Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А Палаце і не даручалі


Перад парлямэнтам ніколі ня ставілася задача вырашаць пытаньне аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, паведаміў журналістам старшыня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч.

"Перад беларускім парлямэнтам ня ставілася задача прымаць рашэньне аб прызнаньні або непрызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Мы проста вывучалі гэтае пытаньне без прыняцьця нават рэкамэндацыйнага рашэньня", — цытуе Маскевіча БелаПАН.

Паводле ягоных слоў, гэтае пытаньне знаходзіцца выключна ў кампэтэнцыі кіраўніка дзяржавы: адпаведныя паўнамоцтвы прэзыдэнта прадугледжаныя Канстытуцыяй.

Просьба Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі аб прызнаньні іх незалежнасьці вывучаецца ў Палаце прадстаўнікоў ужо каля двух гадоў. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова публічна заяўляў, што гэтае пытаньне будзе вырашаць парлямэнт.

Так, у лістападзе 2008 году ў інтэрвію газэце The Wall Street Journal ён сказаў, што аддае гэтае пытаньне на суд парлямэнту: "Няхай парлямэнтарыі абмяркуюць. Я не хачу гэта рабіць аднаасобна".

У сакавіку 2009 году, перад вылетам з сэрбскага горада Ніш, дзе ён знаходзіўся на адпачынку, беларускі прэзыдэнт заявіў: "Рашэньне аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе прымаць беларускі парлямэнт, і я ня буду даваць яму ніякіх указаньняў".

У канцы 2009 году група беларускіх дэпутатаў наведала Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, а таксама правяла шэраг сустрэч у Дзярждуме Расеі з мэтай вывучыць сытуацыю на месцы. Даклад, зроблены па выніках візыту, абнародаваны ня быў, а пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці дзьвюх рэспублік так і не выносілася на разгляд парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG