Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч паўтарыў свой тэлевыступ ад 30 лістапада па-беларуску, Вус не прамаўляў


Сёньня па беларускім радыё другі раз выступіў кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч. Перад ім меўся выступаць Дзьмітры Вус, але ён правам выступу не скарыстаўся.

З нашым аглядальнікам Віталём Цыганковым мы абмяркоўваем зьмест толькі што агучанага кандыдацкага звароту Статкевіча да выбаршчыкаў.



Абламейка: Ці быў выступ Міколы Статкевіча настолькі ж радыкальны, як і яго выступ па тэлевізіі 30 лістапада і што асабліва прыцягнула вашу ўвагу?

Цыганкоў:
Мікола Статкевіч выступаў увесь час па-беларуску. Нагадаем, што і мінулы раз Статкевіч прамаўляў на радыё па-беларуску, у той час як ягоныя выступы на тэлеэкране былі пераважна па-расейску.

Такім чынам, Статкевіч фактычна паўтараў свой ужо славуты тэлевізійны выступ ад 30 лістапада, як і тады распавёў пра дэманстрацыю 24 лістапада.

Але рабіў і некаторыя імправізацыйныя ўстаўкі. Нагадаем некаторыя асноўныя тэзісы выступу Статкевіча для тых, каму не ўдалося яго паслухаць

Што трэба рабіць? Першае – адмовіцца ад удзелу ў папярэднім галасаваньні.

Чаму людзі ва ўладзе хлусяць нам? Адказ адзін – грошы. Самыя багатыя аўтамабілі на нашых вуліцах – гэта чыноўнікаў. Карупцыя пры пабудовы аграгарадкоў, спэкуляцыі пры выдачы ўчасткаў.

Акцыянуюць “Беларуськалій”, каб прадаць, праесьці, скрасьці

Галоўная таямніца беларускай эканомікі – адкуль грошы ў фондзе беларускага прэзыдэнта.

У мэдыцыне жахлівае стаўленьне да людзей.

Паводзь сябе годна, і ты ўбачыш, што людзі пачнуць цябе капіраваць, паводзіць годна.

Тысячы людзей сядзяць у турмах ні за што, паводле колькасьці вязьняў на душу насельніцтва Беларусь трэцяя ў сьвеце. Няўжо беларусы – самая крымінальная нацыя? – спытаўся Статкевіч.

Ёсьць спосаб іх спыніць. У другой палове 90-х Лукашэнка паабяцаў здаць незалежнасьць. Але людзі выйшлі на вуліцы і далі адпор. Тады Лукашэнка схаваўся ў бункеры, але потым выйшаў і пачаў гаварыць як самы галоўны патрыёт. Таму, сказаў Статкевіч, заклікаю прыйсьці 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу.

Калі я слухаў выступ Статкевіча, то думаў, ці будзе ён паўтараць тое, чым скончыў свой выступ па тэлевізіі 30 лістапада. Гэта зварот на "ты" да Аляксандра Лукашэнкі. Так, Статкевіч зноў паўтарыў сваю ўжо легендарную фразу – "Вярні, што скраў, вярні нам выбары".

Абламейка: Віталь, на якую аўдыторыю найперш накіраваныя звароты Міколы Статкевіча?

Цыганкоў: Мікола Статкевіч, як і належыць сацыял-дэмакрату, выступаў як папуліст у добрым сэнсе слова, абаронца народных інтарэсаў. Ён імкнуўся казаць крытычныя словы ня толькі для палітычна актыўнай "прасунутай" публікі, а для тых людзей, якія мала цікавяцца палітыкай і таму ня чулі нічога падобнага. І пастарацца гучаць так, каб запомніцца, каб менавіта яго ўзгадвалі, а не іншых 9 кандыдатаў.

І, з майго пункту гледжаньня, гэта ўдалося – калі ў кампанію Статкевіч уваходзіў як мала вядомы шырокай публіцы палітык, то цяпер ён адзін з тых, якога найбольш абмяркоўваюць.

На маю думку, Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі – гэта, бадай, тыя кандыдаты, якія найбольш узьнялі свой рэйтынг пазнавальнасьці пасьля сваіх тэле і радыё- выступаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG