Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просіш подпіс – атрымаеш зьнявагу. А то і кухталя


Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ў многіх рэгіёнах суправаджаецца інцыдэнтамі. Некаторыя апазыцыйныя актывісты выбарчай кампаніі атрымліваюць ананімныя пагрозы па тэлефоне. Ёсьць выпадкі, калі зборшчыкаў подпісаў абражалі на пікетах, а на асобных нават накідваліся з кулакамі. Хроніка такіх падзей — у паведамленьнях карэспандэнтаў "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


З-за няўклюднага жарту гаспадара ягоны госьць напаў з кулакамі на зборшчыка подпісаў


Напярэдадні ў Віцебску быў зьбіты зьбіральнік подпісаў за Яраслава Раманчука Андрэй Лядоўскі. Інцыдэнт здарыўся ў шматпавярховым доме па вуліцы Пятруся Броўкі.

Грамадзкі актывіст Андрэй Лядоўскі — сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука.

Сёньня ў інтэрвію для "Свабоды" Андрэй распавёў, што ў адной з кватэраў шматпавярховага дому, дзе ён зьбіраў подпісы, гаспадар Чабукоў, паставіўшы подпіс, няўклюдна пажартаваў, і гэта выклікала агрэсію аднаго зь ягоных гасьцей, якія знаходзіліся ў кватэры і, падобна, былі нецьвярозыя:

"Я падпісваю сабе сьмяротны прысуд”, — кажа гаспадар, гэта ён так пажартаваў. Маўляў, зараз мой подпіс аддадуць у КДБ, і мяне Лукашэнка пасадзіць у турму. Другі мужчына, відаць, не зразумеў жарту і кінуўся да мяне з крыкам: “Аддай ліст, а то заб’ю!” Я мусіў трымаць папку з падпіснымі аркушамі, бо я за іх адказваю, а сівы мужчына біў мяне ў твар”.

Андрэй Лядоўскі

Андрэй Лядоўскі кажа, што сьвядома ўстрымліваўся ад узаемнай бойкі. Пасьля здарэньня ён накіраваўся ў траўмапункт, бо пачуваўся блага — нападнік некалькі разоў ударыў яго галавой аб сьцяну. Лекары засьведчылі цялесныя пашкоджаньні, і спадар Лядоўскі падаў заяву ў Першамайскі райаддзел міліцыі, каб хулігана знайшлі ды пакаралі.

"На міліцыю спадзеваў мала…"

Зьвяртацца ў міліцыю давялося і віцебскай зьбіральніцы подпісаў Алене Аўчыньнікавай. У адной з кватэр, куды яна трапіла, зьбіраючы подпісы за вылучэньне Алеся Міхалевіча, яе сустрэла агрэсіўна настроеная пэнсіянэрка, прыхільніца Аляксандра Лукашэнкі. Яна кінулася біцца з актывісткай, і той давялося выклікаць міліцыю. На бабулю склалі пратакол за хуліганства.

Давялося выклікаць міліцыю пікетоўцам і сёньня. На вуліцы Леніна ў Віцебску стаіць цэлы шэраг пікетаў: за вылучэньне Андрэя Саньнікава, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага і Ўладзімера Някляева.

Зьбіральнік подпісаў Кастусь Іваноў кажа, што невядомы мужчына падыходзіў да пікетаў яшчэ ўчора ды выказваў сваё незадавальненьне дзейнасьцю актывістаў. Сёньня ён перайшоў да нецэнзурнай лаянкі, пачаў абражаць жанчын, якія зьбіралі подпісы, і “мужчынская палова” ўрэшце рэшт вымушана была скруціць рукі хулігану і здаць яго міліцыі.

Праўда, кажа Лія Батуронак, зьбіральніца подпісаў за Ўладзімера Някляева, на міліцыю спадзеву мала, хіба выклікаць яе па тэлефоне. Бо месцы пікетаў міліцэйскія патрулі неяк абмінаюць:

"Каля Паўднёвага кірмашу мы стаялі. А там нейкая піўнушка ёсьць. Дык нейкі мужчына гадоў пад 60, усё падыходзіў, рукамі махаў, нешта казаў… Потым, мусіць, схадзіў яшчэ выпіў, ізноў падышоў… І так тры гадзіны запар! Нармальныя людзі падысьці баяліся, убачыўшы такое. І мы ні разу ня бачылі міліцэйскі патруль. Ні разу, колькі там стаялі! Давялося самім неяк адбівацца…"

Лія Батуронак

Зьбіральнікі подпісаў не выключаюць, што на пікетах могуць адбывацца і сьвядомыя правакацыі. Таму кажуць, што па кватэрах лепей хадзіць прынамсі ўдвох, а на час пікетаваньня пралічваць, каб разам з жанчынамі- актывісткамі абавязкова працавалі мужчыны.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Тэрарысты" тэлефануюць, і пракурор таксама…

На Гарадзеншчыне зборшчыкі подпісаў зазнаюць уціск праз тэлефонныя пагрозы ад невядомых ім асобаў. Акрамя таго, некаторыя сябры ініцыятыўных груп скардзяцца на падвышаную цікавасьць да іх працы супрацоўнікаў сілавых структураў.

Іван Крук
Іван Крук, каардынатар па зборы подпісаў за Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава і Уладзімера Някляева ў Астравецкім раёне, кажа, што апошнімі днямі ягоныя калегі пачалі адчуваць да сябе нязвыклую ўвагу.

Учора аднаму са зборшчыкаў подпісаў патэлефанавалі незнаёмыя і пачалі пытацца пра нумар яго пасьведчаньня, дзе ён працуе і навошта зьбірае подпісы. Вось, што кажа сам спадар:

“Пачаў адразу дапытвацца: колькі подпісаў сабраў, потым, які нумар пасьведчаньня, потым, дзе працуеш… Голас такі дзіўны. І ўрэшце сказаў: “Чакайце, яшчэ сустрэнемся…”

Іван Крук кажа, што нумары тэлефонаў зборшчыкаў подпісаў ёсьць толькі ў яго, і са штабу да іх ніхто ня мог тэлефанаваць. Ён лічыць, што такім чынам зацікаўленыя асобы спрабуюць запалохаць тых людзей, хто не пабаяўся ісьці зьбіраць подпісы за апазыцыйных кандыдатаў.

У Слоніме днямі зборшчыку подпісаў за Рыгора Кастусёва патэлефанавала намесьніца раённага пракурора і настойліва запрашала яго на размову ў пракуратуру, нават прызначыла час.

“Я запытаўся: па якім пытаньні? А яна, маўляў, прыйдзеце, тады даведаецеся. Я адказаў, каб тады дасылалі позву, дзе павінны напісаць, у якасьці каго і па якой справе выклікаюць. Пакуль позвы няма”.

Гарадзенскі праваабаронца, Раман Юргель, кажа, што хоць этап збору подпісаў зьнешне праходзіць і спакойна, насамрэч напоўніцу выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Зь яго слоў, настаўнікам загадваюць зьбіраць подпісы за Лукашэнку, яны самі аб гэтым яму казалі, аднак усе баяцца сьведчыць аб гэтым для незалежных СМІ.

Зьміцер Бандарчук, каардынатар па зборы подпісаў за Ўладзімера Някляева, распавядае, што ягоных паплечнікаў не пускаюць зьбіраць подпісы ў інтэрнаты навучальных устаноў Горадні, хаця зафіксаваныя выпадкі, калі вахцёры ў тых жа інтэрнатах, ня будучы сябрамі ініцыятыўных груп, самі зьбіраюць подпісы за Лукашэнку:

“Пакуль што стаім каля ўнівэрсытэтаў зь пікетамі: побач з корпусам унівэрсытэту імя Янкі Купалы, аграрным і мэдыцынскім. Калі нас не пускаюць у інтэрнаты, будзем спрабаваць зьбіраць подпісы побач з вучэбнымі карпусамі”.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Улада ўжо прыхоўвае інфармацыю аб фармаваньні ўчастковых камісіяў


На Магілёўшчыне будзе сфармавана больш за 800 участковых камісіяў. Апазыцыя зьбіраецца вылучыць туды да 150 сваіх актывістаў. Верагоднасьць таго, што ў камісіі трапяць апазыцыянэры невысокая.

Юры Новікаў
У кааліцыі дэмакратычных сіл наракаюць на недахоп зьвестак аб фармаваньні ўчасткаў для галасаваньня. Паводле заканадаўства, сьцьвярджае старшыня кааліцыі Юры Новікаў, яны меліся быць сфармаванымі яшчэ ўчора, 17 кастрычніка:

“Апублікуюць іх толькі празь дзесяць дзён, 27 кастрычніка. І тут застаецца толькі тры дні, каб разьмеркаваць нашых людзей па ўчастках. Зараз мы будзем намагацца атрымаць гэтую інфармацыю раней. На жаль, у раённых камісіях нашых прадстаўнікоў няма, таму атрымоўваецца, што інфармацыя гэтая для нас закрытая”.

Дакладнымі зьвесткамі пра колькасьць участкаў для галасаваньня пакуль не валодае й абласная выбарчая камісія. Яе супрацоўніца паведаміла, што яны стануць вядомыя да канца сёньняшняга дня. Межы некаторых участкаў ужо зьмененыя.

На Глушчыне ў склад участковай камісіі зьбіраецца вылучацца мясцовы праваабаронца Ігар Кірын. Ён ўжо намагаўся стаць сябрам раённай камісіі, але безвынікова:

“Бачу, што адносіны да незалежных вылучэнцаў не зьмяніліся. Я ўпэўнены на 99 працэнтаў, што ўчастковыя камісіі будуць сфармаваныя па тых жа сьпісах, што на выбарах у мясцовыя саветы”.

Сяргей Аржанцаў
У Клімавічах ва ўчастковую камісію паспрабуе трапіць шляхам збору подпісаў Сяргей Аржанцаў:

“Гэтая спроба зьвязаная з тым, каб прадэманстраваць, што ўлады ня пойдуць насустрач дэмакратызацыі выбараў. Будзе упор зроблены на “Белую Русь”. Гэтыя выбары шмат што вырашаюць для ўлады. Яны рызыкаваць ня ў стане. У іх няма для гэтага прычынаў. Нават, каб гуляць у дэмакратыю”.

З трох дзясяткаў апазыцыйных вылучэнцаў у тэрытарыяльныя камісіі Магілёўшчыны трапіў толькі адзін. У абласной выбарчай камісіі зацьвердзілі прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG