Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўныя кандыдаты пераадольваюць статысячную мяжу



Сьледам за Ўладзімерам Някляевым ініцыятыўныя групы іншых кандыдатаў у прэзыдэнты таксама заяўляюць, што сабралі сто тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. Сёньня ж Сяргей Рыжоў заявіў, што ён адмаўляецца ад прэзыдэнцкіх амбіцый. Такім чынам, барацьбу працягваюць 14 кандыдатаў.

Пра тое, што сабрана больш за сто тысяч подпісаў, сёньня паведамілі ў ініцыятыўнай групе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Подпісы будуць пададзеныя ў камісіі найбліжэйшым часам. Спадар Саньнікаў патлумачыў:

"Сто тысяч ёсьць, гэта так. Цяпер ідзе кантроль за якасьцю. Нармальная дынаміка. Дагэтуль людзі вельмі актыўна ідуць, і ня толькі падпісвацца, але яшчэ і паразмаўляць, паабмяркоўваць шансы, сытуацыю і ўсё астатняе".

22 кастрычніка прэзэнтацыю сабраных ста тысяч подпісаў мяркуе правесьці кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук.

"Менавіта каб патлумачыць, дзе зьбіралі, як зьбіралі, чаму нашыя подпісы сапраўдныя і мы ўпэўненыя, што гэта не павінна быць прычынай зьняцьця альбо нерэгістрацыі маёй".

Але якая пэрспэктыва вызначэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмсілаў? Спадар Раманчук адзначыў:

"Мы дамовіліся сустрэцца пасьля рэгістрацыі тых людзей, якія рэальна сабралі сто тысяч подпісаў, і абмеркаваць гэтае пытаньне. Бо тут ёсьць сумненьні, што некаторыя людзі будуць проста здаваць нібыта сто тысяч подпісаў. А колькі там сапраўдных ці несапраўдных, ня ведаюць. Таму трэба будзе неяк абгрунтаваць, хто будзе мець права ўдзельнічаць у гэтай працэдуры, і потым будзем старацца вырашаць гэтае пытаньне".

У ініцыятыўнай групе Віктара Цярэшчанкі сьцьвярджаюць, што сабралі 98 560 подпісаў. Ён мяркуе, што ў бліжэйшыя дні статысячны рубеж будзе пераадолены. Алесь Міхалевіч паведаміў, што за яго вылучэньне сабрана 85 тысяч подпісаў. Паводле ягоных слоў, дынаміка дазваляе сказаць, што ўдасца сабраць 110 тысяч. Сёньняшні дзень спадар Міхалевіч правёў у Гомелі, дзе браў удзел у пікеце. За Рыгора Кастусёва сабрана больш як 80 тысяч подпісаў. На думку кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Аляксея Янукевіча, пакуль нельга сказаць, што ёсьць нейкія дамоўленасьці адносна адзінага кандыдата.

"Насамрэч пакуль цяжка сказаць, хто будзе зарэгістраваны. Мы разьлічваем, што наш кандыдат будзе зарэгістраваны. І па некаторых момантах тактычных мы дакладна гатовыя да перамоваў, а зь некаторымі кандыдатамі, калі іх зарэгіструюць, гатовыя і да больш сур'ёзных перамоваў. Але гэта будзе бачна пасьля рэгістрацыі".

Паводле спадара Янукевіча, гэтая прэзыдэнцкая кампанія пакуль адбываецца "значна вальней, чым папярэдняя", хаця ёсьць факты ціску на дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах.

Сёньня ж кандыдатаў паменела. Сяргей Рыжоў зь Віцебску распаўсюдзіў заяву пра тое, што ягоная ініцыятыўная група спыняе збор подпісаў, не набраўшы неабходнай колькасьці для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Ён адзначыў, што прычына ня толькі ў малой колькасьці групы, адсутнасьці дастатковага фінансаваньня і малога вопыту яе сяброў. Але і ў ціску з боку ўладаў на некаторых сяброў ініцыятыўнай групы. Спадар Рыжоў назваў некалькі прычынаў свайго зьняцьця з дыстанцыі:

"Супраціў практычна ўсім кандыдатам і сябрам іхніх ініцыятыўных груп у зборы подпісаў. Народ у пэўнай сваёй немалой частцы проста баіцца ставіць подпісы за кандыдатаў, альтэрнатыўных дзейнаму цяпер прэзыдэнту. Асабліва выразна гэта прасочваецца на заводах, у дзяржаўных установах. Людзей папярэджваюць, што калі яны будуць ставіць свае подпісы, у іх могуць быць непрыемнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG