Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі ахвярамі прававой казуістыкі ў Грузіі


На мяжы Абхазіі й Грузіі
На мяжы Абхазіі й Грузіі
Сёньня ў Грузіі разглядалася судовая справа сямейнай пары зь Беларусі. Жыхары Берасьця Сямён і Ірына Дзьячак ад пачатку кастрычніка знаходзіліся ў сьледчым ізалятары грузінскага гораду Зугдзідзі. Маладых людзей абвінавацілі ў парушэньні правілаў уезду ў краіну праз акупаваныя тэрыторыі. У дадзеным выпадку гаворка пра Абхазію, якая пасьля расейска-грузінскага канфлікту застаецца пад кантролем Расеі. У МЗС Беларусі паведамілі, што сытуацыю ўдалося ўлагодзіць, і бліжэйшым часам беларусы вернуцца дадому.

Закаўкаскае падарожжа для Сямёна і Ірыны непрагназавана зацягнулася. Выявілася, што спроба сумясьціць паломніцтва па сьвятых мясьцінах Расеі, Грузіі, Турэччыны ды іншых краін можа дрэнна скончыцца: пераезд з Абхазіі ў Грузію быў расцэнены як крымінальнае злачынства. Дзьмітры Дардзюк расказвае, як ягоных сяброў увогуле закінула ў тыя мясьціны:

«Яны ўвогуле ехалі як паломнікі: у адным манастыры пабывалі, едуць у іншы. Перад гэтым у Расеі былі і, як я зразумеў з размовы зь Сёмам перад іх ад’ездам, то яны ўвогуле хацелі працягнуць падарожжа, замахваліся нават на Афрыку. Карацей, зьбіраліся ехаць надоўга. Так, зрэшты, і атрымалася, але не зусім так, як плянавалі. Увогуле ж ад’ехалі яшчэ ў жніўні. Як даведаўся, чым гэта скончылася, нядобра стала. Самі па сабе яны вельмі цікавыя людзі, любяць пападарожнічаць. На адным месцы не сядзяць. Праўда, давялося пасядзець у СІЗА і, што самае прыкрае, ад 2 кастрычніка практычна немагчыма было высьветліць ніякіх падрабязнасьцяў. У іх забралі тэлефон, і нават маці з бацькам зь імі не гаварылі, толькі празь нейкага адваката».

У МЗС Беларусі паведамілі, што грузінскі бок разглядае ўезд на тэрыторыю Абхазіі зь любой тэрыторыі, апроч сваёй, як крымінальнае злачынства. Для парушальнікаў зь Беларусі судом вызначанае пакараньне — 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна. Пакуль невядома, калі Дзьячакі змогуць вярнуцца дадому, але самі яны мяркуюць, што на афармленьне дакумэнтаў спатрэбіцца ня меней за месяц.

Маці Ірыны Дзьячак Галіна не хавае задавальненьня ад таго, што дзеці зноў на волі, але абураная, чаму на вырашэньне пытаньня пайшло так шмат часу:

«Увесь гэты час мы біліся, што называецца галавой аб сьцяну. І туды, і сюды тыкаліся, а нас усё адфутбольвалі. Ніхто нічога канкрэтна не казаў, усё толькі грошы патрабавалі. Праз МЗС спрабавала дабіцца, але ніякага канкрэтнага адказу там ніхто не даваў — усё чакайце і чакайце. А з грузінскага боку запытвалі толькі адно: дзе грошы, толькі пра грошы.
А з грузінскага боку запытвалі толькі адно: дзе грошы, толькі пра грошы.
Учора сказалі затэлефанаваць, каб даведацца нумар рахунку. Я, праўда, не дазванілася, а сёньня ўжо, бачыце, вось такія навіны. Хоць яшчэ напярэдадні гаварылі: спачатку чакаем рашэньня, завяраем, і ўсё роўна майце грошы на штраф — па 1100 даляраў за кожнага. А потым думаю: як гэта мы будзем іх пералічваць, каму грошы? Як іх перадаваць, ці што? Мы ўжо адну суму гэтак жа адправілі. 300 даляраў прапалі, і ўсё. Абяцалі дапамагчы, а аказалася чыстае ашуканства, нас проста «нагрэлі».

Летась у ліпені Міністэрства замежных спраў Беларусі папярэдзіла сваіх грамадзянаў, што ў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, якія ў выніку ваеннай кампаніі 2008 году былі прызнаныя Масквой незалежнымі дзяржавамі, можна ўяжджаць толькі з тэрыторыі Грузіі. У выпадку транзытнага перасячэньня мяжы згаданых рэспублік з боку Расеі ў Грузіі замежнікам пагражае буйны штраф альбо турма.

Аднак папярэджаньне яўна прыпазьнілася: да таго часу некалькіх грамадзянаў Беларусі ўжо прыцягнулі да адказнасьці за парушэньне грузінскага заканадаўства. Прыкладам, летась у чэрвені ў аналягічную сытуацыю трапіў жыхар Менску Мікалай Кванталіяні. У Абхазію трапіў праз Расею, паколькі гэта самы блізкі шлях. Наведаў магілу бацькі, сустрэўся са сваякамі. А калі прыехаў у аэрапорт Тбілісі, каб адляцець у Беларусь, быў затрыманы і, паводле артыкула Крымінальнага кодэксу, пакараны штрафам у памеры больш за 1200 даляраў. Праўда, лічыць, што яшчэ добра выкруціўся: за месяц да таго за такое ж парушэньне ў Грузіі была затрыманая беларуска, якая прасядзела ў турме блізу 50 дзён:

«У іх такі артыкул быў і раней, аднак яны яго не ўжывалі. А летась са студзеня гэтую норму зрабілі больш жорсткай. Хоць інспэктар, які вёў маю справу, расказваў, што выпадкі затрыманьня людзей паводле гэтага артыкула былі і раней, у канцы 2008 году. Паводле іхнага Крымінальнага кодэксу, мінімальнае пакараньне — у эквіваленце 5 тысяч даляраў штрафу ці ад 3 да 5 гадоў зьняволеньня. У рэдкіх выпадках штраф можа быць зьніжаны да 3 тысяч даляраў, і ўжо зусім рэдка — да 1200, што мне і было прад’яўлена. Мы даведваліся праз знаёмых у Грузіі, і яны сказалі, што летась па гэтым артыкуле сядзелі блізу 100 чалавек. Найперш гэта малдаване, украінцы, расейцы, беларусы. Пакуль толькі незразумела, як атрымаць на гэты конт афіцыйную інфармацыю».

Неўзабаве пасьля расейска-грузінскага канфлікту кіраўніцтва Беларусі паабяцала Крамлю прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, аднак да рэалізацыі абяцаньня справа так і не дайшла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG