Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шмат засталося камуністычнага ў «Справядлівым сьвеце»?


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Міністэрства юстыцыі 22 студзеня выдала пасьведчаньне аб рэгістрацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Такім чынам, цяпер былая партыі камуністаў на чале зь Сяргеем Калякіным афіцыйна зьмяніла сваю назву. Рашэньне аб перайменаваньні было прынятае 25 кастрычніка мінулага году па выніках галасаваньня на пазачарговым зьезьдзе партыі. Якую палітычную нішу займае Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»? Ці зьяўляецца яна тыповай партыяй левага, сацыял-дэмакратычнага накірунку ці камуністычная спадчына займае істотнае месца ў праграме і дзейнасьці гэтай партыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Рашэньне аб перайменаваньні не далося надта лёгка камуністам. На зьезьдзе партыі супраць гэтага галасавала даволі вялікая колькасьць дэлегатаў. Ці можа новая назва дапамагчы партыі набыць нейкі моцны імпульс, як сьцьвярджаюць яе кіраўнікі? Ці яна дапаможа аб’яднаць левыя сілы Беларусі вакол партыі Калякіна?

Мацкевіч: Я думаю, зьмена назвы зьвязаная ў першую чаргу са зьменай генэрацыі ў партыі — зараз яны больш працуюць з моладзьдзю. А для маладых камуністычная ідэя сама па сябе губляе папулярнасьць. Адмоўны імідж назвы «камуністычная партыя» таксама сказваецца на заахвочваньні моладзі далучацца да гэтай партыі.

Зь іншага боку, левыя ідэі досыць разнастайныя.
Толькі зьмены назвы недастаткова, каб набыць новых прыхільнікаў левай ідэі.
Сярод прыхільнікаў левых ёсьць ня толькі камуністы, але і сацыял-дэмакраты, антыглябалісты, анархісты, іншыя. Таму толькі зьмены назвы недастаткова, каб набыць новых прыхільнікаў левай ідэі.

Цыганкоў: Якую нішу займае зараз Беларуская партыі левых «Справядлівы сьвет» у беларускім палітычным спэктры? Ці яна падобная на традыцыйныя левыя партыі Эўропы ці камуністычная спадчына ўсё ж моцна ў ёй прысутнічае?

Мацкевіч: Калякінская партыя ўжо некалькі гадоў эвалюцыянуе ў бок сацыял-дэмакратычнага накірунку. Гэта ёсьць, і напэўна гэты трэнд застанецца.

Зь іншага боку, на ўсіх беларускіх партыях ёсьць адбітак былой КПСС. Так ці інакш рудымэнты камуністычнага выхаваньня адбіваюцца амаль на ўсіх партыях — структуры, падыход да вырашэньня партыйных праблем цягнуцца з мінулага.

Цыганкоў: Калі толькі зьявілася ідэя зьмены назвы, аналітыкі шмат разважалі пра тое, ці зроблена гэта з стратэгічнымі мэтамі альбо дзеля найбліжэйшых прэзыдэнцкіх выбараў?

Мацкевіч: Калі разглядаць сэнс гэтых пераменаў, то гэта робіцца, натуральна, з думкай пра будучыню. Бо ўсе разумеюць, што ў сёньняшнім становішчы, што б не рабіць — няма ніякіх чароўных крокаў, якія б дазволілі неяк імгненна ажывіць партыю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG