Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук узмацніў антыбюракратычную тэму, Цярэшчанка даў новыя падставы для кпінаў


Зноў, як і мінулыя выступы, Раманчук увесь свой радыёзварот прысьвяціў эканамічным і сацыяльным пытаньням, зноў выступаў цалкам па-расейску.

Адрозьненьне ад мінулага выступу – моцная папулісцкая, антыбюракратычная тэма. Яраслаў неаднаразова ўзгадваў начальства, бюракратыю. "Каму ў Беларусі жыць добра – гэта начальству", – казаў Раманчук. Паводле ягоных словаў, у ЖКГ заробкі складаюць 2-3 тысячы даляраў. Раманчук асабліва адзначыў неабходнасьць скарачэньня бюракратаў. "Навошта ўтрымліваць гэтых ідэолягаў, навошта ўтрымліваць камітэты па цэнах. Бязь іх наша жыцьцё стане лепш".



Увогуле, Раманчук ад пачатку заявіў, што паспрабуе адказваць на тры галоўныя пытаньні якія хвалююць людзей – заробкі, цэны, дзе ўзяць грошы. Раманчук даволі часта спасылаўся на свае сустрэчы зь людзьмі і на пытаньні, якія там яму задаваліся.

Дзе нам узяць грошы на рэформы, на прыватызацыю? Тут ёсьць чатыры актывы. Першае: на руках у прадпрымальнікаў назапасілася 4 мільярды даляраў. Другое: замежныя інвэстыцыі. Трэцяя крыніца – уключэньне зямлі ў паўнацэнны эканамічны абарот. Чацьвёртая – скарачэньня бюракратаў, вызваленьне нацыянальнага прадпрымальніцтва, скарачэньне падаткаў.

Беларускую эканоміку Раманчук назваў эканомікай ямачнага рамонту дарог. Замест таго, каб зрабіць добры рамонт, нашы дарожнікі, паводле яго, зьмешваюць асфальт з брудам.

Віктар Цярэшчанка зноў маляваў эканамічны цуд, які здарыцца ў выпадку ягонага прыходу да ўлады. Абяцаў павялічэньне заробкаў, пэнсіяў, дапамогаў на дзяцей, на інвалідаў. Паабяцаў вырашэньне праблемы вяртаньня савецкіх ўкладаў цягам двух гадоў.

Як і мінулы раз, Цярэшчанка гаварыў пра згубнасьць арыентацыі на даляр, пра незалежнасьць ад замежнай валюты. Ня трэба браць замежныя крэдыты, Беларусь сама будзе даваць крэдыты іншым. Увядзем новы рубель, 100-працэнтна забясьпечаны. Курс рубля да даляру будзе тры да аднаго, за 5-7 гадоў выйдзем адзін да аднаго да даляру.



Менавіта з гэтага кпяць афіцыйныя СМІ, гаворачы пра тое, як нейкі неназваны кандыдат абяцае рубель да даляру адзін да аднаго. Але цяпер падставаў для іроніі стане яшчэ больш, бо Цярэшчанка паабяцаў, што на рублі будзе ягоны партрэт як гарантыя стабільнасьці гэтай валюты.

Зь цікавага – тое, што Цярэшчанка ў адным моманце на некалькі хвілінаў перайшоў на беларускую мову.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG