Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: Мы можам прыйсьці да кіргіскага варыянту


Сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і актывіст, адзін з кандыдатаў у дэпутаты ад БХД у Слоніме, інжынэр ільнозавода Барыс Кучынскі падчас прэс-канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ.
Сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і актывіст, адзін з кандыдатаў у дэпутаты ад БХД у Слоніме, інжынэр ільнозавода Барыс Кучынскі падчас прэс-канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ.

Сёньня лідэры апазыцыйных палітычных партый падвялі вынікі мінулай выбарчай кампаніі і выказаліся адносна падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў.


Хаця лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і сустаршыні Аб’яднаных дэмсілаў праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі ў розных памяшканьнях, да высновы яны прыйшлі адной: мясцовая выбарчая кампанія паказала, што «выбараў у Беларусі не было». Менавіта ўдзел у кампаніі да канца і даў магчымасьць гэта даказаць, адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

«Мы пацьвердзілі сваю стратэгію не на словах, а на справах. Паўсюль, дзе вылучаліся нашы кандыдаты, мы праводзілі назіраньне, паўсюль будуць напісаныя скаргі і паўсюль мы зрабілі відавочным, што была татальная фальсыфікацыя выбараў. Гэта найлепшая стратэгія, каб даказаць, што дэпутаты сёньняшнія нелегітымныя, не законна абраныя».

На Нацыянальнай радзе 10 траўня БХД абмяркуе фармат удзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і вызначыцца, ці праводзіць трэці рэгістрацыйны зьезд. БХД прапануе Беларускаму незалежніцкаму блёку сваю працэдуру, каб вызначыць адзінага кандыдата «ад праэўрапейскіх, незалежніцкіх сілаў», і сваю кандыдатуру — Віталя Рымашэўскага. Паводле спадара Рымашэўскага, час мінае, а рэальныя крокі ня робяцца:

«Сытуацыя зь беларускай апазыцыяй, як заўсёды, пакідае жадаць лепшага. І ў выпадку, калі нават усе патэнцыйныя кандыдаты, так і не дачакаўшыся грошай альбо загадаў з Усходу ці Захаду, адмовяцца ўдзельнічаць ці паедуць прыбіраць свае сядзібы, каб пазбавіць прэзыдэнцкую кампанію свайго ўдзелу, то мы будзем браць адказнасьць на сябе».

Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, прэс-сакратар АДС Юры Пацёмкін, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч падчас прэс-канфэрэнцыі ў офісе АГП.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што яго партыя прыняла правільнае рашэньне, калі пастанавіла выйсьці зь мясцовай выбарчай кампаніі. Гэта не дазволіла ўладам «прадаць гэтую кампанію як нейкі прагрэс» перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Паводле спадара Лябедзькі, АДС павінны выставіць моцны палітычны ўльтыматум уладзе:

«Наша патрабаваньне — вярнуцца да разгляду той часткі Выбарчага кодэксу, якая тычыцца ўключэньня апазыцыі ў выбарчыя камісіі і мэханізмаў кантролю за падлікам галасоў. Калі мы гэтага не дабіваемся, то прэзыдэнцкая кампанія можа быць ня проста чарговай
Наша патрабаваньне — вярнуцца да разгляду той часткі Выбарчага кодэксу, якая тычыцца ўключэньня апазыцыі ў выбарчыя камісіі.
прафанацыяй, а можа мець больш цяжкія палітычныя наступствы для самой апазыцыі. Бо стаіць пытаньне легітымізацыі. Удзельнічаць у кампаніі, але заяўляць, што калі сытуацыя не мяняецца, то, прайшоўшы ўсе этапы кампаніі, з самага апошняга здымаць. Што да міжнароднай супольнасьці, пасланьне павінна быць адно — «крэдыты ў абмен на свабодныя выбары».

Паводле спадара Лябедзькі, мінулая мясцовая кампанія паказала паразу той часткі апазыцыі, якая лічыла, што калі «падласьціцца пад гэтую ўладу, то кандыдатаў абавязкова правядуць». Ён адзначыў, што настаў час для кансалідацыі апазыцыі.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін заявіў, што абвешчаныя вынікі мясцовых выбараў — гэта не волевыяўленьне народу. Кажучы пра будучую прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, ён сказаў, што «нельга больш працягваць гульню ў адны вароты».

«Назіраньне не дае нічога. Мы ня маем мэханізму, каб прымусіць уладу, нават калі за руку схапілі, каб яны пачалі крымінальную справу, адмянілі выбары. Трэба вельмі добра думаць, якія захады трэба зрабіць, каб памяняць сытуацыю, бо інакш нічога ня будзе. І ўладам трэба думаць. Мы прыйдзем да кіргіскага варыянту, яшчэ ў горшым варыянце. Людзі ня хочуць рэвалюцый і бунтаў, але людзей можна прымусіць гэта рабіць, калі ня будзе іншых магчымасьцяў выказваць свае думкі і выбіраць уладу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG