Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малалетнія ахвяры дзяржаўнай эканоміі

абноўлена

У гэтыя марозныя лютаўскія дні ў многіх школах Беларусі дзеці вымушаны вучыцца зусім не ў камфортных умовах. Напрыклад, у школе вёскі Вендраж, што ў Магілёўскім раёне, школьнікі сядаюць за парты пры тэмпэратуры чатырнаццаць градусаў. У кацельні, якая забясьпечвае будынак цяплом, паляць сырыя дровы.

Тым часам управа адукацыі аблвыканкаму рапартуе, што адукацыйныя ўстановы рэгіёну зэканомілі паліўна-энэргетычных рэсурсаў на 4,5 мільярда рублёў.

Праблемы з ацяпленьнем у вендраскай школе пачаліся ў сьнежні мінулага году пасьля рэканструкцыі кацельні. Так сьцьвярджаюць у прыватных гутарках бацькі вучняў. Гэта пацьвярджае й дырэктар школы:

“Кацёл тут аднаўлялі. Аварыйная сытуацыя тут была. Цагляны будынак, вы ж ведаеце, пакуль напаліш. Цяпер зьнятыя гэтыя пытаньні. Усё нармалізавалася”.

Настаўнікі цьвердзяць, што тэмпэратура ў клясах бывае 14 градусаў. У дакумэнтацыі, у якой фіксуецца тэмпэратурны рэжым школьных памяшканьняў, пазначана, што ў клясах шаснаццаць градусаў. Але гэта ўсё роўна на два градусы ніжэй за норму.

“У залежнасьці, як пачынае паступаць цяпло. Напачатку бывае цяплей, а потым ужо халадней”, — кажа адна з настаўніц.

Тое, што школа кепска ацяпляецца, прызнаюць і ў сельскім савеце:
Ня ведаю, як яны нават перазімуюць ...

“У гэтай школе заўжды халодна. І дроў возяць няшмат. Ня ведаю, як яны нават перазімуюць. ЖКГ абслугоўваюць качагарку школы. І грошы ў іх ёсьць, яны проста заціскаюць, ну, яны такія. А сельскі савет ніяк ня можа дапамагчы, бо ў яго няма грошай на гэтыя дровы. Таму мы ня ведаем, што можам зрабіць”.

Дровы каля кацельнай ляжаць. Праўда, яны сырыя і ўмерзьлі ў зямлю. Імі і паляць кацёл:

“Мы не чакалі, што такая зіма будзе. Сьнежань і студзень мы палілі сухімі дровамі, каб трымаць тэмпэратуру. Толькі крыху сырых падкідалі”, — апраўдваюцца ў кацельні.

У абласной управе адукацыі ў тым, што вясковыя школы кепска ацяпляюцца, вінавацяць камунальнікаў і заяўляюць, што ўсе прэтэнзіі -- да іх:

“У нас мала кацельняў засталося. Толькі маленькія, у асноўным. А вялікія ў асноўным паперадавалі на балянс камунальных службаў вобласьці. Ацяпленьне цяпер адбываецца ад камунальных кацельных”, — кажа супрацоўнік управы.

Бацькі вучняў скардзяцца на ацяпленьне ня толькі вясковых школаў, але й гарадзкіх. Гэта мусіў прызнаць і старшыня магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка:

“Сыстэма ацяпленьня ў кожным будынку індывідуальная. Калі школа не пасьпявае прагрэцца, то трэба ўключаць ацяпленьне ў чатыры гадзіны ночы. Каб не было скаргаў на трох аркушах дробным почыркам ад бацькоў. Што нам даражэй — выкананьне распараджэньняў выканкаму ці здароўе дзяцей?”

Сытуацыя з ацяпленьнем вендраскай школы стала вядомая акурат пасьля таго, як афіцыйныя крыніцы паведамілі пра дасягненьні адукацыйных устаноў рэгіёну ў эканоміі паліўна-энэргетычных рэсурсаў:

“Забясьпечвалася ўкараненьне энэргазьберагальных мерапрыемстваў. У выніку было зэканомлена амаль чатыры мільярды рублёў бюджэтных сродкаў”.

Пра тое, якім коштам дасягнута эканомія, афіцыйныя крыніцы прамаўчалі. Вядома, аднак, што магілёўскія школы ўсё роўна ня выканалі даведзенага 19-працэнтнага пляну эканоміі рэсурсаў.

Холад у памяшканьнях, старыя будынкі, зношаныя сыстэмы ацяпленьня — такая карціна тыповая для многіх беларускіх школ. У цяперашнюю зіму на Гомельшчыне і Віцебшчыне ў школьных будынках адбыліся пажары. Не абышлося без ахвяраў. У вёсцы Славені Талачынскага раёну ў агні загінуў 47-гадовы школьны вартаўнік.

На пытаньні аб прычынах такога становішча адказваюць дзяржаўныя і незалежныя спэцыялісты.

На Берасьцейшчыне ў моцныя маразы былі зачыненыя 28 вясковых школ, у прыватнасьці ў Пружанскім, Бярозаўскім, Драгічынскім і Маларыцкім раёнах. Кіраўнікі адукацыі аддалі загад не распальваць тут печы, каб засьцерагчы будынкі ад магчымых пажараў.

Асаблівасьці берасьцейскай сытуацыі тлумачыць былы першы намесьнік старшыні абласнога аддзелу адукацыі Мікалай Кныш:

«Да прыкладу, кацельня калгаса ацяпляе будынак канторы, клюб, школу і дзіцячы садок. У калгаса грошай няма, а сеткі ацяпляльныя — старыя-старыя, зношаныя. Калі ў школы свая кацельня, то, як правіла, яна не разьлічаная на працу ў такія вялікія маразы. Увогуле, пакуль мы ня будзем мець годныя школьныя будынкі, дастатковае фінансаваньне на іх абслугоўваньне, то будуць і праблемы. Гэта зьвёны аднаго ланцуга».

Калі ў школы свая кацельня, то, як правіла, яна не разьлічаная на працу ў такія вялікія маразы.
У Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў паведамілі, што сёлета нарэшце беларускія школы пазбавяцца апошніх шасьці кацельняў, якія працуюць у падвалах будынкаў. Гэтыя старыя кацельні — найбольш небясьпечныя, бо ня маюць ніякай аўтаматыкі, а печы й трубы аджылі сваё.

Таксама прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі паведаміў «Свабодзе», што выратавальнікі ў ацяпляльны сэзон аддаюць асаблівую ўвагу школьным кацельням.

«Нашы спэцыялісты пры праверцы дзейнічаюць у рамках заканадаўства. Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі — які тып будынка школы, асаблівасьці яго абагрэву. Вядома, печкі ў школе становяць асаблівую небясьпеку. Пры іх — найбольшая рызыка выклікаць надзвычайную сытуацыю».

На поўначы Беларусі — на Віцебшчыне зараз фіксуюцца найбольш нізкія тэмпэратуры ў школьных клясах. Разважае Леанід Гаравы, які больш за дзесяць гадоў быў дырэктарам школы:

«Дровы для кацельні на ацяпленьне — складаныя пытаньні. Настаўнікі, якія нанятыя паводле кантракту, звычайна не ўзьнімаюць іх, нават калі ў будынках школ умовы не адпавядаюць санітарным патрабаваньням. Асьцерагаюцца. Бо, як той казаў, змагацца сабе даражэй. Проста спадзяюцца перачакаць час, дажыць да новай вясны.

Увогуле якіх-небудзь патрабаваньняў школы не выстаўляюць. Здараецца, хіба, што бацькі скардзяцца ўладам, што ў школах дзеці замярзаюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG