Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лацінка – мова маёй душы”


Сёньня распачынаецца тыдзень беларускай лацінкі. Гэтую акцыю ўжо трэці год запар з 21 да 27 студзеня абвяшчае група прыхільнікаў лацінскай графічнай сыстэмы беларускай мовы.

Адзін зь ініцыятараў акцыі Андрэй Нікалаеў кажа, што яе пачатак 21 студзеня гістарычна нічым не падмацаваны. Але паколькі і першы, і другі Тыдзень беларускай лацінкі распачыналіся менавіта ў гэты дзень, то ініцыятары лічаць, што трэба і надалей замацоўваць яго ў грамадзкай сьвядомасьці. Дзеля гэтага яны заклікаюць паслугоўвацца на пісьме ў гэты пэрыяд лацінскай графічнай сыстэмай як мага часьцей.

Паводле словаў спадара Нікалаева, гэтая ініцыятыва ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў:

“Ліга Манархічная Вялікага княства Літоўскага” вельмі падтрымлівае гэтую справу. Ёсьць суполка “Лацінка” ў Жывым Журнале, ёсьць сайт Łacinka.org – яны таксама прасоўваюць гэтую ідэю. З мовазнаўцаў, ведаю, Зьміцер Саўка вельмі пазытыўна ставіцца да гэтай ідэі”.

Першыя дзьве спробы яе прапаганды павялічылі колькасьць карыстальнікаў лацінкі – такую выснову спадар Нікалаеў робіць з уласнага досьведу. Але галоўны посьпех акцыі ён бачыць нават ня ў гэтым:

“Усё меней становіцца людзей агрэсіўна, прычым вельмі агрэсіўна настроеных супраць лацінкі. Вось гэта – галоўнае дасягненьне”.

З 2007 году беларуская лацінка мае афіцыйны статус. Распрацаваны навукоўцамі стандарт беларускай лацінкі зацьверджаны міжнароднай канфэрэнцыяй ААН. Праўда, сфэра яе афіцыйнага ўжываньня абмежаваная толькі перадачай назваў беларускіх геаграфічных аб’ектаў у дакумэнтах. Навукоўцы інстытуту мовазнаўства распрацавалі і адзіны варыянт напісаньня лацінкай беларускіх імёнаў і прозьвішчаў. Але супрацоўнікі пашпартнай службы і ЗАГСаў ёю не карыстаюцца, спасылаючыся на тэхнічныя праблемы.

Прыхільнікі лацінкі лічаць гэтую праблему ў часы ўсеагульнай кампутарызацыі надуманай. Больш за тое, Андрэй Нікалаеў перакананы, што ў беларускіх школах для агульнага ўзроўню адукаванасьці і практычных мэтаў трэба вывучаць правілы абодвух графічных сыстэмаў, незалежна ад жаданьня вучняў:

“Будуць яны ёю паслугоўвацца ці не, як і беларускай мовай цяпер, - гэта ўжо іх справа. Можа пройдзе дваццаць гадоў і яны ўзгадаюць гэтыя веды і стануць іх скарыстоўваць”.

Для самога ж спадара Нікалаева беларуская лацінка мае цяпер ня толькі практычны сэнс.

“Зь людзьмі, якія разумеюць лацінку, я амаль што заўжды паслугуюся лацінкай, бо гэта – правапіс маёй душы. І мне хацелася б, каб ён быў як мага болей пашыраны”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG