Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: за напад на зьбіральніка подпісаў — 105 тысяч штрафу


За напад на Валерыя Шаўчэнку, сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева, гарадзкі суд прызнаў жыхара Наваполацку Дзьмітрыя Парэчына вінаватым у дробным хуліганстве. Спадар Шаўчэнка лічыць штраф недастатковым пакараньнем.

У судзе разглядаўся выпадак, які адбыўся 11 кастрычніка. Валеры Шаўчэнка і Міхаіл Чадаеў зьбіралі подпісы за вылучэньне Ўладзімера Някляева ў маласямейным інтэрнаце па вуліцы Паркавай у Наваполацку.

Трапіўшы ў пакой Дзьмітрыя Парэчына, зьбіральнікі заўважылі, што гаспадар нецьвярозы і паводзіць сябе неадэкватна: спачатку ён захацеў даць подпіс, потым папсаваў падпісны аркуш і заявіў, што зьнішчыць усе астатнія. Урэшце спадар Парэчын штурхнуў Валерыя Шаўчэнку так, што той упаў і ўдарыўся галавой. Давялося выклікаць міліцыю, каб суняць хулігана.

Міліцыянты склалі на правапарушальніка пратакол пра факт дробнага хуліганства, паводле артыкула 17.1 адміністрацыйнага заканадаўства.

Валеры Шаўчэнка кажа, што ня згодны з такой кваліфікацыяй учынку Дзьмітрыя Парэчына, а таксама зь сёньняшнім рашэньнем суду, які наклаў на хулігана штраф памерам тры базавыя велічыні.

Спадар Шаўчэнка ўпэўнены, што гэта палітычная справа, і правапарушальніка трэба судзіць за спробу перашкодзіць дзеяньням адказнай асобы падчас выбарчай кампаніі, а ня як звычайнага хулігана. Ён зьбіраецца абскардзіць рашэньне Наваполацкага гарсуду, а таксама падаць заяву ў пракуратуру, бо лічыць, што пратакол, складзены міліцыянтамі пра факт дробнага хуліганства, — гэта спроба прыхаваць палітычны зьмест падзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG