Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальна дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў?


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньні дывэрсыфікацыі імпарту нафты і газу. Ці сапраўды Беларусі патрэбныя альтэрнатыўныя крыніцы энэргарэсурсаў? Наколькі эфэктыўныя пастаўкі нафты? Ці магчымыя альтэрнатыўныя крыніцы газу?


Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава.

Ці патрэбныя Беларусі альтэрнатыўныя крыніцы энэргарэсурсаў?


Валер Карбалевіч: «Як звычайна пасьля чарговай вуглевадароднай вайны з Расеяй, кіраўніцтва краіны пачынае абмяркоўваць пытаньне дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў. Ці актуальнае ўвогуле гэтае пытаньне? Навошта патрэбная дывэрсыфікацыя? Гэта спроба знайсьці таньнейшыя энэргарэсурсы, чым прадае Расея? Або кошт тут ня мае значэньне, галоўнае — ліквідаваць залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка дзеля ўмацаваньня нацыянальнай бясьпекі?»

Тацьцяна Манёнак: «У 2007 годзе пасьля нафтагазавай вайны з Расеяй была прынятая канцэпцыя энэргабясьпекі. Паводле яе ў 2010 годзе Беларусь павінна была імпартаваць 4 млн. т нафты з альтэрнатыўных крыніц. Нагадаю, што мінулым годам беларускія НПЗ перапрацоўвалі 22 млн. т. Але пазьней у гэты дакумэнт была ўнесена папраўка, што гэтыя 4 млн. будуць пастаўленыя толькі ў выпадку эканамічнай і экалягічнай мэтазгоднасьці. Паколькі апошнімі гадамі Расея пастаўляла нам танную нафту, то неабходнасьці ў альтэрнатыве не было.

Цяпер пра газ. Расейскі газ у Эўропе не вытрымлівае канкурэнцыі з газам, які прадаецца на спотавых рынках, са звадкаваным газам, сланцавым газам. У зьвязку з гэтым некаторыя эўрапейскія спажыўцы (прыкладам, Нямеччына) дамагліся ад Расеі зьніжэньня цэнаў на газ.

У рэфармаванай эканоміцы краіне будзе патрэбна значна менш газу.
Альтэрнатыва — гэта заўсёды добра з гледзішча энэргетычнай бясьпекі. Але толькі ў тым выпадку, калі гэта эфэктыўная эканоміка. Беларусі трэба рэфармаваць сваю эканоміку. У рэфармаванай эканоміцы краіне будзе патрэбна значна менш газу. І да таго ж наяўнасьць альтэрнатывы дазваляе больш эфэктыўна весьці перамовы з манапалістам — „Газпромам“, адбівацца ад яго ціску».

Алена Ракава: «Альтэрнатыва патрэбная і з эканамічнага, і з палітычнага гледзішча. Трэба адрозьніваць энэргетычную незалежнасьць і энэргетычную бясьпеку. Энэргетычна незалежнымі мы ня будзем ніколі, бо нам заўсёды давядзецца імпартаваць энэргарэсурсы.

А вось энэргетычную бясьпеку трэба забясьпечваць. Нельга, каб адзін пастаўшчык вельмі дамінаваў. Праблема была б не такой вострай, калі б мы былі багацейшыя».

Наколькі эфэктыўныя пастаўкі нафты?


Карбалевіч: «Дзеля альтэрнатыўных паставак нафты зробленыя першыя крокі. У Адэсе разгружаецца трэці танкер з вэнэсуэльскай нафтай. Пачалася здабыча Беларусьсю нафты ў Іране. Лукашэнка настойліва ўгаворвае прадаць нафту прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева. Як ацаніць эканамічную эфэктыўнасьць гэтых праектаў?»

Манёнак: «Вэнэсуэльская нафта ня можа быць сур’ёзнай альтэрнатывай. 4 млн. т з Вэнэсуэлы ня робяць пагоды. Да таго ж хутка будзе створанае сумеснае вэнэсуэльска-беларускае прадпрыемства, дзе Вэнэсуэле будзе належаць 85% акцый. І львіную долю прыбытку атрымае гэтая краіна. Беларускія НПЗ атрымаюць невялікі прыбытак толькі за кошт працэсінгу. Каб заводы атрымалі вялікі прыбытак, ім трэба купляць нафту самастойна і перапрацоўваць. Акрамя таго, каб НПЗ былі эфэктыўнымі, глыбіня перапрацоўкі нафты павінна быць каля 90%, а цяпер яна толькі 60-65%. З улікам бязмытнай квоты Расея пакуль нам пастаўляе нафту ніжэй за сусьветныя цэны».

Ракава: «Немагчыма гаварыць пра эфэктыўнасьць нафтаперапрацоўкі, калі заводы купляюць нафту па сусьветных цэнах. Бо вялікае транспартнае плячо робіць экспарт нафтапрадуктаў нявыгадным. Ніводная краіна гэтага ня робіць, нават Расея. Трэба, каб НПЗ перапрацоўвалі 10-12 млн. т для ўнутранага рынку. Як гэта мы і рабілі яшчэ пяць гадоў таму. Гэтыя аб’ёмы былі штучна павялічаны пад танную расейскую нафту».

Ці магчымы альтэрнатыўныя крыніцы газу?


Карбалевіч: «Пра нафту больш-менш зразумела, давайце пагаворым пра газ. Наколькі ўвогуле рэальныя яго альтэрнатыўныя пастаўкі? Вось учора Лукашэнка казаў, што Эўропа купляе газ таньней, чым Расея пастаўляе Беларусі. Ці так гэта? Ці магчыма купляць сланцавы газ? Ці рэальна здабываць яго ў Беларусі, бо такую задачу паставіў Лукашэнка перад урадам і Акадэміяй навук?»

Манёнак:
Атрымліваць альтэрнатыўны прыродны газ па трубах Беларусь сёньня ня можа.
«Здабыча сланцавага газу патрабуе складаных тэхналёгіяў і вялікіх капіталаўкладаньняў. Тэрмінал для газу, які мяркуецца пабудаваць у Літве (гэта абмяркоўвалася падчас візыту ў Менск літоўскага прэм’ера), — добрая ідэя, але менавіта як ідэя. Атрымліваць альтэрнатыўны прыродны газ па трубах Беларусь сёньня ня можа.

Але праблема ў тым, што беларуская эканоміка ня можа зарабіць грошай, каб аплаціць расейскі газ, цана на які з кожным годам павялічваецца. Таму прыярытэт — стварэньне эфэктыўнай эканомікі».

Ракава: «Ідэя з тэрміналам у Літве цудоўная. Але цягам бліжэйшых пяці гадоў яна ня дасьць эфэкту. Што тычыцца сланцавай ліхаманкі і падзеньня цаны на прыродны газ, то гэта быў каньюнктурны момант. Гэтая ліхаманка мінаецца. У Катары зачыняецца 2 з 5 заводаў па вытворчасьці звадкаванага газу з прычыны неэфэктыўнасьці. Таму, з аднаго боку, зьнізіцца цана на прыродны газ, а з другога боку — узрасьце цана на звадкаваны газ.

Сланцавы газ можа стаць рэнтабэльным, магчыма, праз 10-15 гадоў. Яго здабыча патрабуе складаных і шкодных тэхналёгій. У ЗША гэта адбываецца ў раёнах, дзе ніхто не жыве. А ў Эўропе гэта нерэальна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG