіўнымі, ставіць пад кантроль уладу. Страх — не абароніць, ня зробіць чалавека шчасьлівым. Улады самі баяцца й людзей палохаюць.
Можа, у нас, беларусаў, першы раз за 200 гадоў ёсьць магчымасьць вырашаць самім: хто будзе намі кіраваць?

«У кожнага народа, сказаў кандыдатат, ёсьць свае недахопы й свае грахі. У немцаў — залішняя агрэсіўнасьць, у расейцаў — імпэрскія амбіцыі. У беларусаў — страх, яго трэба адкінуць. Другі беларускі недахоп — гэта адсутнасьць салідарнасьці. Нам трэба пакінуць у мінулым лёзунгі: мая хата з краю і хавайся ў бульбу… Ведаеце, можа, у нас, беларусаў, першы раз за 200 гадоў ёсьць магчымасьць вырашаць самім: хто будзе намі кіраваць? Уладу трэба браць у свае рукі. У Гомелі — гамельчукам, у Менску — менчукам, у Мазыры — тым, хто там жыве. З гэтага ўсё пачынаецца!»

Пасьля выступу Віталя Рымашэўскага многія людзі сталі запісвацца ў шэрагі ягоных прыхільнікаў: хто — у БХД, хто — у назіральнікі на выбарах, хто — на атрыманьне інфармацыйнага бюлетэня БХД.

У вучэбна-мэтадычным цэнтры Гомельскага аб’яднаньня прафсаюзаў праз паўтары гадзіны сустрэчы з кандыдатам у прэзыдэнты ахова адключыла мікрафон. Нібыта ёсьць такі загад, што сустрэча павінна скончыцца ў 19:30.

Віталь Рымашэўскі яшчэ з паўгадзіны мусіў адказваць выбарцам на іх пытаньні без узмацняльніка гуку.


Фотагалерэя ва ўвесь экран. Па дарозе з Гомелю ў Менск у Буда-Кашалёўскім раёне, недалёка ад таго месца, дзе ўранку трапіў у аўтааварыю Яраслаў Раманчук, з аўтамашынай Рымашэўскага таксама адбылося здарэньне. На паласу нечакана выехаў ЗІЛ. Кіроўца Рымашэўскага вывернуў на абочыну ў сьнег і пазьбегнуў сутыкненьня.

Віталь Рымашэўскі лічыць, што ідзе сьвядомае запалохваньне альтэрнатыўных кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG