Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: Мы дойдзем да 125-130 тысяч


Пяты — Цярэшчанка
Пяты — Цярэшчанка
Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Цярэшчанка 22 кастрычніка заявіў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала 103 800 подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта. Раней пра пераадоленьне 100-тысячнага рубяжа абвесьцілі ў ініцыятыўных групах Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука і Андрэя Саньнікава.

Віктар Цярэшчанка сёньня ў размове са «Свабодай» сказаў, што ягоная група ставіць перад сабой яшчэ больш высокую мэту:

«Мы дойдзем прыкладна да 125-130 тысяч, каб мець пэўны запас. Я згадваю выбарчую кампанію 2001 году. Мы набралі тады 116 300 подпісаў. А на паседжаньні ЦВК Лідзія Ярмошына раптам кажа: „Віктар Іванавіч, а ў вас няма 100 тысяч“. Я пытаюся: „Як гэта праясьніць?“ Яна адказвае: „У вас у Берасьці брак у 25 тысяч“. Я кажу: „Я магу паглядзець?“ А ў адказ: „А навошта глядзець?! Брак — і ўсё“. Мэханізму няма, як праверыць».

Задаю пытаньне спадару Цярэшчанку: «Вы кажаце, што ўжо сабралі неабходную колькасьць подпісаў. Але ў Менску амаль не відаць вашых зьбіральнікаў подпісаў. Чым гэта можна патлумачыць?»

Віктар Цярэшчанка адказвае: стаўка зробленая на наведваньне кватэраў:

«Гэта — у першую чаргу. Напрыклад, у Рагачове прайшлі ўсе кватэры. Там за мяне будзе 7-8 тысяч подпісаў, а гэта ж невялікі горад. Тое ж самае ў Гомелі, Бабруйску, Браславе, Новалукомлі, іншых рэгіёнах. У Браслаўскім раёне будзе за мяне тры тысячы. У мяне там лецішча. Я яго пабудаваў уласнымі рукамі, без найманай працы. Камін сам паклаў. І людзі гэта ўсё бачаць».

Мікалай Лазавік
Да завяршэньня збору подпісаў застаецца роўна тыдзень. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа, што Цэнтральная камісія не адсочвае, колькі подпісаў сабрала тая ці іншая ініцыятыўная група. Раённыя выбарчыя камісіі хутка пачнуць праверку сабраных подпісаў, адзначае спадар Лазавік:

«Для таго каб забракаваць подпіс, у выбарчым заканадаўстве прапісаныя спэцыяльныя крытэры. І ніводная камісія ня можа іх пашырыць. Яны строга пералічаныя, і кожная камісія вымушана прытрымлівацца толькі іх. Гэта, напрыклад, фіктыўныя подпісы, калі яны пастаўленыя за неіснуючую асобу. Альбо подпіс за іншага чалавека, а не асабісты подпіс. Плюс несапраўдныя пашпартныя дадзеныя, альбо калі непаўналетні паставіў подпіс. Ну, і шэраг іншых крытэраў. Але гэтыя крытэры абмежаваныя, і яны пералічаныя ў выбарчым заканадаўстве».

Раённыя камісіі правяраюць сапраўднасьць подпісаў. Прычым правяраюцца ня менш як 20% ад усіх сабраных подпісаў. Калі знойдуць ня менш як 15% несапраўдных подпісаў, то на дадатковую праверку бяруць яшчэ 15% подпісаў. І калі сумарная колькасьць несапраўдных подпісаў складзе больш за 15% ад усіх правераных, то ўсе подпісы з выбарчых лістоў ня ўлічваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG