Міжнародны суд ААН сёньня, пасьля шматмесячнага разгляду скаргі Сэрбіі вынес вэрдыкт, што абвяшчэньне Косавам ў лютым 2008 году незалежнасьці не супярэчыць міжнароднаму праву. Сёньняшняе рашэньне суду ў Гаазе аналізуе аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст.
Дракахруст: Найперш трэба адзначыць, што рашэньне суду мае дарадчы, рэкамэндацыйны характар. Але аўтарытэт суду, доўгі, усебаковы разгляд справы надае рашэньню вагу большую, чым прыватнае меркаваньне. Здаецца, ўпершыню менавіта ў судовым, юрыдычным парадку міжнародная супольнасьць у асобе міжнароднага суду прызнала права нейкай тэрыторыі на самавызначэньне.
Наступствы гэтага рашэньня даволі відавочныя. Пасьля яго косаўскія ўлады будуць яшчэ менш, чым да яго, схільныя весьці перамовы аб нейкіх аўтаномных правах сэрбаў, якія кампактна пражываюць на поўначы Косава. Ня выключана, што ў выпадку працягу іх барацьбы супраць іх будзе ўжытая сіла. Такія забурэньні нельга выключыць, як наступствам супрацьлеглага рашэньня маглі б стаць забурэньні з боку косаўскіх альбанцаў.
Рашэньне суду таксама мае характар юрыдычнага прэцэдэнту, хаця яго і ня варта перабольшваць.
Рашэньне суду таксама мае характар юрыдычнага прэцэдэнту, хаця яго і ня варта перабольшваць. На працягу разгляду справы ня толькі Сэрбія, якая падала пазоў, але і Расея, Кітай, а таксама Гішпанія рэзка выступалі супраць прызнаньня законнасьці абвяшчэньня незалежнасьці Косавам, прымяраючы прэцэдэнт да сябе: ўсе яны маюць праблемы з сэпаратысцкімі рухамі.
Рашэньне Міжнароднага суду можа пагоршыць стасункі паміж Расеяй і Кітаем з аднаго боку і Злучанымі Штатамі – зь іншага. Масква і Пэкін хутчэй за ўсё палічаць, што Вашынгтон скарыстаў свой уплыў, каб праціснуць сваю пазыцыю ў падтрымку косаўскай незалежнасьці.
Карэспандэнт: Юры, са 192 дзяржаваў, якія ўваходзяць у ААН, незалежнасьць Косава прызналі 62 краіны. Сёньняшняе рашэньне – ці можа яно паспрыяць таму, што колькасьць краін, якія прызнаюць Прышціну, стане больш?
Дракахруст: На думку экспэртаў гэта магчыма, але наўрад ці такіх краін будзе шмат. Усе, хто лічыў патрэбным прызнаць незалежнасьць
Адваротнае рашэньне стала б моцны шокам для многіх эўрапейскіх краін.
Карэспандэнт: А што ў гэтай сытуацыю будзе рабіць Сэрбія?
Дракахруст: Яна будзе працягваць змаганьне. У плянах Бялграду – апэляваць да генэральнай асамблеі ААН. Справа ў тым, што з аднаго боку, ў цяперашняй сытуацыі Сэрбія ня мае практычнай магчымасьці вярнуць свой сувэрэнітэт над Косавам сілай. З другога боку, хаця страта краю, які сэрбы разглядаюць як калыску сваёй дзяржаўнасьці – гэта незагойная рана, але Сэрбія мае і іншыя прыярытэты, акрамя вяртаньня Косава, гэта ў прыватнасьці эўрапейская інтэграцыя. Таму Бялград будзе працягваць дамагацца вяртаньня, але выключна юрыдычнымі сродкамі.
Карэспандэнт: Юры, Вы казалі пра прэцэдэнт. Наколькі вялікае яго значэньне?
Дракахруст: Большае значэньне мае сам факт прызнаньня незалежнасьці Косава трацінай дзяржаваў сьвету. Незалежнасьць Косава была калі не здабытая, то гарантаваная сілай зброі. Але потым адыгрывала ролю дыпляматыя, сытуацыя з Косавам уяўляе кантраст з сытуацыяй з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй, незалежнасьць якіх акрамя Расеі прызналі толькі Вэнэсуэла, Нікарагуа і Вануату.