Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Надыдзе зіма — у калгасе зноў будуць карміць цялят гнілой саломай”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 8 верасьня 2010 году


З надыходам восені галоўнай у пошце “Свабоды” становіцца тэма прэзыдэнцкіх выбараў, якія паводле беларускага заканадаўства павінны адбыцца гэтай зімой. Ужо больш як шаснаццаць гадоў беларусы ня мелі магчымасьці свабодна выбіраць сабе ўладу. Тыя шматлікія галасаваньні, якія за гэтыя гады адбываліся ў краіне, праводзіліся паводле старых савецкіх сцэнароў. Іх вынікаў, заўсёды аднолькава пераможных для дзейнай улады, не прызнавала міжнародная супольнасьць. Ці адбудуцца зьмены гэтым разам?

Наш слухач Міхась Данько з Давыд-Гарадка Столінскага раёна, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, лічыць, што апазыцыя павінна загадзя ўлічыць урокі і памылкі мінулага. Ён піша:

"Адзіны кандыдат ад апазыцыі вельмі патрэбны, але хіба ва ўмовах інфармацыйнай блякады ён зможа ахапіць агітацыяй усю тэрыторыю Беларусі? Таму я лічу, што апазыцыйныя лідэры павінны паступіць наступным чынам. На закрытай нарадзе дамовіцца аб адзіным кандыдаце, але зарэгістраваць кандыдатам не аднаго, а чалавек трох ці чатырох. І каб у іх была адзіная праграма. У выніку яны ахопяць агітацыяй усю Беларусь. Галоўнае — не пацярпець паразу ў другім туры.

Натуральна, у праграмах кандыдатаў павінна быць моцная сацыяльная частка. Людзей цікавяць канкрэтныя пытаньні: Як вывесьці грамадзтва з алькагольнай залежнасьці? Як пазбавіць найманых работнікаў ад кароткатэрміновых працоўных кантрактаў? Як забясьпечыць моладзь бясплатнай адукацыяй? Як наладзіць даступнае па фінансах мэдычнае абслугоўваньне? Такую працу трэба рабіць ужо зараз. У пэрыяд перадвыбарчай кампаніі час на гэта будзе вельмі абмежаваны"
.

Апазыцыйных прэтэндэнтаў, якія заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, ужо зараз набіраецца больш як дзесятак. Ці патрапяць яны дамовіцца і выбраць са свайго асяродзьдзя адзінага кандыдата — вялікае пытаньне. Досьвед апошніх месяцаў, на працягу якіх рабіліся такія спробы, паказвае, што шанцаў на гэта ня надта шмат. Зрэшты, у выбарчых бюлетэнях у любым выпадку прозьвішчаў апазыцыянэраў будзе значна меней, чым сёньня: сабраць сто тысяч подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку, каб зарэгістравацца і стаць кандыдатам, здольныя вельмі нямногія.

Пра сёньняшнюю калгасную рэчаіснасьць працягвае інфармаваць наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна. У сваім новым лісьце на “Свабоду” ён піша:

"У нас на калгаснай фэрме — два цялятнікі. Вось пачалі рыхтаваць іх да нейкага сэмінару: падаслалі цялят якасным сенам (1-й клясы). На ўсё пайшло 20 скруткаў — па 300-400 кіляграмаў кожны. Як жа так, дзе ж ваша салома? А салома, кажуць, не падыходзіць: гнілая. Канечне, гнілая, калі ўвосень не ўбралі, а потым увесну палілі ды балотнымі плугамі заворвалі. Вось так гаспадараць у калгасах пры Лукашэнку. Ці зрабіў бы так хоць адзін прыватны гаспадар на сваёй зямлі, са сваёй маёмасьцю? Што адметна: надыдзе зіма — цялят зноў будуць карміць гнілой саломай. Я быў сьведкам — бачыў на ўласныя вочы.

... Цяпер шмат гавораць пра Лукашэнку, пра ягоную лаянку з Масквой. Я думаю, што ён урэшце захоча для выгляду паразумецца з Крамлём палюбоўна. Але адтуль яўна гатовыя ўваткнуць яму ў сьпіну нож. Магчыма, Масква хоча зладзіць у нас прарасейскі пераварот. Але, калі "наверсе" гэта зробяць, "нізы" ў большасьці сваёй не падтрымаюць. Людзі ня хочуць у склад Расеі, большасьць падтрымлівае незалежнасьць. Увогуле, з Расеяй стагодзьдзямі ніхто ня мог пасябраваць. І Лукашэнка ніколі ня будзе ім сябрам"
.

Нядаўна ўпершыню за 16 год прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка падчас сваіх паездак па вёсках наведаў ня толькі шматлікія калгасы, але і фэрмэрскую гаспадарку. Шмат хваліў жыткавіцкага фэрмэра Шруба і нават прапанаваў яму далучыць да сваёй пасьпяховай гаспадаркі некалькі разваленых калгасаў, якіх багата ў навакольлі.

Тыя калгасы дзесяцігодзьдзямі атрымлівалі ад дзяржавы танныя (а то і зусім бясплатныя) рэсурсы, мелі ўсе прывілеі пры збыце прадукцыі, ім сьпісвалі даўгі, дапамагалі палівам, будавалі за кошт бюджэту жытло... І ўсё роўна іх перамог прыватны гаспадар Шруб, якому ўсё даставалася ў апошнюю чаргу, і нічога не давалася бясплатна. Цікава, колькі яшчэ гадоў патрэбна беларускай уладзе, каб зразумець, што марнатраўства, бязладзьдзе, раскраданьньні і п'янства на вёсцы скончацца толькі тады, калі зямля будзе належаць тым, хто на ёй працуе, а не зладзеяватым і абыякавым чыноўнікам, якія ні за што не адказваюць.

Як ставіцца адміністрацыя да тых найманых работнікаў, якія спрабуюць адстойваць свае правы, займаюцца грамадзкай дзейнасьцю? Адметную гісторыю распавёў у сваім лісьце на “Свабоду” будаўнік Кірыл Семянчук зь вёскі Азёры Гарадзенскага раёна. Слухач піша:

"Усё пачалося з таго, што я паскардзіўся на сваё начальства ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Быў такі выпадак: працаваў у дождж, не было спецадзеньня, бо нам ня выдалі. У выніку прамок і захварэў. Пасьля скаргаў начальства пачало на мяне ціснуць, прыдзірацца да кожнай дробязі. То за тое, што спазьніўся на пяць хвілін, то яшчэ за што... Хоць на будоўлі бывае ўсялякае: і спазьняюцца значна больш, чым я, і гарэлку п'юць на працоўным месцы, і будматэрыялы крадуць... Іншым усё сыходзіць з рук, а мяне нават за дробязь — да адказнасьці.

У канчатковым выніку выклікае мяне да сябе прараб і кажа: па тваёй віне зламаная жалезабэтонная пліта. Ня звольнішся зараз з працы па-добраму — дык яе "павесяць" на цябе і будзеш за яе плаціць,— піша ў сваім лісьце на Свабоду Кірыл Семянчук зь вёскі Азёры Гарадзенскага раёна.— А апроч таго, "уклеяць" у працоўную кніжку артыкул — і ўсё роўна звольняць.

Я паехаў да начальніка. Той выслухаў і кажа: карацей, звальняйся па-добраму, альбо будуць у цябе праблемы. Мне расказалі, што ты апазыцыйныя газэты раздаваў сярод рабочых...

У выніку я вымушаны быў звольніцца па ўласным жаданьні. А цяпер уладкавацца ў якую-небудзь арганізацыю ці на прадпрыемства не магу: адзьдзел кадраў стэлефаноўваецца з папярэднім месцам працы, а ўжо там выдаюць адпаведную характарыстыку... Вось такая сытуацыя ў мяне склалася. Цяпер мушу выпраўляцца на працу на будоўлю ў Маскву. Але і там я змагу весьці агітацыю сярод беларусаў-гастарбайтэраў — за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне"
.

Сытуацыя, апісаная Вамі, спадар Кірыл — тыповая для сёньняшняй Беларусі. Часьцей нават здараецца так, што адміністрацыя, каб пазбавіцца ад грамадзка актыўнага і тым нязручнага ёй работніка, не абцяжарвае сябе пошукамі зачэпак — проста без тлумачэньня прычынаў не працягвае зь ім працоўны кантракт.

Зьява гэта ў сёньняшняй Беларусі масавая. Многія людзі запалоханыя. Тым больш, што шукаць праўду няма дзе: афіцыйныя прафсаюзы моўчкі прыслужваюць адміністрацыі. А суды спасылаюцца на тое, што фармальна адміністрацыя мае рацыю: скончыўся кантракт — можна любога выкінуць на вуліцу.

Эўрапейскія рабочыя працавалі ў такіх умовах хіба што напрыканцы 19-га ці на пачатку 20-га стагодзьдзя, у пэрыяд дзікага капіталізму. А ў выніку масавае абурэньне і пратэсты спарадзілі магутны рух незалежных прафсаюзаў і маштабныя страйкі. Беларускія ўлады, напэўна, разьлічваюць на тое, што ў Беларусі людзкое абурэньне бясконца будзе заставацца ў задушаным стане.

Наш слухач Эдуард Зяновіч зь Ліды цікавіцца гісторыяй. Напрыканцы жніўня і на пачатку верасьня ў многіх эўрапейскіх краінах традыцыйна згадваюць падзеі 1939-га году — пакт Молатава-Рыбентропа, пачатак Другой сусьветнай вайны. Спадар Эдуард зьвяртае ўвагу на тое, як тыя падзеі ўспрымаюцца ў сёньняшняй Беларусі. Ён піша:

"Чамусьці ў нас прынята лічыць, што вайна пачалася 22-га чэрвеня 41-га года. Гэтак кажуць дзецям у школах, студэнтам ва ўніверсытэтах. Чаму ў такім разе ўся Эўропа адзначае жалобную дату 1-га верасьня? Бо ў гэты дзень у '39-м годзе фашысцкая Нямеччына напала на Польшчу, а ўсьлед за гэтым 17-га верасьня з Усходу Польшчу акупаваў Савецкі Саюз. Дзьве аўчаркі — нямецкая і каўкаская — учапіліся ў горла адна другой і пачалі рваць Польшчу на кавалкі. Во як было, я сам гэта памятаю.

Наш прэзыдэнт справядліва кажа: гісторыя павінна выкладацца праўдзіва. Чаму ж на справе ўсё па-іншаму?"
.

У выкладаньні гісторыі, як і многіх іншых грамадазнаўчых навук, беларуская сыстэма адукацыі дагэтуль арыентуецца на савецкія стандарты. А ў СССР, як вядома, галоўнай і лёсавызначальнай лічылі тую вайну, якая пачалася 22-га чэрвеня 1941-га года — гэта напад Гітлера на Савецкі Саюз і наступныя баявыя дзеяньні з удзелам Чырвонай Арміі. Пра ўсё іншае гаварылі мімаходзь, як пра другараднае і малазначнае. Хоць для Беларусі і беларусаў насамрэч Другая сусьветная вайна з усімі яе жахамі, ахвярамі, дэпартацыямі і вынішчэньнямі пачалася якраз у верасьні 1939-га.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — Людміла Ліцьвінава зь Менску напісала нам, пачуўшы адзін зь сюжэтаў у рубрыцы "Вянок памяці" — пра тых рупліўцаў беларускай справы, хто ўжо адышоў з гэтай зямлі. У спадарыні Людмілы — уласны сумны ўспамін. Яна піша:

"Вырашыла расказаць пра цудоўнага чалавека, які адышоў ад нас нядаўна, у мінулым чэрвені. Гэта Сяргей Андрэевіч Язерскі — доктар-псыхатэрапеўт, сябра БНФ і Таварыства беларускай мовы, выкладчык "легальнага" гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, стваральнік клюбу "Спаемства". Клюб гэты існаваў дзякуючы ягонай ініцыятыве зь '97-га году. Я сама было ягонай удзельніцай.

Спадар Язерскі шмат ведаў ня толькі ў галіне псыхалёгіі, але і ў беларускай літаратуры, меў велізарную бібліятэку. Гэтымі ведамі шчодра дзяліўся з намі. Мы разам вандравалі па краіне, ладзілі сьвяты — Каляды, Купальле. Сотні кніг са сваёй бібліятэкі ён падараваў розным бібліятэкам Менска — БДУ, Нацыянальнай, сябрам. Вялікім клопатам ягоным была беларуская мова, яе захаваньне. На сваёй асноўнай лекарскай працы зь беларусамі ён размаўляў па-беларуску. Казаў, што свая мова больш спрыяе лячэньню. У мяне захаваліся аўдыёстужкі з круглых сталоў, якія мы ладзілі на беларускай мове — зь ягонымі выказваньнямі, думкамі, развагамі. У яго было вельмі шмат розных беларускіх слоўнікаў — зь іх ён складаў свой, для карыстаньня, і даваў нам. Працаваў над кніжкай, у якой зьбіраў выказваньні і думкі славутых беларусаў. Але, відаць, ня скончыў гэту працу. Памёр ён на 74-м годзе жыцьця.

Хацелася б, каб мы ўсе разам пра яго ўспомнілі і падзякавалі ў душы за шчырую шматгадовую працу, за любоў да сваёй радзімы, яе мовы, за клопат пра нашу беларускую супольнасьць"
.

Праграма "Вянок памяці" створана на Свабодзе якраз дзеля таго, каб успамінаць пра такіх людзей, што прысьвяцілі жыцьцё Беларушчыне, даваць слова тым, хто іх ведаў, нагадваць пра добры сьлед, што пакінулі яны на зямлі. Ня ўсіх іх мы ведаем, не пра ўсіх пасьпяваем расказаць пры жыцьці і паведаміць пра іх адыход. Спадзяемся ў гэтай справе на Вашу, шаноўныя слухачы, дапамогу і падказку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG