Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы агляд


Да дня абраньня дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі застаецца ўсяго два тыдні. Працяглыя чатырохдзённыя выходныя апазыцыя хоча выкарыстаць для актыўнай агітацыі за дэмакратычных кандыдатаў.

Марыя Кульманава
У Магілёве актывістка незарэгістраванай дагэтуль партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марыя Кульманава, якая балятуецца ў абласны савет, агітуе выбарцаў, каб яны галасавалі менавіта за яе. На візыт кандыдаткі ў дэпутаты людзі рэагуюць па-рознаму. Нехта браў агітацыйную ўлётку, абяцаў прагаласаваць і хутка зьнікаў. Некаторыя сваю магчымую прыхільнасьць абумоўлівалі:

Спадар: «Вылічваюць у нас на капітальны рамонт. Хоць бы раз тут пафарбавалі. А грошы вылічваюць па дзесяць тысяч. Вось я за вас прагаласую — даб’яцёся вы нечага ці не?»

Кульманава: «Вы ведаеце, разам, толькі разам. Мы будзем рабіць толькі з вамі. У нечым і вы мне будзеце дапамагаць».

Спадар: «Ну вось паглядзім, як вы нам тут рамонт зробіце. Пафарбуеце тут».

Марыя Кульманава шмат год бярэ на вакацыі дзяцей-сірот. Пра тое яна казала й выбарцам, і гэта мела свой плён:

«Жанчыны дужа адзываюцца, і нават мужчыны, і гэта грэе сэрца. Я ім прапаную рабіць тое, што раблю сама ўжо дужа даўно».

Спадарыня: «Ну, я яе ўпершыню бачу, але будзем галасаваць. Нармальная яна, прыгожая. Я таксама пэнсіянэрка, працую».

Спадарыня: «Трэба галасаваць за добрых людзей, чаму й не прагаласаваць».

Ці часта наагул даймаюць людзей агітатары падчас выбараў?

Спадарыня: «Першы раз. Я прыходжу на выбарчы ўчастак і ня ведаю, за каго галасаваць. А вось гэта першы раз».

Спадар: «Упершыню. Нармальная сытуацыя. Яно павінна быць так. На выбарах павінен быць канкурэнт».

Артур Фінькевіч
Лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч цягам сямі дзён абышоў 12 друкарняў, сярод якіх былі як дзяржаўныя, так і прыватныя. Усе яны адмовіліся друкаваць ягоныя перадвыбарчыя ўлёткі. Называліся розныя фармальныя прычыны. У дзяржаўных казалі, што ня будуць друкаваць на такую маленькую суму, хаця гэта парушэньне выбарчага заканадаўства.

Што да прыватных, то яны, калі даведваліся прозьвішча Фінкевіча і размаўлялі са сваімі калегамі, потым яму адмаўлялі. Яны казалі, што ў іх будуць праблемы, як гэта было падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Кандыдаты ў дэпутаты аддалі друкаваць свае праграмы і агітацыйныя ўлёткі. Аднак першая праблема палягае ў тым, як кажа Юры Істомін, лідэр Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП, што іх друкуюць больш за тыдзень:

«Па-першае, чэргі ў друкарнях зараз, друкаваную прадукцыю кандыдатам робяць паўтара тыдня. Тут відавочная праблема адсутнасьці нармальных друкарняў у краіне, канкурэнцыі сярод іх. Атрымліваецца, што мы стаім у чарзе і кампанія не ідзе».

Другая значная праблема, пра якую кажуць кандыдаты ў дэпутаты: за грошы, выдзеленыя ўладамі на выбарчую кампанію, кандыдат ня можа надрукаваць нават сваёй біяграфіі кожнаму выбарцу.

Алесь Масюк са Слоніма заказаў у друкарні 700 улётак са сваёй праграмай, але пазьней яго паклікалі ў друкарню і сказалі, што за такія грошы здолеюць надрукаваць толькі 500 улётак, бо ў друкарні таксама падаражэлі паслугі.

«Я хацеў раздаць хоць у кожную кватэру па адной улётцы, але атрымліваецца, што нават гэтага зрабіць не змагу».

Васіль Палякоў
Ужо 92 кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ад АДС адмовіліся далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі, паведамляе сябра рады АДС, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Гэтае рашэньне матываванае тым, што сёлета нічога не зьмяняецца ў параўнаньні з папярэднімі так званымі выбарчымі кампаніямі, нягледзячы на дэклярацыі й заявы ўладаў. Напрыклад, у Гомелі ніводнага прадстаўніка ад АДС ва ўчастковыя камісіі не ўключылі. Таму мы ня можам удзельнічаць у кампаніі, калі невядома, як вядзецца падлік галасоў, калі мы ня можам быць упэўненымі, што людзі прагаласавалі менавіта так, а ня неяк інакш».

Лідэры дэмакратычных партыяў і арганізацый Беларусі выступілі з заявай, што ў краіне няма рэальных выбараў. З прычыны ціску на дэмакратычных актывістаў і наўмыснага іх адсеву ўжо менш як 500 прадстаўнікоў апазыцыі працягваюць удзел у выбарах, а гэта толькі 2% ад усіх зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты.

А паводле апошніх зьвестак Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньнях, больш як 76 працэнтаў беларусаў нічога ня ведаюць пра кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Яшчэ больш людзей лічаць, што мясцовая прадстаўнічая ўлада практычна не уплывае на іх жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG