Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МВФ пампуе ў Беларусь грошы, якія ідуць не на рэформы”


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

3 лютага пачала працу ў Менску чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Місія падвядзе вынікі выкананьня беларускімі ўладамі праграмы stand-by, і адкарэктуе макраэканамічны прагноз для Беларусі, у тым ліку з улікам зьмяненьня цэнаў на імпарт нафты. Ці можна прагназаваць, што на гэты раз у перамовах паміж афіцыйным Менскам і МВФ можа зьявіцца больш напружаных момантаў? Як МВФ можа ацаніць жаданьне падвысіць заробак да 500 даляраў, а таксама намер павялічыць крэдытаваньне эканомікі на 40 працэнтаў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.

Цыганкоў: Апошні час Беларусь мае выдатнае супрацоўніцтва з МВФ. Але выглядае, што гэта місія можа мець трошку больш праблемаў чым звычайна. МВФ, здаецца, хоча даведацца, за кошт чаго беларускія ўлады зьбіраюцца падвышаць заробак да 500 даляраў? Ці ўдасца дасягнуць згоды ў гэтым раўндзе перамоваў?

Раманчук: МВФ стаў чымсьці накшталт Міністэрства эканомікі Беларусі — так глыбока ён ўлез у беларускія праблемы. МВФ, напрыклад, першым заявіў яшчэ напрыканцы восені, што Беларусь выйшла з рэцэсіі.

Беларускі ўрад, аднак, па сутнасьці не адмовіўся ад плянавай эканомікі. І толькі праз замежныя крэдыты і ўнутранае крэдытаваньне былі «намаляваныя» гэтыя 0,2 працэнта росту.

Безумоўна, дыялёг будзе больш жорсткім. Бо беларускі ўрад ня выканаў шэраг вельмі важных рэчаў.
МВФ стаў чымсьці накшталт Міністэрства эканомікі Беларусі.
Ня створанае агенцтва па прыватызацыі, не прыняты закон аб прыватызацыі, Нацбанк ня стаў больш незалежным. Больш за тое, тэмпы росту крэдытаваньня беларускай эканомікі павялічыліся ў канцы 2009 году. А тое, што ў сьнежні была сур’ёзна павялічаная рублёвая маса — гэта сьведчыць, што нават Нацбанк не праводзіць дастаткова жорсткай палітыкі, каб забясьпечыць макраэканамічную стабілізацыю.

Цыганкоў: Паведамляецца, што місія сярод іншага абмяркуе намер уладаў павялічыць сёлета крэдытаваньне эканомікі на 40 працэнтаў. Давайце спрагназуем сытуацыю — калі місія МВФ выкажа нэгатыўнае стаўленьне да гэтых плянаў, што будзе рабіць беларускае кіраўніцтва: адмовіцца ад такіх намераў ці проста праігнаруе меркаваньне МВФ?

Раманчук: Беларускія чыноўнікі ўжо добра навучылася, што рабіць у такой сытуацыі — яны пагаджаюцца з рэкамэндацыямі МВФ, а потым ня робіць. Па сутнасьці, Нацбанк і Савет Міністраў паводзяць сябе так, як раней паводзіў Лукашэнка ў дачыненьнях з Расеяй. Абяцанкі — адно, а рэчаіснасьць — другое.

Тыя паказьнікі, што закладзеныя ў бюджэт і ў асноўныя напрамкі грашовай палітыкі — яны ж таксама праходзілі экспэртызу МВФ. І МВФ кажа — гэта ж дакумэнты ўнутраныя, а мы арыентуемся на мэмарандумы, што падпісала беларускае кіраўніцтва. І калі Пракаповіч і Сідорскі скажуць, што зробяць усё магчымае, каб не павялічваць крэдытаваньне — то МВФ зацьвердзіць апошні транш крэдыту.

А потым МВФ працуе ўжо над новым крэдытам памерам 3 мільярды даляраў. Такім чынам, я бачу, што МВФ па сутнасьці заняў месца Расеі і пампуе грошы ў Беларусь, якія ідуць не на рэформы, а на падтрыманьне цэнтралізаванай плянавай эканомікі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG