Кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера, фэдэральны міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пафала на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску падвёў вынікі свайго кароткага візыту ў Беларусь, падчас якога былі абмеркаваныя палітычныя пытаньні.
Рональд Пафала адкрыў беларуска-нямецкую сустрэчу "Менскі форум", правёў перамовы з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімерам Макеем, а таксама з шэрагам апазыцыйных кандыдатаў. Паводле спадара Пафалы, Беларусь — частка Эўропы, і ёй яшчэ шмат чаго трэба зрабіць дзеля пабудовы прававой дзяржавы, правядзеньня свабодных і сумленных выбараў. Самая галоўная перашкода для больш шчыльнага супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай палягае ў сьмяротным пакараньні, якое для эўрапейцаў поўнасьцю непрымальнае, а ў Беларусі дагэтуль прымяняецца. Маўляў, трэба сфармуляваць невялікую колькасьць прынцыповых каштоўнасьцяў.
"Сярод іх — правая дзяржава, у якой павінна адсутнічаць сьмяротнае пакараньне. Гэтага не павінна быць. А ў Беларусі ня толькі ў Крымінальным кодэксе існуе сьмяротнае пакараньне, але яно і выконваецца. Для нас гэта непрымальна. Мы ўпэўненыя, што цяпер гэта самая вялікая перашкода на шляху збліжэньня з Эўропай".
Што да выбараў, то, паводле Рональда Пафалы, параўноўваць іх са стандартамі, прынятымі ў іншых краінах, немагчыма, бо "сытуацыя ў Беларусі цалкам адрозная". Вялікі недахоп, што за некалькі тыдняў да выбараў грамадзянам невядома, хто будзе на іх кандыдатам. Параўноўваючы сёлетнюю кампанію з папярэднімі, спадар Пафала адзначыў, што "абмежаваньні, якія існавалі пры зборы подпісаў, ужо не існуюць" і што гэта станоўчае разьвіцьцё падзеяў, але эўрапейцы застаюцца пры думцы, што "нармальных асноваў для свабодных выбараў у Беларусі няма і Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў".
"Частка свабодных і сумленных выбараў — пэўныя стандарты, якія з нашага пункту гледжаньня зьяўляюцца мінімальнымі. То бок — каб не было перашкодаў пры рэгістрацыі кандыдатаў, была збалянсаванасьць у складзе выбаркамаў і быў допуск назіральнікаў".
Спадар Пафала сказаў, што калі ў Беларусі ня будзе чэсных і свабодных выбараў, то ён будзе гэта крытыкаваць, і Эўропа мусіць задумвацца, як на гэта адрэагаваць. Нямецкі міністар паведаміў, што падчас перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў "не пазьбягаў вельмі ясных выказваньняў" і праведзеныя кантакты не адносіліся да сфэры сакрэтнай дыпляматыі. Таксама ён паведаміў, што на парадку дня застаюцца лёсы зьніклых апанэнтаў рэжыму ў Беларусі. Ён дадаў, што ў Эўропе чакаюць высьвятленьня прычынаў "вельмі дзіўнай" сьмерці журналіста Алега Бябеніна. І ён вітаў той факт, што экспэрты АБСЭ атрымалі магчымасьць правесьці яе расьсьледаваньне.
неразумна было б настойваць ці нават рэкамэндаваць, каб апазыцыя вылучыла адзінага ...
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта "Свабоды" адносна аб'яднаньня беларускай дэмакратычнай апазыцыі і магчымасьці абраньня адзінага кандыдата, спадар Пафала сказаў, што не даваў ніякіх рэкамэндацый. Але падчас сустрэчы дыскусіі на гэтую тэму вялі самі апазыцыйныя кандыдаты. Паводле спадара Пафалы, "свабодныя выбары не вызначаюцца тым, што ў выніку ёсьць два кандыдаты: дзейны прэзыдэнт і нейкі альтэрнатыўны. Для свабодных выбараў важна і тое, што ёсьць вялікая колькасьць кандыдатаў. І таму неразумна было б настойваць ці нават рэкамэндаваць, каб апазыцыя вылучыла адзінага, бо справа ў выяўленьні плюралізму сярод апазыцыі". Паводле нямецкага міністра, "іншая справа, ці змогуць апазыцыйныя кандыдаты дамовіцца пра сумесную плятформу, каб сфармуляваць агульныя мінімальныя патрабаваньні". Ён яшчэ раз паўтарыў, што ўсё роўна не выключае вялікай колькасьці апазыцыйных кандыдатаў, і адзначыў, што не адносіцца да тых, хто лічыць, што апазыцыя моцная толькі тады, калі мае адзінага кандыдата.