Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадкі: не пасьпелі збудаваць, як трэба ратаваць


Магілёўскі раён: вёска Брылі. Да «дамкоў прэзыдэнта» — толькі ў гумовых ботах.
Магілёўскі раён: вёска Брылі. Да «дамкоў прэзыдэнта» — толькі ў гумовых ботах.
Сёлета ў Беларусі павінна быць завершана дзяржаўная праграма адраджэньня і разьвіцьця вёскі, якую пачалі ў 2005 годзе. Улады плянавалі збудаваць у рэгіёнах 1581 аграгарадок. Аграгарадкі зьявіліся, але многія зь іх зусім не вабяць новых насельнікаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Больш як 100 катэджаў застаюцца незаселенымі

На Магілёўшчыне ў аграгарадках сямнаццаці раёнаў пустуюць новазбудаваныя катэджы. І ахвотных на гэтыя куты шукаюць не адзін год. Чаму?

У Дрыбінскім раёне летась незаселеных дамоў было трыццаць шэсьць. Раён быў лідэрам па гэтым паказчыку ў рэгіёне. Некаторыя з новабудоўляў застаюцца без гаспадароў больш як тры гады.

«Сёньня праблема на вёсцы — не ў адсутнасьці жыльля, а ў адсутнасьці грошай: проста няма працы. Хто можа, той уцякае з гэтага раёну хто куды. Перайсьці, напрыклад, зь вясковай хаты ў больш якаснае жытло ахвотнікаў хапіла б, але ведаеце, як у нас будуюць. Адпаведна, людзі, вядома, не сьпяшаюцца пераселяцца з добрых вясковых хат у прамерзлыя, прадзьмутыя ўсімі вятрамі катэджы», — лічыць эканаміст, жыхар Дрыбінскага раёну Андрэй Юркоў.

Прыклады няякаснага будаўніцтва ёсьць і ў суседнім, так званым узорным, Шклоўскім раёне. Скардзіцца жыхарка вёскі Славені — не абы-каму, а старшыні аблвыканкаму Пятру Рудніку.

«Далі сыну ключы ад дома. Дом да канца ня зроблены, але просяць, каб мы падпісалі дакумэнты, што дом прынялі. А дом ад вэранды адкалоўся. Вады няма яшчэ, сьвятла няма яшчэ, каналізацыі няма. Яміны выкапаныя, і таму пад’ехаць немагчыма. Што нам рабіць? Падкажыце, калі ласка».

Цяпер дом сына скаржніцы дабудавалі. Вінаватых пакаралі. Як прызналі будаўнікі, катэдж узводзіўся на непадрыхтаванай вільготнай глебе. Ці прастаіць ён два гарантыйныя гады, прадказаць ніхто не бярэцца. Калі недаробкі будуць выкрытыя па заканчэньні гэтага тэрміну, то даводзіць жытло да ладу мусіць гаспадар. У Славенях такія прыклады ёсьць.

Шклоўскі раён: вёска Новая Брашчына — сюды аграгарадок не дайшоў. Ён за сем кілямэтраў, у вёсцы Старасельле.
Абяцанага «жыць як у горадзе» хапае ня ўсім жыхарам аграгарадкоў і ў пляне забесьпячэньня гэтак званымі сацыяльнымі стандартамі. Многія аграгарадкі, што ўзводзяцца ад 2005 году, дагэтуль ня маюць школ, лазьняў, грамадзкіх сталовак, нестае фэльчараў, спэцыялістаў сфэры абслугоўваньня.

На Магілёўшчыне 118 аграгарадкоў. Да канца 2010 году іх стане на пятнаццаць болей. Каго там паселяць — пытаньне без адказу.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Падфарбавалі, стварылі выгляд…

За апошнія пяць гадоў 190 вёсак Берасьцейшчыны атрымалі статус аграгарадкоў. Паводле дзяржаўнай праграмы, у такіх паселішчах павінны быць створаны максымальна набліжаныя да гарадзкіх умовы жыцьця. Дзеля гэтага належала правесьці рамонт школ, культурных устаноў, стварыць камфортнае жыльлё. У сапраўднасьці ж жыцьцё вяскоўцаў лепшым не стала.

Вёска Хадакі Івацэвіцкага раёну стала аграгарадком каля трох гадоў таму. Будаўнікі ўзьвялі тут шэраг прыватных дамоў, быў адрамантаваны Дом культуры. Тым ня менш мясцовая жыхарка кажа, што насамрэч статус не адпавядае рэальнаму выгляду вёскі. Рамонт быў праведзены толькі касмэтычны. Зараз ад яго, можна сказаць, і знаку не засталося:

«Я б і не сказала, што ў нас аграгарадок. Толькі ў цэнтры вёскі больш-менш наведзены парадак. А вось далей, на вуліцах ніякай працы не вялося. Толькі збольшага падмалявалі, падбялілі. Увогуле, толькі стварылі выгляд ды памянялі шыльду».

Два гады таму мясцовая жыхарка атрымала дом, які быў пабудаваны за кошт дзяржаўнай праграмы. Тым ня менш апошнія два гады сям’я, як кажа жанчына, мусіць жыць ва ўмовах рамонту:

«У доме паўсюль трэшчыны, паўсюль сыплецца. Столь, падлога — усё проста жахлівае. Будаўнікі працавалі абы-як. Недапрацовак надзвычай шмат. Акрамя таго, хлеў давялося амаль увесь перарабляць. Таму ў нас няма аніякіх умоваў для камфортнага жыцьця».

Вёска Дзяніскавічы ў Ганцавіцкім раёне таксама была ахоплена праграмай узнаўленьня і разьвіцьця вёсак. За дзяржаўныя сродкі былі пабудаваныя чатыры дамы. Тры зь іх дагэтуль пустуюць. Ахвотных атрымаць дом няма, бо зашмат недаробак і недарэчнасьцяў, кажа мясцовая жыхарка:

«Тыя дамы зроблены абы-як. Вялізарная колькасьць недаробак. Прычым ня толькі ў самым доме, але і хлеў, вонкавы выгляд. Незразумела, ці то на хуткую руку ўсё рабілася, або проста без кантролю. У цэлым нармальная сям’я там ня зможа жыць».
Вось калі на вёсцы людзі будуць атрымліваць абяцаныя кіраўніком краіны 700 даляраў, тады яны і будуць тут жыць.


Вёска вымірае паступова, кажа мясцовая жыхарка. А прыцягнуць маладых людзей такім чынам ніколі ня ўдасца. Патрэбныя нармальныя ўмовы, тады, магчыма, нехта і пасяліўся б у тых дамах:

«Вельмі нядобранадзейная сям’я пасялілася ў адным з дамоў. А астатнія так і пустуюць. Адзін дом займалі летам людзі, якія працуюць на сэзонных працах. Таму нічога ў дамах не папраўлена».

Былы старшыня калгасу Вячаслаў Сухарэбскі, які працаваў у Баранавіцкім раёне, перакананы, што аграгарадкі сельскую гаспадарку не ўратуюць. Праграма прадугледжвае стварэньне ўмоваў для жыцьця, але людзей найперш прыцягвае магчымасьць зарабіць, а не атрымаць недабудаваны дом:

«Вось калі на вёсцы людзі будуць атрымліваць абяцаныя кіраўніком краіны 700 даляраў, тады яны і будуць тут жыць. А цяпер няма зацікаўленасьці. Таму цяпер і няма цікавасьці жыць у вёсцы».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Звонку памалявана, а ўнутры ўсё па-савецку…»

Шмат хто з жыхароў Гарадзеншчыны, якія атрымалі кватэры ў аграгарадках, скардзіцца, што дамы зроблены недасканала, а блізу іх няма аб’ектаў сацкультбыту.

Першае, з чым я сутыкнуўся, завёўшы размову з гаспадаром дома ў навюткім аграгарадку ў Слонімскім раёне, — тое, што суразмоўца папрасіў не называць ягонага прозьвішча. Дом яму не належыць, а таму могуць выселіць і з такога.

Спадар ніяк ня можа ўцяміць, чаму так неахайна і непрадумана будуюцца новыя дамы, на якія ідзе нямала сродкаў. Асабліва ён наракае на ацяпленьне, а дакладней — на беларускія катлы. Яны неэканамічныя, і за месяц пры невысокім заробку за газ даводзіцца плаціць па 150 тысяч.

«Факт, што пры пэўным кірунку ветру гэтыя катлы задзімае. Яны ня могуць працаваць, немагчыма ацяпліць хату ў такі дзень. Даводзіцца чакаць, калі зьменіцца кірунак ветру».

Спадар кажа, што ўжо не аднойчы яму даводзілася выпраўляць у новым доме розныя недаробкі. Тое ж самае і ў ягоных суседзяў.

«Вось у адным пакоі ўжо другі раз цалкам пераклейваю шпалеры, бо адклейваюцца з-за сырасьці. Дый наагул шмат розных недаробак. Замкі, што ў дзьвярах — ня ведаю, дзе іх робяць, але пару разоў націсьнеш — і яны выскокваюць. А ў некага падлогу даводзіцца мяняць, бо сырую дошку паклалі — і яе пакруціла…»

У Астравецкім раёне спадар распавядае, што пра гарадкі шмат гавораць у СМІ, але да толку іх не даводзяць, асабліва што тычыцца інфраструктуры:

«Ужо каторы год як аграгарадок збудаваны, а лазьні няма, клюбу няма, дзіцячы садок злучылі са школай, амбуляторыю злучылі з паштовым аддзяленьнем…»

Спадар кажа, што на ўсё гэта раней плянаваліся асобныя будынкі. Яшчэ адна спадарыня зь Лідзкага раёну, якая таксама жыве ў аграгарадку, кажа, што нічога больш пра гэта нават ня хочацца гаварыць. Але выснову робіць наступную:

«Гэта толькі вонкава прыгожыя дамы, а ўсярэдзіне і сьцены трэскаюцца, і прамярзаюць, і сырасьць стаіць…»

ВІЦЕБШЧЫНА


«У „асабняках“ селяцца тыя, хто ледзьве адолеў 8 клясаў або праз п’янку спаліў сваю хату»

На Віцебшчыне множыцца колькасьць скаргаў ад гаспадароў жытла ў аграгарадках. Шмат кватэраў застаюцца пустыя.

Датэлефанавацца да Аляксандра Шчамлёва, які жыве ў аграгарадку Амбросавічы Шумілінскага раёну, удалося зь вялікімі цяжкасьцямі: паўтара гады як вёска «падвысіла статус», тэлефонную станцыю нібыта адрамантавалі, а якасьць сувязі як была дрэнная, так і засталася:

«АТС рамантавалі, і ўсё зноў! Вось табе і паказуха — людзі скардзяцца. У нас тут старыя дамы, так што па два-тры дні сядзім без вады — прарывае ці ня кожны дзень. Толькі фасады пафарбавалі, дзіркі заляпілі, а водаправод увесь згніў. Рамы не мянялі, капітальны рамонт не рабілі ў нашых „двухпавярхоўках“, а іх тут раз, два, тры… шэсьць штук такіх!»

Аляксандар Шчамлёў кажа, што ўмовы жыцьця з наданьнем Амбросавічам статусу аграгарадку надта не палепшыліся. Адно што ўдалося таньнейшым коштам правесьці газ — менавіта за гэта змагаліся вяскоўцы, патрабуючы зрабіць аграгарадок. Што да астатняга, то надзеі на тое, што ўдасца завабіць у аграгарадкі адмыслоўцаў ды ўзьняць сельскую гаспадарку на Шуміліншчыне, не апраўдаліся. У «асабняках» — так спадар Шчамлёў называе новапабудаваныя катэджы — ніхто не жыве:
Два-тры так і стаяць пустыя. Думалі, адмыслоўцаў завабяць, якія будуць „уздымаць сяло“.


«Два-тры так і стаяць пустыя. Думалі, адмыслоўцаў завабяць, якія будуць „уздымаць сяло“. А надзеі кіраўніцтва ня спраўдзіліся, што ў нас тут некага завабіш. Нікога яно ня вабіць. З вышэйшай адукацыяй адмыслоўцы — ніводзін так і не прыехаў. І жыць у тых дамах ніхто ня хоча».

Паколькі ўсё зроблена як найхутчэй і зь нізкай якасьцю, «дамы для адмыслоўцаў» не карыстаюцца попытам. Туды селяцца «тыя, хто ледзьве скончыў 8 клясаў або праз п’янку спаліў сваю хату», кажа Аляксандар Шчамлёў.

Калі аграгарадком рыхтаваліся абвясьціць мястэчка Падсьвільле Глыбоцкага раёну, дык рамантавалі толькі дзяржаўныя ўстановы, распавядае тамтэйшая жыхарка Марыя Баравік:

«Школу адрамантавалі і дом культуры толькі. А так у нас нічога не рабілася. Але ж лічыцца: як нешта рабілася-рамантавалася, дык і аграгарадок! Тут у нас вінзавод, ільнозавод, але працы больш няма. Перасяліліся да нас людзі зь вёсак, а наша моладзь ужо зьяжджае — што ж, калі няма працы! Увогуле, я лічу, гэта катастрофа ў жыцьці — сяло ж раней трымала і горад, і ўсё».

Насельнікі аграгарадкоў кажуць, што разьвіцьцё паселішчаў залежыць ад разьвіцьця вытворчасьці. Калі гэтага няма, то ў паказуху ператвараецца сама ідэя іх стварэньня. А жыць у хатках, сьпехам пабудаваных для справаздачаў — гэта сапраўдная пакута, лічыць жыхар Гарадку, старшыня раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў. На мінулых выбарах ён балятаваўся ў Віцебскі аблсавет і падчас агітацыйнай кампаніі чуў нямала такіх скаргаў:

«Даецца людзям жытло, але жыць там немагчыма! Якасьць будаўніцтва горшая, як у савецкія часы, на 200 адсоткаў! Каб у той хаце прапаліць, трэба 15 машын дроў. Мне, для параўнаньня, досыць дзьве машыны і трэцяя — на лазьню. Будавалася ўсё хутка. Да прыкладу, будаўніцтва хаты каштуе 45 мільёнаў, а выдаткоўваюць 37. Як тут якасна пабудуеш, калі такая эканомія? І пайшлі шчыліны, і ўсё. Дык усё гэткае жыцьцё — паказуха!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG