Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто акажацца меншым злом?


Ва Ўкраіне ўсё яшчэ ідзе падлік галасоў у прэзыдэнцкіх выбарах, але ўжо вядома, што ў другім туры будуць змагацца Віктар Януковіч і Юлія Цімашэнка. Пры 95 працэнтах апрацаваных бюлетэняў зь першага туру, Януковіч набраў 35,4% галасоў, а Цімашэнка — 24,9%. То бок, адрыў паміж імі большы, чым 10 працэнтаў.


Хто стане прэзыдэнтам Украіны?

Мне спадабалася мэтафара аднаго ўкраінскага палітоляга, які сказаў, што гэтыя выбары несумненна выйграе Цімашэнка, у якой "ядзерны рэактар пад белай сукняй", а не Януковіч — "паўсонны і стомлены жыцьцём".

Але ці ў змозе Цімашэнка абагнаць Януковіча?

На першы погляд, Украіна 17 студзеня 2010 галасавала падобна, як і 31 лістапада 2004, калі адбыўся першы тур спаборніцтва паміж Віктарам Януковічам і Віктарам Юшчанкам: усход і поўдзень за Януковіча, а захад за "аранжавага" кандыдата. Але адна розьніца кідаецца адразу ў вочы — у першым туры ў 2004 Януковіч набраў 39,2% галасоў, цяпер — амаль на 4% менш. Выглядае на тое, што электарат Януковіча за апошнія пяць гадоў ня вырас, а магчыма, што і крыху паменшаў. Паказальна, што ў 2004 Януковіч у сваёй роднай Данецкай вобласьці набраў 86% галасоў, а сёлета — 76%!

За кошт якіх галасоў Януковіч і Цімашэнка будуць дабіраць патрэбныя для перамогі працэнты? Зразумела, за кошт тых, якія ў першым туры галасавалі на іншых кандыдатаў: Сяргея Цігіпку (13%), Арсенія Яцэнюка (7%), Віктара Юшчанку (5,5%), Пятра Сіманенку (3,5%), Уладзіміра Літвіна (2,3%).

Пытаньне, як павядуць сябе гэтыя ўжо былыя кандыдаты перад другім турам, можа стаць ключавым для лёсу выбараў. Можна даволі ўпэўнена спрагназаваць, што электарат Сіманенкі, зь ягоным заклікам або і без, прагаласуе за Януковіча. А электарат Яцэнюка — хутчэй за ўсё за Цімашэнку. Як раскладуцца сымпатыі электарату Цігіпкі, Юшчанкі і Літвіна — прадбачыць цяжка. Юшчанка напэўна ня будзе заклікаць сваіх выбаршчыкаў галасаваць ні за Януковіча, ні за Цімашэнку (гэта "крамлёўскія кандыдаты" для яго). Цігіпка, як здаецца, занадта дасьведчаны палітык, каб растрачваць палітычны капітал, які ён набыў у гэтых выбарах, і адназначна ставаць на бок Цімашэнкі або Януковіча. Цігіпку 50 гадоў, і ён мае час, каб пачакаць яшчэ 5 гадоў і узяць удзел у наступнай прэзыдэнцкай гонцы. Электарату Літвіна, нават калі і сам Літвін публічна стане на нейкі бок, яўна замала, каб схіліць шалі выбараў на чыюсьці карысьць.

Карацей, на сёньня вядома толькі тое, што нічога не вядома:) Выйграць можа і Януковіч, і Цімашэнка. Некаторыя ўкраінскія палітолягі і палітычныя камэнтатары цынічна заяўляюць, што ўкраінцы ў другім прэзыдэнцкім туры наогул выбіраюць ня лепшага з двух кандыдатаў, а менш дрэннага. То бок, меншае зло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG