Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваньне кандыдатаў аб дадатковым часе на ТБ ЦВК разгледзіць 9 або 10 сьнежня


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, прымаючы 7 сьнежня заяву з такім патрабаваньнем ад Тацяны Процькі, даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, паведаміў, што пытаньне аб дадатковым часе для кандыдатаў у прэзыдэнты Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць 9 або 10 сьнежня.

Перадача заявы адбылася падчас пікету каля Цэнтрвыбаркаму, арганізаванага актывістамі грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" і кампаніі "Гавары праўду!". У ім удзельнічала каля 50 чалавек. Людзі стаялі з плякатамі "Адну гадзіну праўды!" і "Чаму БТ баіцца праўды?".

Па словах Тацяны Процькі, Лазавік прыняў заяву, але адзначыў, што вылучэньне дадатковага эфірнага часу знаходзіцца ў кампэтэнцыі Белтэлерадыёкампаніі і Цэнтрвыбаркам можа толькі рэкамэндаваць ёй зрабіць гэта.

Удзельнікі пікету прымацавалі ля будынка ЦВК расьцяжку з надпісам "Патрабуем дадатковага прамога эфіру кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь". Аднак яна замінала выезду службовых машын з ўнутранай тэрыторыі Дому ўраду. Таму дэманстранты зьнялі расьцяжку і вырашылі перадаць яе непасрэдна кіраўніку ЦВК Лідзіі Ярмошынай, якая знаходзіцца цяпер на Ўсебеларускім народным сходзе.

Удзельнікі пікету рушылі па праспэкце Незалежнасьці ў бок Палацу Рэспублікі пад сьцягамі і транспарантамі. За шэсьцем назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, здымалі іх на відэа.

Ля ГУМу шэсьце было спынена міліцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG