Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь не прызнавала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі - II


Эдуард Какойты і Сяргей Багапш
Эдуард Какойты і Сяргей Багапш
Кроніка заявіў і дэклярацый. Абяцаньні: выкананыя і нявыкананыя. Заклікі і тлумачэньні.

Летась, у матэрыяле “Як Беларусь не прызнавала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі” падавалася кроніка працэсу па ліпень 2009 году. Прапануем вам яе працяг.

2009

Студзень


Лідэр Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты ў інтэрвію “Комсомольской правде”: “Яны нам абяцалі, што абавязкова гэта зробяць (прызнаюць незалежнасьць. ­- РС). Лукашэнка кажа: я сваё слова стрымаю, абавязкова бліжэйшым часам будзе прызнаньне. Мы на пахаваньні Алексія II нефармальна сустракаліся: я, Багапш і Лукашэнка”.

Ліпень

22 ліпеня 2009 Міністэрства замежных спраў Беларусі папярэдзіла грамадзянаў краіны, што ў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, якія ў выніку ваеннай кампаніі 2008 году прызнаныя Расеяй незалежнымі дзяржавамі, можна ўяжджаць толькі з тэрыторыі Грузіі.

Жнівень

На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве пасьля сустрэчы зь лідэрам Паўднёвай Асэтыі Э.Какойты прэм’ер-міністар Расеі Ў.Пуцін сказаў: “Што датычыцца Беларусі. Гэта пытаньне да беларускага кіраўніцтва, пытаньне да Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Канечне, напэўна, пытаньне справядлівае, маючы на ўвазе, што Расея і Беларусь будуюць Саюзную дзяржаву. Расея заўсёды на працягу многіх гадоў аказвала і палітычную, і эканамічную падтрымку Беларусі”.

Верасень

"Гэтае пытаньне (аб прызнаньні незалежнасьці) будзе разгледжанае на найбліжэйшай сэсіі парлямэнту”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка. "Чыніць ціск на мяне беспэрспэктыўна, і таму ніхто ня цісьне, ніхто ад мяне не патрабуе гэтага”, – прэзыдэнт Беларусі. Разам з гэтым, дадаў беларускі кіраўнік, "калі зыходзіць з чалавечых меркаваньняў, то мы даўно павінны былі падтрымаць Расею".

Кастрычнік

Падчас прэсавай канфэрэнцыі для журналістаў рэгіянальных СМІ Расеі Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што Беларусь ад пачатку ня мела нічога супраць таго, каб прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Аднак гэтаму перашкодзіла цкаваньне, што пачалося у расійскіх СМІ, “падкантрольных некаторым расійскім чыноўнікам”: маўляў, Беларусь не прызнае самаабвешчаныя рэспублікі, бо Расія не дала 500 мільёнаў крэдыту.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў: “Расейскі бок абсалютна афіцыйна ў асобе прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна заяўляў: Расея ні ў якім разе ня зьвязвае прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі сувэрэннай беларускай дзяржавай ні зь якімі палітычнымі ці эканамічнымі захадамі Расеі. Тым больш, з крэдытам 500 мільёнаў даляраў. Таму мы ставімся зь некаторым неразуменьнем да апошніх выказваньняў беларускага боку па гэтым пытаньні”.

Лістапад


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наведалі Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асэтыю напярэдадні разгляду ў палаце пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці гэтых дзьвюх грузінскіх аўтаноміяў.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх СМІ прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў: “Ні я ні Расея не выстаўлялі Беларусі ўмоваў прызнаньня Абхазіі, гэта вызначае сама краіна”. “Мы не зьвярталіся і ня будзем зьвяртацца зь ніякімі просьбамі наконт Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”, — заявіў расейскі прэзыдэнт.

2010

Люты


Абхазія спадзяецца на больш хуткае прызнаньне з боку Беларусі і бачыць сябе членам «саюзнай дзяржавы» і Мытнага саюзу, заявіў Сяргей Багапш.

«Спадзяемся, што Беларусь, вядома, гэта не робіцца за адзін дзень, прызнае незалежнасьць Абхазіі. Тады Абхазіі будзе лягчэй уступіць у «саюзную дзяржаву», - сказаў кіраўнік непрызнанай Абхазіі Сяргей Багапш ва унівэрсытэце МДІМА.

Сакавік

Падчас пасяджэньня Савету міністраў “саюзу Беларусі і Расеі”, якое адбылося ў Берасьці, прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што “непрызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі можа мець адзін станоўчы эфэкт – нармалізацыю стасункаў Беларусі з Захадам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG