Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка навешвае ярлыкі”


Сёньня кандыдат у прэзыдэнты, дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў сваім давераным асобам распаўсюджваць адзіны ідэйны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў і тлумачыць, што паміж імі няма ніякай розьніцы.

Падчас сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі Аляксандар Лукашэнка намаляваў адзіны ідэйны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён заявіў, што ўсе яны, маўляў, «вырасьлі з аднаго кораня, усе яны — гэта альтэрнатыва дзейнай уладзе, бел-чырвона-белыя, нацэленыя на гвалтоўную беларусізацыю, людзі выключна празаходняга вэктару». Паводле Лукашэнкі, усе альтэрнатыўныя кандыдаты «адданыя «распродажу дзяржуласнасьці». Чым выкліканы такія заявы Аляксандра Лукашэнкі?

Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч:

Мікола Статкевіч
«Мабыць, да спадара Лукашэнкі дайшло, што надта мудрагелістую стратэгію на гэтыя выбары абралі дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў. І атрымалася так, што цягам двух тыдняў кожны працоўны дзень — па гадзіне альтэрнатыўнай інфармацыі. І атрымалася, што альтэрнатыва ёсьць на любы густ. Праэўрапейская, прарасейская, нацыянальная, расейскамоўная і гэтак далей. Гэта напалохала Лукашэнку, цяпер ён у лёгкай паніцы, і ён імкнецца як мага хутчэй усіх запхнуць у адзін так званы БНФаўскі кошык».

Кандыдат не выключае, што менавіта пад такім соўсам цяпер дзяржаўныя мэдыі будуць падаваць альтэрнатыўных кандыдатаў. Што да «гвалтоўнай беларусізацыі», якой палохае Лукашэнка, спадар Статкевіч, які, дарэчы, як і іншыя кандыдаты, выступае на беларускай і расейскай мовах, адзначыў:

«У дэмакратычнай краіне нічога гвалтоўнага немагчыма. Я вялікі прыхільнік беларускай мовы, культуры і гісторыі. Але выдатна разумею, што калі пачынаць тут нешта рабіць гвалтоўна, нічога апроч шкоды ня будзе. Вяртаць павагу да беларускай культуры і мовы,вяртаць яе ў шырокі ўжытак трэба вельмі разумна і тонка».

Кандыдат Рыгор Кастусёў заявіў, што зьяўляецца прыхільнікам паступовай беларусізацыі:

Рыгор Кастусёў
«Я прыхільнік закону аб мовах, які быў прыняты яшчэ ў 90-я гады. Там быў пазначаны тэрмін у 10 гадоў. Ну, а наконт распродажу беларускай маёмасьці, дык наадварот, БНФ выступае за вяртаньне нават таго, што Лукашэнка прадаў. Таму ён тут памыліўся ў наш адрас. Гэта ня ў наш бок. Пра продаж трэба казаць у ягоны бок. Мы яшчэ пра гэта скажам».

Таксама спадар Кастусёў патлумачыў, што ён выступае за добрасуседзкія дачыненьні з усімі краінамі: і з Расеяй, і з Польшчай, і зь Літвой, і з Украінай. Ён лічыць, што беларускі народ павінен вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю народаў і далучыцца да Эўразьвязу, хаця гэта далёкая пэрспэктыва:

«Лукашэнка будзе шукаць розныя магчымасьці, каб навешаць ярлыкі на тых людзей, якія становяцца яму ў апазыцыю. Гэта звычайныя крокі Лукашэнкі, і я тут нічога новага ня бачу. І ад яго нічога новага не чакаў. І я на гэта не зьвяртаю ўвагі».

Яраслаў Раманчук
Паводле кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, спадар Лукашэнка вядомы тым, што стварае вобраз ворага, зь якім потым вядзе актыўную барацьбу празь беларускае тэлебачаньне. Спадар Раманчук сказаў, што зьяўляецца прыхільнікам нацыянальнай культуры і мовы:

«Але ніякага гвалту, каб зрабіць беларускую мову сапраўднай дзяржаўнай мовай ня будзе. Ёсьць праграма, разьлічаная на дзесяць гадоў, дзе прадугледжаны канкрэтныя мерапрыемствы, каб людзі пачыналі любіць і ведаць беларускую мову, гісторыю і культуру. Так што гэта не да мяне».

Паводле Раманчука, закіды адносна распродажу маёмасьці Лукашэнка павінен адрасаваць сабе за цяперашнюю «прыхватызацыю».

«Ён проста хлусіць. І калі б ён хацеў папікнуць некага, ён прывёў бы нейкі прыклад праграмы. А той факт, што Лукашэнка забраў дзьве траціны маёй праграмы — гэта факт. І я лічу, што ўлада сёньня дзейнічае як той дрэнны вучань, які ня вывучыў урокі, сьпісаў і ня ведае, што са сьпісаным рабіць».

Таксама Аляксандар Лукашэнка загадаў сваім давераным асобам пазьбягаць «перабору ў агітацыі і не даваць папулісцкіх абяцаньняў». Маўляў, «той курс, які апрабаваны ў апошнія гады, мае патрэбу ў абароне і падтрымцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG