Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары не адбыліся, бо людзі галасавалі супраць прадстаўніка ўлады


На мінулых мясцовых выбарах у Беларусі не былі абраныя дэпутаты ў 15 акругах. Адзін кандыдат памёр за некалькі дзён да галасаваньня, а яшчэ 14 не атрымалі большасьці галасоў у сваю падтрымку.

Нагадаем: паводле зьменаў у выбарчым заканадаўстве абавязковая раней 50-працэнтная яўка выбарцаў была адменена. Але нават у такіх умовах праўладныя кандыдаты прайгравалі.

У Смалявіцкім раёне чатыры сотні выбарцаў зь невялікіх вёсачак Ляды, Калюга, Слабодка і іншых адмовілі ў даверы былому старшыні Пятровіцкага сельсавету. Нягледзячы на тое, што гэтаму кандыдату ў дэпутаты не было альтэрнатывы, ён прайграў па колькасьці галасоў супраць.

Пра прычыны паразы чыноўніка гаворыць тутэйшая жыхарка Марыя. Яна працуе ў краме і штодзень чуе меркаваньні людзей:

"Многія тут казалі, што ён да людзей ставіўся вельмі дрэнна. Не прыслухоўваўся да іх. Ну, словам, толькі ён вышэйшы чын, і ўсё. А людзі лічаць інакш і галасуюць за тых, ад каго чакаюць падтрымкі і на яе спадзяюцца. Я мяркую, што гэта вельмі добра".

Зьвяртаюся да цяперашняга старшыні Драчкаўскага сельсавету Яўгена Апацкага. Ён кажа пра сытуацыю:

"За месяц да выбараў у нас аб'ядналі два сельсаветы. Да нашага Драчкаўскага далучылі Пятровіцкі сельсавет. Той кандыдат быў ягоным старшынёй. Чаму на яго крыўдавалі людзі, буду цяпер высьвятляць. А пакуль добра ня ведаю. За мяне тут у Драчкаве прагаласавалі нармальна — 161 голас, а за апанэнта — толькі 20".

Сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік патлумачыў намеры ўлады правесьці паўторныя выбары ў так званых пустых акругах:

"Правесьці выбары ў сельсавет вялікай праблемы няма. Гэта невялікая, кампактная тэрыторыя. Тут усе людзі адзін аднаго ведаюць. Схема выбараў таксама простая — тэрытарыяльная камісія прызначае гэтыя выбары і праводзіць іх".

Гэта, па словах старшыні Цэнтравыбаркаму, — тэорыя. Але ёй пярэчаць факты. Да прыкладу, Аляксандар Мельнікаў зь Берасьця кажа, што ад часу папярэдніх выбараў ажно 10 тысяч выбарцаў ня мелі ў сваіх акругах дэпутатаў. "Не знайшла ўлада часу і грошай, каб правесьці паўторныя выбары замест праваленых", — кажа Аляксандар Мельнікаў:

"У нас выбылі зь мясцовых дэпутатаў Анішчук і Багдановіч. Я зьвяртаюся да сябра ЦВК зь Берасьця Аляксандра Каляды. Ён мне кажа: "Вой, там такая недапрацоўка ў заканадаўстве — нельга прымусіць мясцовыя ўлады правесьці паўторныя выбары. Вось будуць новыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве, то абавязкова выправім сытуацыю. Але нічога ня зьменена, бо для ўлады любыя выбары непрыемныя. Вельмі ня любіць яна гэты крыж…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG