Пра рашэньне апэляцыйнага суду Генуі, які адмяніў леташні апраўдальны вэрдыкт і пакараў італьянскіх апекуноў Вікі Мароз васьмю месяцамі турмы ўмоўна, у беларускай сям'і дзяўчынкі ня ведалі. Беларуская мама Вікі Мароз Алена Васілеўская сказала, што ня будзе паведамляць пра гэта дзяўчынцы, і вось як пракамэнтавала падзею:
“Гэта ўвогуле маразм — гэтак паступіць. Мяне гэта шакавала, канечне. Я засмучаная. Людзі ж харошыя!”
Карэспандэнтка: “Ці калі-небудзь вы зь імі спатыкаліся?”
“Я толькі аднойчы К'яру бачыла. Яна прыяжджала сюды зь Вікай да Сашы, калі Віка яшчэ ў Вялейцы была. Але гэтая сустрэча была аднойчы і хвілін дваццаць”.
Карэспандэнтка: “Але вы кажаце, што гэта добрыя людзі — то чаму?”
“Бо Віка іх любіць. А яна такі чалавечак, што проста так ні да кога ня будзе ставіцца гэтак даверліва. Не хацелася б Віку засмучаць”.
Карэспандэнтка: “А яна засмуціцца, вы так лічыце?”
“Канечне”.
Як паведамляюць італьянскія крыніцы, судовы працэс у 2006 годзе ініцыявала амбасада Беларусі ў Рыме. Ён доўжыўся амаль паўтара года, аднак за гэты час прадстаўнікі пацярпелага боку, то бок пазоўніка, так і не зьявіліся на судовых паседжаньнях. Як было гэтым разам, у дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў Італіі не паведамілі, спаслаўшыся на адсутнасьць кіраўніцтва. А памочнік амбасадара Аляксей Паплаўскі сказаў наступнае:
“Я сапраўды нічога не магу вам сказаць, бо проста ня ў курсе. Я гэтым пытаньнем не займаюся”.
Як паведаміла “Свабодзе” Алена Васілеўская, Віка Мароз па-ранейшаму часта ўзгадвае сваю італьянскую сям'ю і марыць туды вярнуцца. Аднак улады Беларусі адмовілі італьянцам у магчымасьці удачарыць дзяўчынку. У камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў ня бачаць у гэтым праблемы. У прыватнасьці, вось што сказала сябра камісіі па правах чалавека Тацьцяна Асмалоўская:
“Гэта дзіця, і калі ўсё ў парадку, то яно забываецца. Дзіця куды павернеш, туды яно і будзе глядзець, пакуль не сфармаванае. Таму ў яе ўсё ў парадку, і яна… не жадае туды ехаць”.
Рашэньне апэляцыйнага суду Генуі і падзеі вакол Вікі Мароз праваабаронца Алесь Бяляцкі пракамэнтаваў гэтак:
“Гэтая сытуацыя вельмі складаная ў тым сэнсе, што ёсьць італьянскае заканадаўства, якое фармальна было парушанае. Безумоўна, я за тое, каб быў кантроль дзяржавы, але гэтак абмяжоўваць усынаўленьне беларускіх дзяцей замежнымі грамадзянамі, як гэта ёсьць у нас у Беларусі, калі такія выпадкі можна пералічыць па пальцах, — гэта занадта суровая мера, якая не адпавядае індывідуальным патрэбам кожнага канкрэтнага чалавека”.
Выхаванку Вялейскага дзіцячага дома Віку Мароз сямейная пара Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын зь італьянскага мястэчка Кагалета, у якіх дзяўчынка адпачывала на вакацыях, адмовілася вяртаць на радзіму. Яны заявілі, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту ў сябе на радзіме, і на працягу 20 дзён утойвалі беларускую сірату ў Альпах. Улады Беларусі ўсё ж вярнулі яе на радзіму, а затым адмовілі італьянцам у магчымасьці ўдачарыць дзяўчынку.
Паводле пазову амбасады Беларусі ў Рыме летась у лютым Генуэскі суд па справах непаўналетніх прызнаў тых, хто ўтойваў Віку Мароз, невінаватымі. Аднак абвінавачаньне не пагадзілася з гэтым рашэньнем і падало апэляцыю, якая завяршылася рашэньнем пра ўмоўнае зьняволеньне італьянскай сям'і, іх сваякоў і сьвятароў. Уплывовы італьянскі эўрадэпутат, колішні віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марыё Маўра выказаў сваю салідарнасьць з пакаранымі і заявіў, што пакараньне выявілася больш жорсткім, чым дзеяньні італьянскай сям’і і яе сяброў. Бо гэтыя людзі імкнуліся пазбавіць 10-гадовую дзяўчынку жорсткасьці і гвалту, якія чакалі яе па вяртаньні ў Беларусь.
Зараз 14-гадовая Віка Мароз са сваім братам Сашам жыве ў прыёмнай сям'і Васілеўскіх у Жодзіна.