Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ж казала, нельга было запускаць…»


Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну «Пінскдрэў» забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. «Свабода» працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем’яў ахвяраў пінскай трагедыі.


Саковіч Кацярына Сяргееўна (1986-2010)


У сям’і Саковічаў зь мястэчка Хомск Драгічынскага раёну — пяцёра дзяцей. Было. Засталося чатыры. Пра дачку Кацярыну маці Сьвятлана Віктараўна згадвае, прыехаўшы з могілак.

«Каця ў нас у сям’і — старэйшая дачка. Сям’я вялікая, пяцёра дзяцей. Даставалася больш працы Каці і Сашы, бо Саша старэйшы, а Каця толькі крыху маладзейшая за яго. Але яны ўсім дапамагалі. Мне, тату, малодшым. На „Пінскдрэў“ яна трапіла паводле разьмеркаваньня. Мы гэтаму радаваліся. Што недалёка ад дому, што брат побач, у Бярозе, што гэта адна вобласьць, усе тут. У Каці была хросная ў Пінску, было да каго схадзіць, зьвярнуцца па дапамогу. А зараз нічога — пустата. Зьезьдзілі, праведалі магілку Каціну і ўсё. Была ветлівая дзяўчынка, вясёлая. Асабліва вясёлая чамусьці была тады, у нядзелю, як зьяжджала. Магчыма, бо сабраліся ўсе… Ведаеце, мне цяжка казаць…»


Кацярына Саковіч скончыла ў Менску тэхналягічны ўнівэрсытэт, па разьмеркаваньні трапіла на «Пінскдрэў», дзе адпрацавала майстрам-брыгадзірам ўсяго паўтара гады, але за гэты кароткі час здолела заслужыць павагу сваіх падначаленых. Пра гэта з гонарам паведаміў бацька Каці Сяргей Канстанцінавіч. Каця распавядала яму, як яна змагалася з брыдкаслоўем у брыгадзе, вельмі распаўсюджаным сярод мужчынаў: угаворвала, сароміла, а аднойчы ўжыла звычайную «зброю» адміністратараў — зьнізіла «працэнтоўку», і справы адразу пайшлі на лад. Сяргей Канстанцінавіч раней працаваў галоўным інжынэрам у калгасе і чалавека са здольнасьцямі кіраўніка вызначыць можа: перакананы, што ягоная дачка магла б зрабіць добрую кар’еру гаспадарніка. Пляны ў яе былі звычайныя: пераадолець адну жыцьцёвую праблему, потым другую. Яна ўмела вырашаць іх пасьлядоўна, упарта дамагаючыся выніку. Мы стаім на вуліцы, міма цягнецца трактар, а бацька Каці распавядае, як яна марыла набыць свой аўтамабіль.

Сказала, што засталася жывая, толькі ўсё пячэ ўнутры.

«Яна так марыла атрымаць правы кіроўцы. Фінансавыя магчымасьці ў нас слабыя, таму я ёй казаў, што вазьму крэдыт, яна возьме крэдыт — і купім ёй якога „гольфа“. Навучыцца на правы, будзе ў Пінск езьдзіць».

Паводле сваякоў ахвяраў аварыі, зь якімі я размаўляў раней, сябры брыгады Кацярыны Саковіч паміж сабой называлі яе «нашай Кацяй». Маўляў, апекаваліся дзяўчынай, у крыўду яе нікому не давалі. І быццам яна адказвала сваім падначаленым мужчынам такім жа клопатам. Вядома дакладна пра апошнія словы Кацярыны Саковіч, зь якімі яна выскачыла апаленая з палаючага цэху. «Я ж казала, нельга было запускаць! » — вось такімі былі яе словы.

Што мела на ўвазе Кацярына Саковіч — магчыма, разьбярэцца сьледзтва. А маці дзяўчыны Сьвятлана Віктараўна згадвае апошнюю размову з дачкой, якая адбылася па тэлефоне ў вечары 25 кастрычніка.

«Каця званіла са шпіталя. Як мы разумеем, нумар за яе набралі. Каця сама змагла адазвацца. Сказала, што засталася жывая, толькі ўсё пячэ ўнутры. Сказала, што яе павязуць у Менск. І на гэтым размова закончылася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG