Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для нас, беларусаў, Пасха азначае, што мы пераможам”


Як адзначаюць Вялікдзень вядомыя асобы ў Беларусі? Што для іх азначае гэтае сьвята? На гэтыя пытаньні адказалі былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Аляксандар Казулін, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, мастак Алесь Пушкін і старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

Сёлета каталікі, праваслаўныя і пратэстанты сьвяткуюць Вялікдзень у адзін дзень. Аляксандар Мілінкевіч едзе на сьвяты ў родную вёску Бершты, дзе знаходзіцца яго сядзіба:

Аляксандар Мілінкевіч
«Менавіта там я гэтае сьвята адчуваю. Там зь дзядулем і бабуляй яшчэ ў камуністычныя часы сьвяткавалі, — у горадзе гэта было цяжэй. І ў мяне такі сантымэнт застаўся. А сьвята вялікае. Я думаю, што гэта сьвята, якое робіць чалавека чалавекам. Калі чалавек мае веру, калі для яго ёсьць нешта сьвятое, калі ён верыць, што жыцьцё вымяраецца ня толькі тымі днямі, якія табе адмераны, — гэта многае значыць, чалавек значна мацнейшы. І я да веры таксама вельмі няпроста ішоў. І зараз адчуваю, што калі б яе не было, у мяне б не было столькі моцы».

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч кажа, што для яго гэта вялікае сямейнае сьвята. Ён згадвае, што ў свой час Вярхоўны Савет прыняў прыстойны закон, паводле якога выходным быў і другі дзень Вялікадня, і кепска зрабілі сёньняшнія ўлады, што гэта памянялі:

«Гэта з рэлігійных альбо першае, альбо другое сьвята — Раство Хрыстова і Вялікдзень. Найвялікшыя сьвяты. Кожны год адзначаю аднолькава. Іду да сваёй сястры, і яна ў такой адвечна старой традыцыі нас прымае а 10 раніцы. Зьбіраемся ўсёй сям’ёй. Доўга сядзім, усё ўспамінаем. Смачна ядзім, смачна п’ём. Галоўны тост — каб праз год ізноў дачакацца такога сьвята. Яйкі фарбуем, прыйдзем зь яйкамі, абменьваемся, цюкаемся».

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін зьбіраецца на сьвята да бацькоў, якія жывуць у Менску, і да цешчы ў Дзяржынск. Згадвае, што падчас свайго зьняволеньня ў калёніі наведваў царкву:

«Гэта сьвята духу. Гэта сьвята чалавечага пачуцьця і чалавечага гонару. І калі ў нас ёсьць гэтае духоўнае асэнсаваньне, то гэта самае галоўнае, бо безь яго няма нічога астатняга».

Мастак Алесь Пушкін адзначае Вялікдзень са сваёй сям’ёй у сваім мястэчку Бобр:

Алесь Пушкін
«Вялікдзень — адно з самых паважаных мной сьвятаў. Я прыбраў, пафарбаваў печ белую, бо памятаю зь дзяцінства, заўсёды чысьцілі коміны перад Пасхай. Жонка пячэ булкі. Пасха ўваходзіць у дом з чысьцінёй, пахамі, кухняй і з такімі містычнымі рытуаламі, як сабораваньне. Потым вось усяночная. Ходзім па гасьцях. Абавязкова трэба хадзіць да хрэсьнікаў. У мяне пяць хросных дзяцей. Цудоўны рытуал — хадзіць па гасьцях, ну і стукацца яйкамі. Для нас, беларусаў, Пасха азначае, што мы пераможам. Беларусь будзе жыць і ўваскрэсьне!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG