Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер Саакашвілі палітычна мацнейшы, чым быў да вайны”


Давід Какабадзэ
Давід Какабадзэ
2 гады таму пачалася грузінска-расейская вайна. Пра яе наступствы, у тым ліку і пра яе ўплыў на беларуска-грузінскія адносіны, разважае дырэктар грузінскай службы радыё Свабода Давід Какабадзэ.

Радыё Свабода:
Наколькі жыцьцяздольнымі ўтварэньнямі аказаліся Абхазія і Паўднёвая Асэтыя?

Какабадзэ:
Я мяркую, што пра самастойнае існаваньне размовы быць ня можа. Асабліва гэта можна сказаць пра Паўднёвую Асэтыю. Увесь яе бюджэт фармуецца з Масквы. Гэта прызнаюць і самі сэпаратысцкія лідэры. У Абхазіі становішча крыху іншае. Там ёсьць уласныя даходы хаця б ад турызму, якія былі яшчэ ў савецкія часы. Але Масква шмат грошай выдаткоўвае і на Сухумі таксама.

Радыё Свабода:
Якое стаўленьне цяпер, праз 2 гады пасьля вайны, да аддзяленьня гэтых тэрыторый? Наколькі моцнае жаданьне іх вярнуць?

Какабадзэ: Пераважная частка грузінскага насельніцтва адмаўляе сілавое рашэньне. У той жа час ніхто не адмаўляецца ад вяртаньня гэтых тэрыторый у склад Грузіі. Палітык, які публічна заявіць, што гэтыя тэрыторыі страчаныя назаўжды, страціць сваю папулярнасьць. Гэта кажа, што такі настрой у грамадзтве вельмі моцны. Апазыцыя крытыкуе Саакашвілі і ягоны ўрад, што тыя пачалі вайну і ня толькі прайгралі і страцілі тэрыторыі, якія і так былі страчаныя, але і дадатковыя – Кадорскую цясьніну ў Абхазіі і Ахалгорскі рэгіён у Паўднёвай Асэтыі. Але ніхто ня можа прапанаваць канкрэтных шляхоў. Кажуць, што трэба весьці дыялёг з абхазамі і асэтынамі. Дык гэта ўсе ведаюць, урад і спрабуе гэта рабіць. Жэнэўскія перамовы пакуль ніяк не прасоўваюць працэс прымірэньня. А іншага мэханізму няма.

Радыё Свабода: За гэтыя 2 гады не адбылося некалькі падзеяў, якія ў жніўні 2008 году выглядалі вельмі верагоднымі, калі не непазьбежнымі.
Саакашвілі быў абраны грузінскім народам, прычым абраны незадоўга да вайны. Калі ты паважаеш народ, ты павінен паважаць і ягоны выбар

Міхаіл Саакашвілі захаваў уладу, нягледзячы на сакрушальную паразу і моцны ціск знутры і звонку.

Баявыя дзеяньні не аднавіліся.

Расея фармальна не ўключыла Абхазію і Паўднёвую Асэтыю ў свой склад.

Чаму гэтыя падзеі не адбыліся?

Какабадзэ: Сапраўды многія думалі, што пасьля такой паразы, у выніку такога ціску з боку Расеі Саакашвілі так ці інакш сыдзе. Мне здаецца, што гэтага не адбылося менавіта дзякуючы гэтаму ціску з боку Расеі. Прарасейскія сілы ў Грузіі вельмі слабыя. Масква займае безапэляцыйную пазыцыю, яна кажа, што Саакашвілі – палітычны труп, што зь ім размаўляць ня будуць, у расейскіх СМІ яго нават не называюць прэзыдэнтам, маўляў, грузіны добрыя, а Саакашвілі кепскі. Але Саакашвілі быў абраны грузінскім народам, прычым абраны незадоўга да вайны. Калі ты паважаеш народ, ты павінен паважаць і ягоны выбар.

Парадокс, але пасьля вайны Саакашвілі нават умацаваў свае палітычныя пазыцыі. Цяпер у яго хіба не больш моцныя пазыцыі, чым былі да вайны.

Чаму Абхазія і Паўднёвая Асэтыя не далучыліся да РФ? Калі казаць пра Абхазію, то ў лідэраў гэтага рэгіёна няма жаданьня далучыцца да Расеі. Многія перасьцерагаюцца, што гэта прывядзе да зьнікненьня абхазаў як этнасу. У Паўднёвай Асэтыі сытуацыі іншая ёсьць Паўночная Асэтыя, да якой можна далучыцца. І там сапраўды ёсьць такія настроі.

І нарэшце, чаму Расея задаволілася тым, што было заваявана ў жніўні 2008 году? Я мяркую, што тут ключавую ролю адыграла пазыцыя Захаду.Калі б Расея пайшла на Тбілісі, усім былі б зразумелыя мэты, што прычына – не канфлікт вакол Паўднёвай Асэтыі, а намер пакараць Грузію за яе імкненьне стаць сябрам НАТА і ЭЗ.
Прайшлі часы, калі Саакашвілі быў буйной фігурай ва ўладных габінэтах краін Захаду

Радыё Свабода: Нядаўна беларускае тэлебачаньне паказала сэнсацыйнае інтэрвію з прэзыдэнтам Саакашвілі, за тыдзень да гэтага адбылася сустрэча Лукашэнкі і Саакашвілі. Тбілісі адчувае ўдзячнасьць Беларусі за непрызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Як вы мяркуеце, ці можа грузінскі лідэр стаць своеасаблівым адвакатам беларускага рэжыму на Захадзе?

Какабадзэ:
Я думаю, што прайшлі часы, калі ён быў буйной фігурай ва ўладных габінэтах краін Захаду – калі ён наагул калісьці быў такой фігурай. Але яго прымалі ўсе заходнія лідэры. Але цяпер такога жаданьня ў іх няма, ці яно значна слабейшае, чым было. Цяжка сказаць, наколькі важкі ягоны ўплыў, каб быць пасьпяховым адвакатам Лукашэнкі.

Што тычыцца выгодаў, якіх Саакашвілі чакае ад збліжэньня з Беларусьсю, то мне падаецца, што ў гэтым ёсьць рацыя. Грузінскі ўрад робіць усё магчымае, каб не дапусьціць прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі іншымі постсавецкімі краінамі. І ня толькі постсавецкімі, пра гэта сьведчыць нядаўні візыт Саакашвілі ў Калюмбію, на інаўгурацыю новага прэзыдэнта гэтай краіны. Ён не губляе ніводнай магчымасьці сустрэцца зь лідэрамі, якія патэнцыйна разглядаюцца як кандыдаты на прызнаньне гэтых тэрыторый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG