Радыё Свабода: Чаму вас так хвалюе лёс гэтай краіны? І якія вашыя ўласныя інтарэсы ва Ўкраіне?
Беразоўскі: На жаль, Украіна цяпер стаіць перад выбарам паміж вельмі кепскім і вельмі кепскім. Гэта ня значыць, што гэта два аднолькавыя ліхі, але абсалютна відавочна, што ні Віктар Януковіч, ні Юлія Цімашэнка, стаўшы прэзыдэнтам Украіны, не разьвяжуць самай галоўнай праблемы – жорсткага процістаяньня дзьвюх частак грамадзтва. Адна – тая, што памкнулася ў будучыню, у цывілізацыю, і другая – якая цягне назад, у барбарства. Гэта не праблема падзелу паводле нацыянальнай прыкметы або на ўсход і захад, а гэта абсалютна розная сыстэма каштоўнасьцяў у дзьвюх вялізных, амаль роўных частак народу. Ніводзін з гэтых прэзыдэнтаў галоўнай задачы – задачы кансалідацыі грамадзтва – ня вырашыць. І таму гэта выбар паміж вельмі кепскім і вельмі кепскім.
Радыё Свабода: Шмат хто гаворыць пра тое, што ва Ўкраіне адбыўся адкат ад ідэяў “аранжавай рэвалюцыі”. Вы згодны з гэтым?
Аранжавая рэвалюцыя” – гэта і ёсьць рух наперад, у цывілізацыю...
Беразоўскі: Я з гэтым абсалютна ня згодны. Трэба сьпярша сказаць, што такое “аранжавая рэвалюцыя”. “Аранжавая рэвалюцыя” – гэта і ёсьць рух наперад, у цывілізацыю. Той балянс, які быў у 2004 годзе, ён, на жаль, у 2009-м практычна такі самы, 50 на 50 прыблізна. Тыя, хто выбірае паміж мінулым і будучыняй. Сапраўды, быў ясны вэктар зьмены гэтай прапорцыі на карысьць тых, хто выбіраў цывілізаванае жыцьцё. Гэта адбывалася адразу пасьля “аранжавай рэвалюцыі”, перамогі дэмакратычных сілаў. Гэта працягвалася, думаю, аж да 2007 году. Зьмяніліся суадносіны прыблізна тры да двух на карысьць цывілізаванага жыцьця. А пасьля чаканьні ня спраўдзіліся. Безумоўна, віна цалкам ляжыць і на Юшчанку, і на Цімашэнку, тут іх разьдзяляць, на жаль, нельга. І таму ў грамадзтве балянс зьмяніўся, прыйшоў да той самай сытуацыі, што была ў 2004 годзе.
Радыё Свабода: У вас ёсьць палітычныя або эканамічныя інтарэсы ва Ўкраіне?
Мой палітычны інтарэс нязьменна з Расеяй і ўсім, што можа дапамагчы Расеі стаць цывілізаванай краінаю...
Беразоўскі: Палітычны інтарэс вялізны, а эканамічнага ніякага, ні бізнэсу, нічога. Гэта ня значыць, што я не хацеў бы займацца бізнэсам ва Ўкраіне, проста ня бачу ніякай магчымасьці для гэтага. А палітычны інтарэс калясальны. Я хачу паўтарыць тыя словы, якія я сказаў у 2004 годзе, і гэтым усё будзе сказана: лёс Расеі вырашаецца ва Ўкраіне. Мой палітычны інтарэс заўжды нязьменна з Расеяй і ўсім, што можа дапамагчы Расеі стаць цывілізаванай краінаю. І таму важна было ў 2004 годзе, каб Украіна зрабіла такі выбар, і яна па сутнасьці цягнула Расею за сабою. І ўвогуле правільна было б ставіць пытаньне аб далучэньні Расеі да Ўкраіны, як у свой час адбылося далучэньне Ўсходняй Нямеччыны да Заходняй Нямеччыны. Але, на жаль, на гэтым этапе мае спадзяваньні ня спраўдзіліся.
Радыё Свабода: У чым палягае цяперашняя расейская палітыка ў адносінах да Ўкраіны? Ці ёсьць у Расеі, скажам так, агенты ўплыву?
Няма важнейшай замежнапалітычнай праблемы для Расеі, чым Украіна...
Беразоўскі: Расейскія інтарэчы калясальныя. Я ўвогуле лічу, што няма важнейшай замежнапалітычнай праблемы для Расеі, чым Украіна. Я ўжо сказаў, што будучыня Расеі вырашаецца ва Ўкраіне, а гэта разумеюць і тыя, хто хацеў бы, каб Расея стала цывілізаванай краінаю, і тыя, якія хочуць, каб яна засталася ў тым барбарстве, у якім цяпер знаходзіцца. Проста гэтым разам усё робіцца больш граматна, я маю на ўвазе дзеяньні расейскіх спэцслужбаў, якія проста наваднілі Ўкраіну. Проста яны паводзяць сябе цішэй, не крычаць, як мінулым разам...
Пуцін ня рве на сабе кашулі, а проста ціха разьвёў, у прыватнасьці, Цімашэнку, супакоіў яе. Стаўка заўжды рабілася на Януковіча, ніякіх сумневаў няма: бандыцкі рэжым у Расеі, натуральна, бачыць у Януковічу свайго. Проста далікатней гэта робіцца. Але гэта зусім ня значыць, што намаганьняў прыкладаецца меней, чым у 2004 годзе. Я лічу, што намаганьняў значна болей, і рэсурс значна большы, проста ўсё гэта ціха, непрыкметна, у тым ліку для Захаду.
Захад чарговым разам пацьвердзіў сваю поўную імпатэнцыю, абсалютнае неразуменьне важнасьці таго, што адбываецца. Я лічу, што гэта ў тысячу разоў больш складана, чым тое, што дзеецца ў Іране, у тысячу разоў больш складана, чым тое, што ўвогуле адбываецца на Блізкім Усходзе, бо тут вырашаецца ня толькі будучыня Расеі, але ўвогуле вырашаецца будучыня каштоўнасьцяў заходніх цывілізацыяў. Вось гэта ключавы пункт, а не Іран.
Цалкам інтэрвію з Барысам Беразоўскім – на сайце Расейскай службы Радыё Свабода.